Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: лідэр апазыцыі мусіць даказаць сваё лідэрства на вулічных акцыях


Любоў Лунёва, Менск Cябры Каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі” прынялі зварот да лідэраў палітычных партыяў і рухаў. Яны патрабуюць выпрацаваць праграму сумесных дзеяньняў і ўзяць на сябе адказнасьць за правядзеньне вулічных акцыяў у часе выбарчай кампаніі.

Сябры каардынацыйнага камітэту “Эўрапейскай кааліцыі” прынялі зварот, у якім патрабуюць, каб беларускія ўлады спынілі перасьлед моладзі. Гэта стала рэакцыяй на масавыя затрыманьні й арышты, якія адбываюцца апошні месяц. Апроч таго, “Эўрапейская кааліцыя” заклікала лідэраў партыяў і прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах пасьля заканчэньня галасаваньня 19 сакавіка правесьці сустрэчу з выбаршчыкамі.

У “Эўрапейскую кааліцыю” ўваходзяць чатыры палітычныя партыі, аб’яднаньне прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” і “Малады фронт”. Кааліцыя мае чатыры галасы ў Палітычнай Радзе дэмсілаў. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Эўрапейская кааліцыя” канстатуе, што выбары, гледзячы на пачатак гэтай кампаніі, ужо пераўтварыліся ў фарс. Ілюзіяў няма. Таму няма іншага выйсьця, як зьвярнуцца да прамой народнай дэмакратыі. Таму “Эўрапейская кааліцыя” зьвернецца сёньня ў Палітычную раду з заклікам прызначыць нейкае канкрэтнае месца збору выбаршчыкаў 19 сакавіка а 20-й гадзіне”.

Мікола Статкевіч заявіў, што надышоў час, калі лідэры апазыцыі мусяць пацьвердзіць сваё лідэрства.

(Статкевіч: ) “Выступаем за захаваньне агульнай кааліцыі, нягледзячы на вынік гэтай так званай выбарчай кампаніі. Мы гатовыя падтрымаць прэтэнзіі на лідэрства ў гэтай кааліцыі толькі тых палітыкаў, якія дакажуць сваё лідэрства вечарам 19 сакавіка”.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч дадаў:

(Дашкевіч: ) “Часу да прэзыдэнцкіх выараў застаецца мала. З кожным днём ціск на беларускую моладзь узмацняецца. Вельмі шкада, што ў такой сытуацыі, за месяц да прэзыдэнцкіх выбараў палітычныя лідэры ня вызначыліся ні з датай, ні з часам, ні зь месцам акцыі, якая абароніць сапраўдныя вынікі выбараў. Не ўзялі на сябе адказнасьці ў лёсавызначальны час у Беларусі. Тое, што пасьля выбараў людзі выходзяць на вуліцу і там чакаюць вынікаў галасаваньня — распаўсюджваная ва ўсім сьвеце практыка. Нічога крымінальнага ў гэтым няма”.

Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што 16 лютага сябры розных моладзевых рухаў выйдуць падтрымаць сем’і зьніклых і палітвязьняў. Яны будуць трымаць і партрэты сваіх сяброў, якія знаходзяцца за кратамі.

Два актывісты “Маладога фронту” знаходзяцца ў сьледчым ізалятары — Зьміцер Касьпяровіч за спробу замяніць дзяржаўны сьцяг на будынку Менгарвыканкаму і Артур Фінькевіч за графіці палітычнага зьместу. На двух сяброў моладзевага руху “Зубр”, Зьмітра Зубра і Аляксандра Казакова, заведзены крымінальныя справы. Абодва яны знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд.

* * *

“Эўрапейская кааліцыя” была заснавана ў 2003 годзе з мэтай спрыяньня інтэграцыі Беларусі ў краіны Эўразьвязу. У кааліцыю ўвайшлі тры незарэгістраваныя партыі — БСДП “Народная Грамада”, “Малады фронт”, “Партыя свабоды і прагрэсу” — і зарэгістраваная жаночая партыя “Надзея”. Апроч таго, у “Эўрапейскую кааліцыю” ўвайшлі некалькі недзяржаўных арганізацыяў, сярод якіх аб’яднаньне прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, “Жаночая ліга” і “Эўрапейскі рух”.

Два каардынатара кааліцыі Мікола Статкевіч і Павал Севярынец адбываюць пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG