Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму пратэстанцкаму пастару пагражаюць арыштам


Любоў Лунёва, Менск Судовыя выканаўцы патрабуюць, каб пастар суполкі “Беларуская Эвангельская царква” Эрнст Сабіла заплаціў судовы падатак. Летась у жніўні суд зьліквідаваў пратэстанцкую суполку. Судовы працэс ініцыяваў Менгарвыканкам, але плаціць за гэта мусіць пастар зьліквідаванай суполкі.

Эрнст Сабіла абураны дзеяньнямі судовых уладаў. Пастар суполкі “Беларуская эвангельская царква” паведаміў “Свабодзе”, што спачатку яму патэлефанавалі з суду Маскоўскага раёну і параілі тэрмінова заплаціць 127 500 рублёў.

Спадару Сабілу патлумачылі, што ў іншым выпадку вылічаць гэтыя грошы зь ягонай пэнсіі. Сёньня ён атрымаў ліст, у якім яго папярэдзілі, што прыедуць дахаты і апішуць маёмасьць. Дарэчы, за гэтую працэдуру ён таксама мусіць заплаціць дзесяць мінімальных заробкаў. Апроч таго, сталага чалавека папярэдзілі, што могуць арыштаваць на 15 сутак.

Гаворыць пастар Эрнст Сабіла:

(Сабіла: ) “Я ня маю намеру плаціць, бо мая пэнсія вельмі малая, па-першае. Па-другое, паводле закону прадстаўляюць царкву заснавальнікі. Але ж зьявілася прычына пазьдзекавацца, задаволіць свой садызм. Гэта запалохваньне, каб людзі не стваралі пратэстанцкіх цэркваў, каб людзі не адчувалі сябе вольнымі, каб разганяць гэтыя эвангельскія суполкі.”

Пастар Эрнст Сабіла паведаміў, што нягледзячы на юрыдычную ліквідацыю суполкі пратэстанты будуць ладзіць набажэнствы і маліцца.

(Сабіла: ) “Яны ж самі выклікалі мяне ў суд, зладзілі там судзілішча,. зьліквідавалі царкву. Дык яшчэ й заплаці ім за гэты зьдзек. Я колькі буду жыць, ад сваіх хрысьціянскіх перакананьняў не адмоўлюся.

Не адмоўлюся і ад сваёй беларускасьці і буду доўжыць дзейнасьць у накірунку беларускага хрысьціянства. Калі трэба будзе, то пойдзем на любую ахвяру. За Хрыстом пойдзем.

Ніхто ня можа забараніць людзям маліцца. Будзем маліцца па-беларуску, чытаць Біблію па-беларуску, сьпяваць па-беларуску... Такія мы, беларускія хрысьціяне”.

Эрнэста Сабілу ў 1951 годзе за рэлігійныя перакананьні суд прыгаварыў да расстрэлу, але потым, за ягоны актыўны ўдзел у партызанскім руху, замянілі расстрэл на 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Эрнст Сабіла палову гэтага тэрміну правёў у лягерах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG