Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што ў Беларусі становяцца “невыязнымі”?


Ігар Карней, Менск Тыдзень таму пачаў дзейнічаць новы закон аб парадку знаходжаньня ў Беларусі замежных грамадзянаў, які робіць больш жорсткай працэдуры атрыманьня беларускіх візаў і транзыту празь Беларусь, а таксама акрэсьлівае парадак дэпартацыі за невыкананьне гэтых патрабаваньняў. А на якіх падставах “невыязнымі” за мяжу робяцца беларусы? Наш карэспандэнт сустрэўся з асуджаным і затым апраўданым супрацоўнікам праваахоўных органаў, якому спачатку інкрымінавалі крадзеж чалавека, а ўрэшце прысудзілі фінансавых санкцый на 5 мільёнаў даляраў. Пакуль былы міліцыянт іх не выплаціць, шлях за мяжу для яго будзе зачынены.

Больш за пяць мільёнаў даляраў на карысьць дзяржавы мусяць выплаціць былы супрацоўнік праваахоўных органаў Аляксандар Гусак і бізнэсовец Генадзь Логінаў.

Такая сума зьявілася ў крымінальнай справе на падставе экспэртызы “памяці” сканфіскаванага ў Логінава ноўтбуку. Сьледзтва грунтавалася на раздрукоўцы апэрацый “білінгу” – грошай, атрыманых сыстэмай ад кліентаў.

Хоць сума і не была пацьверджаная ніякімі банкавымі дакумэнтамі, а была інфармацыяй для асабістага карыстаньня ўладальнікам кампутара, грошы “салідарна” падзялілі на Гусака і Логінава, якія праходзілі па адной крымінальнай справе. Аднак у выніку бізнэсоўца пасадзілі на 15 гадоў, а Гусак, выйшаўшы на волю пасьля апраўданьня, атрымаў фінансавы “баляст” і забарону на выезд за мяжу.

(Гусак: ) “Элемэнтарнае права на выезд, закладзенае Канстытуцыяй, мне сілавымі структурамі забароненае. Гарадзкі АВІР дазвол на “выезд ва ўсе краіны сьвету” ануляваў адпаведным штампам, хоць падставаў да гэтага няма ніякіх. Парушаны як закон увогуле, так і мае правы ў прыватнасьці. Судзьдзя, на якога спасылаюцца, дае зусім іншы адказ: Гусак не парушае ніводзін з пунктаў закону. На гэты момант я законапаслухмяны грамадзянін, выплачваю суму, акрэсьленую судом. Адзінае маглі, дык гэта зрабіць пазнаку: маючы такую нібыта запазычанасьць перад дзяржавай, я не магу выехаць на пастаяннае месца жыхарства”.

Праблемы ў маёра міліцыі Гусака ўзьніклі тры гады таму. 17 кастрычніка 2002 году ў цэнтры Менску зьнік бізнэсовец Яўген Пятроўскі. Знайшлі яго празь месяц ў Падмаскоўі разам з “ахоўнікамі” – Аляксандрам Логінавым (брат згаданага Генадзя Логінава), вядомым перастрэлкай з хакейным трэнерам Міхаілам Захаравым, і яшчэ двух ягоных “падзельнікаў”.

Усе былі асуджаныя ў Расеі, аднак абмененыя на затрыманых у Беларусі падазраваных у забойстве выдаўца расейскай вэрсіі часопіса “Форбс” Пола Хлебнікава.

Падчас сьледзтва Пятроўскі нібыта пазнаў чалавека, які яго спыніў, паказаўшы пасьведчаньне. Гэта быў маёр міліцыі Аляксандар Гусак. Летась Гусака апраўдалі з-за адсутнасьці фактаў злачынства. Аднак асуджаны ён усё ж быў – “за спрыяньне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці” (праз 10 месяцаў пасьля арышту). Паводле гэтага артыкулу суд патрабуе матэрыяльнай кампэнсацыі на згаданыя мільёны даляраў. Ці можна ўвогуле суму, на думку Гусака, узятай “са столі”, у беларускіх умовах аспрэчыць?

(Гусак: ) “У гэтым якраз уся праблема таго, што адбываецца ў нашай краіне. Я ўсё адчуў на сабе. Нават вы ставіце пытаньне: як я магу ці зьбіраюся даказаць… Я не павінен даказваць, павінны даказаць мне, што я вінаваты і мушу выплаціць такую суму, маючы да яе нейкае дачыненьне. Усе, хто браў матэрыялы справы ў рукі, гавораць: такога ў іх практыцы яшчэ не было. Няма ніякіх падставаў увогуле каму-небудзь высоўваць 5 мільёнаў даляраў, ня кажучы ўжо пра мяне. Усе матэрыялы сьведчаць на тое, што я ня меў ніякага дачыненьня да гэтых злачынстваў”.

Зараз Аляксандар Гусак вядзе актыўнае ліставаньне з вышэйшымі дзяржаўнымі інстанцыямі, каб вярнуць страчаныя правы грамадзяніна Беларусі. Аднак ліставаньне пакуль аднабаковае: на 26 ягоных скаргаў і патрабаваньняў разабрацца ён атрымаў толькі шэсьць дзяжурных “адпісак”.

У немалой ступені выйсьці з-за кратаў Аляксандру Гусаку дапамог тэхнічны прагрэс. Грунтуючыся на кампутарных дадзеных апэратара сотавай сувязі "Velcom", абарона Гусака здолела пераканаць сьледзтва: у момант злачынства падазраваны фізычна ня мог знаходзіцца ў месцы, пра якое казаў пацярпелы. Экспэрт кампэтэнтна патлумачыў, чаму гэтыя раздрукоўкі дакладныя і ня могуць быць падробленымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG