Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cпэцназ затрымаў у цэнтры Менску 22 чалавек


Радыё Свабода Байцы спэцназу міліцыі затрымалі 22 чалавек з моладзевых апазыцыйных рухаў. Гэта адбылося ўвечары на рагу праспэкту Францыска Скарыны і вуліцы Казлова ля крамы “Акіян”. Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну ўзялі ў затрыманых адбіткі пальцаў і зьнялі маладых людзей на відэа "для службовага архіву". Прычынаў затрыманьня нікому не паведамілі. Каля 11-й гадзіны вечара ўсіх адпусьцілі, апроч Яўгена Афнагеля, якога абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Юнакі і дзяўчаты сабраліся ўвечары ў цэнтры Менску, але празь некалькі хвілінаў побач зь імі спыніўся аўтобус спэцназаўцаў і ім прапанавалі паехаць у аддзел міліцыі. Байцы спэцназу і супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну не патлумачылі прычынаў затрыманьня.

Сярод затрыманых ёсьць непоўнагадовыя. У некаторых юнакоў узялі адбіткі пальцаў, а пасьля гэтага адпусьцілі.

Сярод затрыманых актывісты незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Любоў Кучынская, Яўген Афнагель і Павал Юхневіч. Яны некалькі разоў адбывалі пакараньне за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. Мы зьвязаліся з Паўлам Юхневічам па мабільным тэлефоне.

(Юхневіч: ) “Нам не патлумачылі прычынаў затрыманьня. Мы папросту стаялі на вуліцы. Падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і прапанавалі нам прайсьці ў аўтобус. У некаторых зараз здымаюць адбіткі пальцаў. Супрацоўнікі міліцыі паводзяць сябе карэктна, але ў той жа час адмаўляюцца патлумачыць, чаму мы тут знаходзімся. Тут усе ходзяць туды-сюды… Мне пакуль нічога не казалі.”

Прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў "Свабодзе", што апазыцыйная моладзь цягам апошняга месяцу адчула на сабе ўзмоцненую ўвагу сілавых структураў.

(Атрошчанкаў: ) “Гэтыя дзеяньні міліцыі ёсьць зачысткай напярэдадні Дня салідарнасьці 16 чысла. Спэцслужбы актывізаваліся. Самы моцны удар прыпадае на моладзь. Масавыя арышты, перасьлед, крымінальныя справы цягам апошняга месяцу ёсьць доказам гэтага прэсу. Тыя графіці, якія зараз зьяўляюцца ў розных рэгіёнах Беларусі, вельмі нэрвуюць улады. Сёньняшнія затрыманьні ёсьць сьведчаньнем гэтай нэрвовай рэакцыі”.

Міліцыянты склалі пратакол на аднаго з каардынатараў руху “Зубр” Яўгена Афнагеля. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве. 14 лютага Яўгена будуць судзіць ў Доме правасудзьдзя. Яму пагражае пакараньне штрафам, альбо арышт да 15 сутак.

***

23:00: Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну ўзялі ў затрыманых адбіткі пальцаў і зьнялі маладых людзей на відэа "для службовага архіву". Каля 11-й гадзіны вечара ўсіх адпусьцілі, апроч Яўгена Афнагеля, якога абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG