Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наш прэзыдэнт – гэта чалавек №1"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 13 лютага. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Віктар Буто, Менск: ) “Пра выбары прэзыдэнта. Правядзеньне свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі немагчыма нават толькі з-за існуючага датэрміновага галасаваньня. Пры датэрміновым галасаваньні каля 12 гадзін выбарчыя ўчасткі знаходзяцца без назіраньня з боку назіральнікаў. А на датэрміновае галасаваньне прымушае ісьці галасаваць выканаўчая ўлада празь іх прадстаўнікоў, якія ў адной асобе прадстаўляюць адміністрацыю, работадаўца ці наймальнік, якія маюць усё неабходнае для ажыцьцяўленьня незаконных звальненьняў з працы і іншых ня менш цяжкіх крымінальных злачынстваў за непаслухмянасьць, якое ўстройвае крамлёўскіх і іншых расейскіх палітыкаў”.

(Спадар: ) “Я лічу, што дэмакратыя будзе толькі пасьля таго, калі ў кожнага дэмакрата будзе на стале Біблія. Гэта першая кніга, якая павінна знаходзіцца ў хаце. І другая кніга – гэта Кодэкс Рэспублікі Беларусь. Як толькі гэтыя дзьве кнігі зьявяцца ў хаце дэмакрата, мы зможам зразумець сапраўдную дэмакратыю”.

(Спадар: ) “Я працую вартаўніком і слухаю вашыя перадачы. І яны акрамя абурэньня і агіднасьці на палітычныя тэмы нічога ў мяне не адзначаюць. Як гэта ўчора вы казалі: “Паехаў Качыньскі ў Вашынгтон да Буша абмяркоўваць становішча ў Беларусі”. Хай Качыньскі ў сябе ў Польшчы больш паклапоціцца аб сваіх бамжах і беспрацоўных, а не аб становішчы ў Беларусі!

Другое. Вы любіце ўсё зьбіраць супраць нашага прэзыдэнта. А наш прэзыдэнт – гэта чалавек №1. Мы яго ўсе паважаем за яго працу і яго вялікае намаганьне, каб нашая Беларусь хутчэй стала лепшай і квітнеючай. Але вы гэта не дазваляеце ёй рабіць, бо вы пагражаеце разам з амэрыканцамі. Вы зьяўляецеся іх наймітамі і праводзіце іхнюю палітыку, бо гэтая палітыка накіраваная супроць Беларусі, хаця б і яна нікому не пагражала, а амэрыканцы нам пагражаюць. І, я мяркую, што наш прэзыдэнт дапусьціў нейкую памылку, калі ён вярнуў атамную зброю назад у Расею. Вось калі б яна была ў нас на месцы ды гэтыя ўстаноўкі былі мабільнымі, дык і амэрыканцы б сябе лепей адчувалі. А то замахаліся на нашую родную Беларусь. І гэтыя выбары пакажуць, хто ўсё ж такі ёсьць тут сапраўдны гаспадар і хто добра клапоціцца пра свой народ! Вось так, гаспадары!”

(Спадарыня, Ліда: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Самага найлепшага вам у вашай працы!”

(Мікалай Пятровіч, Салігорск: ) “Радыё Свабода! Тэлефаную вам ужо трэці раз, але чамусьці вы не адказалі на маё пытаньне. Калі Мілінкевіч быў у Германіі, выступаючы перад журналістамі на брыфінгу, сказаў, што Лукашэнка падтрымлівае тэрарызм. А калі Лукашэнка падтрымлівае тэрарызм, то, значыць, і Беларусь, ён жа яе ўзначальвае. Як вы не патлумачыце яго выступленьне? І як такі чалавек, які топча сваю краіну ў граз, можа ісьці да ўлады. Што ён добрага дасьць народу? Адкажыце, калі ласка”.

(Анастас Семяновіч: ) “Хачу адказаць таварышу Лукашэнку на вынік выбараў. У мяне пытаньне да вас, таварыш Лукашэнка. Да якога часу вы будзеце лічыць беларускі народ дурным? Хто вам даў такое права? Вы цудоўна ведаеце, што ўсе выбары і рэфэрэндумы пасьля 1994-га году былі фальсыфікаваныя. Сёньня, калі б былі сумленныя выбары, за вас максымум прагаласавала б 20-30 адсоткаў выбаршчыкаў. Зараз нават калгасьнікі і тыя супраць вас. І яны мне пры гутарцы задаюць пытаньне: “Да якога часу будзе хлусіць таварыш Лукашэнка?” Я ім адказваю: Вы раней галасавалі за яго – пажынайце плады свае.

Чаму практычна ва ўсіх камісіях няма прадстаўніка ад апазыцыі? Праўда, сакратар выбаркаму кажа нам, што патрэбныя людзі, якія маюць практыку падліку галасоў. Так, і ён “мае рацыю”, бо сумленныя людзі ні за якія рублі прадавацца ня будуць, таму іх і не ўключаюць”.

(Спадар: ) “Некаторыя кажуць, што за Лукашэнку ўсе пэнсіянэры. Гэта няпраўда! Ня ўсе пэнсіянэры авечкі і бараны, па-першае. Па-другое, ня ўсе пэнсіянэры сьляпыя, ня ўсе пэнсіянэры не ўмеюць чытаць. Ёсьць пэнсіянэры, якія чытаюць газэты і слухаюць “Свабоду”.

(Аляксандар, Горадня: ) “Паважаная “Свабода”! Былі такія зьвесткі, што ў 1994 годзе ў Беларусі зьбіраліся ўвесьці сваю грашовую валюту пад назвай “талер”. Гэтыя грошы ўжо былі надрукаваныя ў Нямеччыне і прывезеныя ў Беларусь. Але прыход да ўлады Лукашэнкі не дазволіў гэта зрабіць. Скажыце, гэта праўда ці не?”

(Віктар Буто: ) “Аб нэгатыўных фактарах, якія Менск і Беларусь ператварылі ў больш небясьпечныя ў Эўропе і сьвеце для пражываньня, аб прадажнасьці. Прадажнасьць была ў Беларусі, калі існаваў Савецкі Саюз, але былі скромныя ў параўнаньні з тымі, якія зьявіліся, калі выканаўчая ўлада атрымала незалежнасьць і права камуністычнай улады. Вызваліўшыся ад усіх партыйных абавязкаў і абавязкаў перад грамадзянінам Беларусі, выканаўчая ўлада купляе па аднаму і ў цэлым, то бок дэпутатаў, чыноўнікаў, ад мэдсястры да міністра аховы здароўя. Іх купляюць за магчымасьць працаваць па прафэсіі, за зробленыя памылкі, за ўчыненыя крымінальныя злачынствы, з-за невялікія грашовыя ўзнагароды з гарадзкіх ці рэспубліканскіх бюджэтаў і за іншае, то бок за рознага роду хабар. Таму вельмі небясьпечна зьвяртацца да службовай ці іншай асобы дзяржаўнай установы грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, бо мэдыцынскі работнік, судзьдзя альбо хто-небудзь іншы пры ўчыненьні грубейшых памылак ці крымінальнага злачынства над тым, хто зьвярнуўся, адказнасьці не нясе, адказваць цалкам будзе толькі пацярпеўшы”.

(Калянда Віктар: ) “Сёньня ў нядзелю раніцай хацеў паслухаць “Свабоду”, але працаваў нейкі генэратар. Прашу вас пазваніць па нумару…, калі ў вас будзе жаданьне, бо ёсьць праблемы з прыёмам”.

(Спадар: ) “Чула выказваньне аднаго слухача-пэнсіянэра, які ўжо падлічыў галасы за Лукашэнку. Па яго выказваньню ўсе пэнсіянэры прагаласуюць за Лукашэнку. У адказ на гэтае меркаваньне я хачу сказаць, што ня ўсе пэнсіянэры такія тугадумы.

Нам з мужам ужо восем дзесяткаў гадоў. І мы ніколі не галасавалі за Лукашэнку і галасаваць ня будзем, таму што ён – вораг усяму беларускаму: мове, літаратуры, гісторыі, культуры і іншаму. Сябры нашай сям’і таксама не зьбіраюцца галасаваць “за”, а гэта пэнсіянэры і іх сем’і. Налічваю каля 50 чалавек.

Таму, паважаны пэнсіянэр, не перакладвайце сваё глупства, якія сядзяць у вашай галаве, на другія галовы! Наконт фальшаваньня пры падлічваньні галасоў я добра ведаю, таму што шмат разоў працавала сакратаром участковых камісіяў”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Я наконт карыкатурнай вайны, якая стала цэнтрам увагі ўсіх СМІ.

Той, хто намаляваў прарока Мухамеда ў выглядзе тэрарыста, на мой погляд, дрэнна выхаваны і вельмі злы чалавек. Вельмі дрэна, што неразборлівыя СМІ дазваляюць ім фігураваць публічна са сваімі ідэямі азлабленьня.

Трэба адзначыць, што бесцырымонны і бесчалавечны тэрарызм атрымаў сваё разьвіцьцё пад ценю мусульманскай рэлігіі – гэта бясспрэчны факт. Але гэта не падстава для няўважлівых адносінаў да ўсіх мусульманаў і іх духоўных каштоўнасьцяў. Але нельга пагадзіцца і з тымі, хто гатовы схіліць сваю сумленную галаву перад насільлем натоўпу, непісьменнага і злоснага.

Сёньняшняе іх абурэньне можна было б зразумець, калі б таксама яны абурыліся пасьля 11 верасьня 2001 году і пайшлі граміць дамы тэрарыстаў і іх натхняльнікаў. Гэта было б безумоўным сьведчаньнем чыстаты іх намераў. Яны ж тады маўчалі, а можа і радаваліся гору няверных! А сёньня дэманструюць сярэднявечча, гатоўнасьць падмяць усіх, хто не такія як яны.

Ня цяжка зразумець, у якім становішчы знаходзяцца добрапрыстойныя мусульмане, знаходзячыся ў эпіцэнтры такога грамадзтва. Яны вымушаны моўчкі чакаць, што скажа альбо зробіць цывілізаваны сьвет. Упэўнены, цывілізаваныя палітыкі павінны дзейнічаць, маючы на ўвазе добрапрыстойных мусульманаў, а не тупы сьвірэпы натоўп”.

(Спадарыня: ) “Накірунак вашай працы ў асноўным датычыцца дзяржавы, палітыкі, палітычных дзеячаў, свабоды слову, дэмакратыі. Добрыя перадачы “Падарожжа”, “Праскі акцэнт”, “Вострая брама”, “Атлянтыда”. Але пажадана, каб сацыяльныя пытаньні часьцей гучалі на радыё.

“Зьвязда” надрукавала радасную вестку: “У Беларусі працуе больш за 50% пэнсіянэраў”. Гэта ж ганьба дзяржаве! У кожнага пэнсіянэра працуючага яшчэ ж утрымліваюць з пэнсіі больш з 1,3 каэфіцыенту заробленай пэнсіі. А што можна купіць за 250 тысяч рублёў? Квартплата – 100 тысяч. 250 – 100 = 150. Вось і атрымліваецца 150 тысяч на 30 дзён, 5 тысяч на дзень. Жывуць людзі на грані выжываньня! Не палю, ня п''ю, адзін раз у жыцьці была ў санаторыі, атрымліваю некалькі газэт – уся радасьць; не згадаю, калі была ў тэатры і кіно, вопратку верхнюю даўно не купляю. Добра, што дзьве дачкі, дык нешта ад іх перападае. А ўрад хваліцца, што ў нас заробак у 8 зь нечым разоў падвысіўся! А калі чалавек атрымлівае 600 тысяч і ў яго двое дзетак, як ён можа пражыць?

Я чула ў вас перадачу, як скардзілася жонка Скрабца, што няма на што вучыць дачок, наняць рэпэтытара. Я яе цалкам разумею. А нас запрашаюць яшчэ ў Сілічы, каб мы паехалі адпачываць. На сям’ю з чатырох чалавек там трэба патраціць увесь заробак за месяц! А як далей жыць? Чым хаваць здаровае жыцьцё, калі немагчыма ні агародніны, ні фруктаў набыць, а толькі цешыцца, што адпачыў у Сілічах?

Трэба казаць пра гэта часьцей, можа ўлады сапраўды паклапоцяцца пра людзей і падвысяць ім заробкі і пэнсіі”.

(Спадар: ) “Паважаны спадар Дракахруст і рэдакцыя “Свабоды”! Сёньня слухаў разважаньні Юрыя Дракахруста, Валеркі Булгакава і нейкай спадарыні Алены Агапавай ці Агапкінай (прашу прабачэньня, ня надта добра працуе радыё). Пра перадачу хачу сказаць, што калі запрашаеце каго, то хаця б гэта быў дасьведчаны чалавек. Паслухайце гэту перадачу яшчэ раз. Спадарыня Агапава казала літаральную бязглузьдзіцу, што падчас прыходу Ісуса Хрыста стары запавет перажыў сябе і патрэбна было ўвядзеньне новай маралі.

Ні Новы Запавет, ні Ісус Хрыстос новай маралі не ўвёў. Ён змагаўся супроць крывадушнасьці, супраць фарысэйства і г.д. Гэта элемэнтарныя рэчы. І калі чалавек з такім узроўнем удзельнічае ў перадачы, то робіцца ад гэтага вельмі сумна. І ніхто з апанэнтаў нават пра гэта не сказаў. Сумна вельмі і балюча за “Свабоду”.

(Пэнсіянэрка: ) “Віншую каманду тэнісістаў зь перамогай! Віват, каралі, віват!”

(Спадар: ) “Ці не маглі б вы даць тлумачэньне нядаўна слова “мінакі”, якое нядаўна зьявілася. Я ўжо здагадваюся, што яно азначае, але цікава, адкуль яно зьявілася, якое яго паходжаньне.

І другое пытаньне. Дайце, калі ласка, тлумачэньне такой зьяве. Калі выява прарока Мухамеда ўвогуле забаронена ў мусульманскім сьвеце, то як тады мусульмане “здагадаліся”, што на сумнавядомых карыкатурах менавіта іх прарок Мухамед?”

(Спадарыня: ) “Паглядзела цалкам два канцэрты “За Беларусь!” Прызнаюся, мяне бралі дрыжыкі ад такога канцэрту. Дзе хоць адна песьня аб Беларусі? Амаль усе артысты выходзілі на сцэну напаўголыя, калі іхняе ніжняя бялізна лічылася верхнім адзеньнем. Просьба да прэзыдэнта, каб падкінуў крышку грошаў нашым артыстам, каб яны набылі верхняе адзеньне, каб яны на адказныя канцэрты не выходзілі амаль голымі”.

(Жураўлёў Пятро Міхайлавіч: ) “Вельмі прашу вас, парайце, дзе набыць кнігу спадара Рыгора Барадуліна “Ксты”. З самага першага дня сказаньня на “Свабодзе” пра гэты геніяльны шэдэўр нашага беларускага слову, нашай беларускай паэзіі імкнуся набыць гэтую кнігу, але ўсё безвынікова. Ні ў крамах, ні на сядзібах ТБМ ці БНФ набыць яе ня здолеў. Буду вельмі вам удзячны за дапамогу. Мой тэлефон […]

І яшчэ чуў па “Свабодзе” пра ўзнагароду Сяргея Дубаўца. Хацеў бы пачуць дакладна пра гэтую падзею: калі, хто ўзнагародзіў. Бо праца Сяргея варта самых высокіх узнагарод. Раней ня меў магчымасьці патэлефанаваць. Але зараз шчыра віншую яго!”

(Маісеенка Генадзь: ) “Апошні тыдзень як у Беларусі так і ў сусьвету мяне асабіста выклікаў як жах, так і звычайна сьмех на карыкатуры на Мухамеда і асабліва рэакцыя неадукаваных мусульман на іх (...)”

(Мікола Канаховіч, Пружаны: ) “Мяне цікавіць наступнае пытаньне. Вось ужо дванаццаць гадоў Лукашэнка ўсё гаворыць пра нейкую хаўрусную краіну Беларусі і Расеі. Але так і ніхто дакладна ня ведае, што гэта такое “хаўрусная краіна дзьвюх незалежных дзяржаў”. Бывае хаўрус палітычны, вайсковы, эканамічны дзьвюх і больш краінаў, утвараюцца розныя кааліцыі для супольнага вырашэньня адпаведных задач. Але вось сам выраз “хаўрусная краіна Беларусі і Расеі” наагул незразумела. А можа за гэтым выразам схавана проста кажучы акупацыя Беларусі Расейскай Імпэрыяй?”

(Спадар: ) “Калі Мілінкевіч пачаў наступаць Лукашэнку на хвост, ягоны рэйтынг пачаў павышацца, тады Лукашэнка абвесьці датэрміновыя выбары. А калі Мілінкевіч сабраў больш за 200 тысяч подпісаў, дык ён ужо яму на вушы наступіў! І тады пайшоў на такую хітрасьць: ужо подпісы ў Мілінкевіча несапраўдныя! Гэтым самым ён хоча даказаць, што гэта была фальсыфікацыя, апазыцыю людзі ня любяць і нават у яго Гарадзенскай вобласьці на бацькаўшчыне за яго не падпісваліся. Ну як так можна! З пашпарту запісвалі! Я сам запісваўся, даваў пашпарт і з пашпарту пісалі дадзеныя. Дык што пашпарты несапраўдныя? Гэта абраза Мілінкевічу і ўсёй апазыцыі!”

(Янка Карпейнік: ) “З кожным днём упэўніваюся, што ўдзел у такіх выбарах – гэта шкодна для дэмакратыі, для народу па тых законах, якія зараз не працуюць, нават тая Канстытуцыя, якая ўведзеная Лукашэнкам у 1996-м годзе дазваляе яму назначыць сябе прэзыдэнтам указам ці дэкрэтам і тая парушаецца. Нахабства, падман, абліваньне брудам апазыцыі – не, гэта не дазваляе ўдзельнічаць у выбарах. Калі супрацоўнікаў міністэрстваў прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку, акадэмікаў таксама агітуюць за яго – гэта вельмі шкодна. Але іншага народу няма, і нам трэба спадзявацца толькі на народ. Трэба яго будзіць”.

(Спадарыня: ) “Хачу запытаць у Лукашэнкі. Чаму ён ня хоча сустракацца з дэмакратычнымі кандыдатамі за круглым сталом? Чаму ён адмовіўся ад свайго бацькі, хто ён і дзе жыве? Чаму ён гэта хавае? Колькі ў яго жонак і колькі малых дзяцей? Чаму нідзе не зьяўляецца з жонкай?”

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт дэбатаў. Як паказала апытаньне на вуліцах: людзі хочуць дэбатаў. Гэта законам не забаронена. Лукашэнкам зь Кебічам праводзілі ж дэбаты! Дэбаты паўсюль ёсьць! А то ж Мілінкевіча ніхто і ня ведае. Некаторыя яго бачылі толькі на каляндарыку. Трэба настойваць! Хай кандыдаты патрабуюць дэбаты! Ці хай даюць ім выступіць у “Навінах”, “Панараме”, “Нашых навінах”. Хай зь сёньняшняга дня выступаюць як Лукашэнка!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG