Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы прайшла акцыя салідарнасьці з арыштаваным "зубром" (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве, каля амбасады Беларусі адбылася акцыя салідарнасьці з затрыманымі актывістамі моладзевага руху "Зубр" і арыштаванага на 15 сутак Яўгена Афнагеля.

Нягледзячы на моцны сьнегапад, да амбасады Беларусі прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек зь бел-чыровна-белымі беларускімі і бела-чырвонымі польскімі сьцягамі. Прысутныя трымалі ў руках зьнічы і здымкі Яўгена Афнагеля, якому беларускія ўлады прысудзілі 15 сутак арышту.

Гаворыць Яцэк Кастэлянец з ініцыятывы "Свабодная Беларусь":

(Кастэлянец: ) "Сёньняшні пікет – гэта пратэст супраць затрыманьня ў Менску актывістаў руху "Зубр". Дайшло да таго, што ў Беларусі затрымліваюць і караюць ужо не за ўдзел у нейкай акцыі, а нават за падрыхтоўку да яе. Мы станоўча пратэстуем супраць такога стаўленьня ўладаў да людзей!"

Удзельнікі акцыі, а сярод іх быў і былы мэр Варшавы Марцін Сьвеньціцкі, скандавалі "Свабоду Беларусі!", "Беларусь – так! Лукашэнка – не!", "Мы салідарныя зь Беларусьсю!"

(Цялежнікаў: ) "Гэта з аднаго боку пратэст, а з другога – падтрымка Яўгену Афнагелю, які сядзіць цяпер на Акрэсьціна. Нельга мірыцца з тым, што ў Беларусі парушаюцца ўжо самыя падставовыя правы чалавека – нельга стаяць на вуліцы ў цэнтры, гэта ж абсурд!", – сказаў Антось Цялежнікаў, старшыня Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі.

На дрэвах каля будынку беларускай амбасады былі прылепленыя здымкі Яўгена Афнагеля разам з джынсавымі стужкамі.

У часе акцыі ў амбасаду ўвайшлі некалькі чалавек, запалілася сьвятло ў адным з вокнаў. Удзельнікі пікету, аднак, вырашылі не перадаваць у пасольства ніякага звароту ці ліста, бо, паводле іхных словаў, "гэта папросту ня мае сэнсу".

Фотарэпартаж







Гл. таксама • Яўгена Афнагеля арыштавалі на 15 сутак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG