Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьвяткуюць дзень закаханых жонкі Мілінкевіча, Казуліна, Гайдукевіча?


Радыё Свабода Сёньня – Дзень Сьвятога Валянціна, які шмат у якіх краінах сьвету адзначаюць, як сьвята закаханых. У Беларусі гэтае cьвята адзначаць пачалі параўнальна нядаўна – гадоў 15 таму. Шырокую вядомасьць гэты дзень атрымаў і дзякуючы апазыцыйнай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”, якая пачала ладзіць на яго вулічныя маніфэстацыі пад лёзунгамі "Беларусь у Эўропу!", "Любові! Свабоды! Пераменаў!" Часта такія акцыі заканчваліся масавымі затрыманьнямі. Што будзе сёньня, пакуль дакладна невядома. Нашая карэспандэнтка пагутарыла з жонкамі патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, кожны зь якіх абяцае прынесьці ў Беларусь перамены, і, адпаведна, пазбавіць сьвята каханьня палітычнага падтэксту.

Жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей кажа: у іхнай сям''і гадоў 10 ўжо адзначаецца Дзень сьвятога Валянціна.

(Кулей: ) "Звычайна гэта проста знакі ўвагі. Гэта можа быць "валянцінка". Калі было крыху больш часу, то сваімі рукамі зробленая. А сёньня часьцей за ўсё гэта нешта пакупное, але нязвыклае, сьмешнае, прыемнае. Могуць быць мяккія забаўкі. Напрыклад, такое сэрцайка Аляксандар мне падараваў некалькі гадоў таму: калі пацягнеш за дроцік, яно скача па стале і трымціць, і там напісана "Маё сэрца так грукае моцна". З сынамі таксама абменьваемся такімі падаруначкамі. Ну а кветкі -- безумоўна, таму што кветкі -- гэта дадатак, альбо, наадварот, самае галоўнае ў такі дзень".

А вось што апавяла жонка Аляксандра Казуліна, Ірына:

(Казуліна: ) "Раней мы не сьвяткавалі гэты дзень, у нас быў Дзень 8 сакавіка. А цяпер адзначаем. Але не якімі-небудзь падарункамі каштоўнымі, а менавіта сэрцайкамі. Муж ідзе на трэніроўку, я заўсёды стараюся закінуць яму ў сумку што-небудзь ў выглядзе сэрца: цукерку ці яшчэ што. А ён заўсёды дорыць кветкі, і ня толькі 14 лютага ці 8 сакавіка. Раз у месяц, а летам і часьцей атрымліваю кветкі".

Знайсьці жонку Сяргея Гайдукевіча аказалася справай нялёгкай – сам прэтэндэнт заявіў мне, што да афіцыйнай рэгістрацыі інтэрвію не дае... Па даведцы мы знайшлі некалькі тэлефонаў, зарэгістраваных на імя “Ала Гайдукевіч”. Праўда, імя па бацьку ў іх розныя…

(Карэспандэнтка: ) “Ала Аляксееўна? Радыё Свабода турбуе. Што мужчына дорыць вам на Дзень Сьвятога Валянціна, якія знакі ўвагі муж выказвае?”

(Голас: ) “Сувэніры дорыць, сабачка быў з сардэчкам, коцік з кветачкай. Рознае…”

(Карэспандэнтка: ) Вы выпадкова ня жонка кандыдата ў прэзыдэнты Гайдукевіча?

(Голас: ) “Не, я цёзка…” (сьмех)

(Карэспандэнтка: ) “Алё, Ала Леанідаўна? Ці дораць вам муж якія-небудзь падарункі, ці віншуе са сьвятам?”

(Голас: ) “Канечне. Дораць кветкі і падарункі. Звычайна тое, што я замаўляю загадзя”.

(Карэспандэнтка: ) “А на гэта сьвята нешта замовілі?”

(Голас: ) “Замовіла, але гэта сакрэт”.

(Карэспандэнтка: ) “А ваш муж выпадкова не кандыдат у прэзыдэнты?”

(Голас: ) “Не, я не замужам”.

І толькі потым я выпадкова трапіла на сапраўдную жонку Сяргея Гайдукевіча – Алу Паўлаўну.

(Карэспандэнтка: ) “Ала Паўлаўна, ці віншуе муж вас са сьвятам і ці дорыць нейкія падарункі?”

(Голас: ) “Выбачайце, але я інтэрвію не даю”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму?”

(Голас: ) “Ёсьць пэўныя правілы, якія я павінна выконваць”.

Да першай лэдзі краіны, Галіны Лукашэнкі, якая жыве і працуе ў Шклове, дазваніцца не ўдалося…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG