Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які лёс хатніх кампутарных сетак ў Беларусі?


Радыё Свабода Сёньня – тыдзень як Міністэрства сувязі пачало праверку камунікацыяў хатніх кампутарных сетак ў Менску. Дзяржаўныя тэлеканалы абвясьцілі пра тое, што ўсе сеткі будуць ліквідаваныя. Прадстаўнік прадпрыемства “Менскія гарадзкія тэлефонныя сеткі” заявілі: карныя меры будуць датычыць толькі самаробных камунікацыяў, праведзеных пад зямлёю. Як выглядае сытуацыя на сёньня?

Галоўны інжынэр “Менскіх гарадзкіх тэлефонных сетак” (МГТС) Сяргей Папкоў патлумачыў, што пакуль пад зямлёю несанкцыяваных камунікацыяў ня выяўлена:

(Папкоў:) “Вынікаў аніякіх, кабелі мы пакуль ня выявілі. Усё”.

Лякальныя сеткі атрымалі разьвіцьцё некалькі гадоў таму, калі суседзі па пад’ездах і дамах пачалі саматужна злучаць свае кампутары. Але цяпер ужо ў некаторых мікрараёнах сотні людзей маюць агульны доступ да супольных сэрвэраў.

Апрача абмену інфармацыяй і файламі ўнутры сваёй лякальнай сеткі, гэтыя карыстальнікі звычайна купляюць хуткі зьнешні канал для выхаду ў інтэрнэт, якім могуць карыстацца ўсе ўдзельнікі лякальнай сеткі, што значна зьніжае кошт карыстаньня інтэрнэтам.

У беларускіх мэдыях выказваліся вэрсіі, што наступам на хатнія сеткі ўлады перад выбарамі хочуць абмежаваць колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту.

Я зьвярнуўся па камэнтар да ўладальніка інтэрнэт-парталу TUT.BY Юрыя Зісера. Спадар Зісер мяркуе, што для кантролю над інтэрнэтам існуюць больш эфэктыўныя тэхналёгіі. Напрыклад, ёсьць спэцыяльныя праграмы для блякаваньня інтэрнэт-трафіку тыпу “фаерўол” (“firewall”), якія шырока ўжываюцца ў сьвеце, у тым ліку ў Кітаі, дзе вядзецца цэнзура палітычных сайтаў.

(Зісер: ) “Гэты фільтар – фаервол – рэагуе на пэўныя ключавыя словы, і фільтруе. Як толькі чалавек заходзіць на такія сайты, у яго адразу адключаецца інтэрнэт, і яго бяруць на заметку”.

У МГТС тлумачаць, што ладзяць праверку хатніх сетак, толькі каб высьветліць, ці не замінаюць яны асноўным лініям камунікацыі. Тыя, хто прапануе паслугі хатніх сетак гатовыя да магчымай ліквідацыі надземных кабэляў:

(Спадар: ) “У такім выпадку мы будзем інакш вырашаць праблему: не праз дрот, а праз радыё”.

Для гэтых мэтаў можа быць выкарыстаная новая тэхналёгія бяздротавай сувязі Wi-Fi.

Юры Зісер мяркуе, што з сытуацыі можна выйсьці наступным чынам:

(Зісер: ) “Проста выдаць пэўныя правілы, па якіх такія сеткі пракладваюцца. І каб пры далучэньні да хатніх сетак гэтая справа неяк правяралася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG