Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мае суседзі-пэнсіянэры нават не здагадваюцца, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Выбарчая кампанія ў Беларусі працягваецца ўжо больш як два месяцы, але праяваў яе ні на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак, ні на старонках газэтаў, ні на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня амаль не відаць. Як вынік, многія грамадзяне Беларусі ня могуць назваць імёнаў палітыкаў, якія прэтэндуюць на прэзыдэнцкую пасаду, а некаторыя нават ня ведаюць, што ў краіне набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Чаму так адбываецца? Нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” даюць уласныя адказы на гэтае пытаньне.

Сёньняшні агляд пошты пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў Усевалад Багарадаў зь Менску. Слухач піша:

“Якая выдатная і бяспройгрышная тактыка абрана Лукашэнкам на гэтых выбарах. Ён разумее, што любая крытыка апанэнтаў была б на іх карысьць. Бо людзі ж не сьляпыя, ведаюць: у ягоных руках уся ўлада, сродкі масавай інфармацыі… Што ён загадае, тое яны і будуць вяшчаць. Пачалі б паліваць брудам Мілінкевіча ды Казуліна — людзі адразу зацікавіліся б гэтымі палітыкамі, сталі б шукаць пра іх праўдзівую інфармацыю А калі нічога не гаварыць, дык ня будзе і цікавасьці. Няма на экранах тэлевізараў ні Мілінкевіча, ні Казуліна — няма і праблемаў для Лукашэнкі.

Увогуле, пра выбары ў Беларусі амаль нічога не паведамляецца. Я нядаўна даведаўся: мае суседзі-пэнсіянэры нават не здагадваюцца, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія. Упэўнены, што ў выніку мноства людзей да 19 сакавіка будуць ведаць імя толькі аднаго кандыдата на пасаду прэзыдэнта. Лукашэнка — таленавіты палітык, і гэта вымушаны прызнаць нават вы — там, на Захадзе. Ён даўно ўсё пралічыў і спрагназаваў. Выбары ён выйграў задоўга да іх пачатку. І, напэўна, справядліва, калі апазыцыйныя канкурэнты нічога гэтага ня бачаць і не разумеюць”.

Няўжо вы, спадар Багарадаў, усур’ёз лічыце гэта праявай палітычнага таленту? А калі ўвогуле забараніць усім мэдыям згадваць імёны апазыцыйных палітыкаў і расказваць пра іх дзейнасьць? А калі ўвесьці крымінальную адказнасьць за любую крытыку ўлады? Калі злачынствам лічыць апазыцыйную ўлётку? Тады ж парамога ўладнага кандыдата будзе яшчэ больш упэўненай і пераканаўчай.

У цывілізаваным сьвеце таленавітымі лічацца тыя палітыкі, якія здольныя заваяваць і ўтрымаць уладу ў справядлівай і сумленнай барацьбе з моцнымі супернікамі. Калі ж палітык прыйшоў да ўлады, выкарыстаўшы дэмакратычныя інстытуты, а потым зь веданьнем справы гэтыя інстытуты зьнішчыў, каб імі не скарысталіся апанэнты — гэткія здольнасьці называюцца не палітычным талентам, спадар Багарадаў, — зусім па-іншаму.

Даўні слухач і аўтар “Свабоды” Ільля Копыл у новым лісьце распавёў пра свае назіраньні за працэсам збору подпісаў, які вялі прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта:

“Я пэнсіянэр, не працую, таму вырашыў чакаць зборшчыкаў подпісу ў сваёй кватэры. Але так нікога і не дачакаўся. Падумалася: як жа могуць адбыцца выбары без майго ўдзелу? Таму вырашыў самастойна шукаць на вуліцах гораду адпаведныя пікеты”.

Далей Ільля Копыл падрабязна апісвае, як знайшоў зборшчыкаў подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, Зянона Пазьняка, Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча. Падпісаўся за двух апошніх.

“Пікетаў за Гайдукевіча, Фралова і Скрабца я нідзе ня ўбачыў, — піша слухач. — За двух першых я б усё роўна не падпісаўся. А вось то тычыцца Скрабца… Пры дапамозе гэтай сваёй акцыі ён, напэўна, спадзяваўся хоць бы часова вырвацца з-за кратаў на свабоду. Дзеля гэтага варта было б паставіць за яго свой подпіс”.

На тое, што і ў Менску, і ў іншых буйных гарадах (ня кажучы ўжо пра райцэнтры ды вёскі) было надзвычай мала выбарчых пікетаў, зьвярнулі ўвагу многія. Самі прэтэндэнты тлумачылі гэта тым, што іх ініцыятыўныя групы вырашылі хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Так, маўляў, можна дасягнуць большага прапагандысцкага эфэкту. Але і ад дзьвярэй да дзьвярэй хадзілі ня надта многія. Ільля Копыл — далёка не адзіны, хто не дачакаўся зборшчыкаў у сваёй кватэры. Па шматкватэрных дамах у густанаселеным менскім мікрараёне, дзе жыву я, ад дзьвярэй да дзьвярэй хадзілі толькі супрацоўнікі райвыканкаму, якія зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. І іншых зборшчыкаў ні я, ні мае суседзі ў сваіх пад’ездах ня бачылі.

Фрагмэнт ліста ад Сымона Булыгі з Баранавічаў — таксама на тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Складваецца такое ўражаньне, што апазыцыя ў нас сама па сабе, а ўлада сама па сабе. Але людзі ўсё ж больш схільныя падтрымліваць уладу. Наша апазыцыя — гэта лебедзь, рак і шчупак зь вядомай байкі Крылова. А рэйтынг Лукашэнкі цяпер такі, што ён без усялякіх фальсыфікацыяў набярэ 52—58%. Канечне, астатнія 30—40% яму могуць прыпісаць. Тым ня менш, улада мае шмат праколаў. Вось вышукваньнем і вывучэньнем гэтых праколаў і павінна займацца апазыцыя. Калі Мілінкевіч не складзе добрай праграмы, ён ня здолее набраць больш за 15—18% галасоў.

Добрую паслугу Лукашэнку зрабіла Ўкраіна. Мае суседзі — дробныя гандляры. Яны куплялі харчы там і прадавалі тут. З прыходам Юшчанкі цэны ва Ўкраіне падскочылі, і суседзі ў выніку сталі прыхільнікамі Лукашэнкі”.

Ня думаю, спадар Булыга, што нейкі вырашальны ўплыў на грамадзкія настроі ў Беларусі аказвалі ці аказваюць людзі, якія свой дробны бізнэс рабілі на розьніцы цэнаў на харчы ва Ўкраіне і Беларусі. Ня надта шмат у Беларусі такіх гандляроў. А ўвогуле, вашы знаёмыя не задавалі сабе пытаньня, чаму ў Беларусі, якая купляе расейскі газ па нізкіх коштах, прадукты на працягу многіх гадоў былі даражэйшыя, чым ва Ўкраіне, якая за энэрганосьбіты плаціла значна больш? Вядома, вашым знаёмым крыўдна, што зарабляць на розьніцы цэнаў больш ня ўдасца. Але дзе тут падстава рабіць выснову пра перавагі беларускай эканамічнай мадэлі над украінскай?

Наш слухач Сяргей Дарашэвіч з Кобрыні не задаволены тым, як “Свабода” асьвятляе праблему русіфікацыі ў Беларусі. Ён піша:

“Калі рэжым пастаянна замбуе беларускі электарат, дык “Свабода” хоча застацца з чыстымі рукамі. У вас такая пазыцыя: “Ні нашым, ні вашым”. Гэткая інфармацыйная палітыка страўса і вядзе беларусаў да згіноты. Таму вам трэба пастаянна падкрэсьліваць, што наша зямля была акупавана расейскім імпэрыялізмам у час Кацярыны ІІ. І Расея хоча беларусаў асыміляваць (гэта значыць, вынішчыць з ужытку нашу тутэйшую (беларускую) мову і насадзіць мову расейскую). А калі гіне мова — гіне народ. Гісторыя мае досьвед прусаў, ад якіх засталося толькі найменьне тэрыторыі “Прусія”. Нас хочуць зрабіць пераходнай тэрыторыяй. Сёньня ўжо пачалі крычаць, што мы пабудавалі незалежную дзяржаву. А насамрэч з калянізацыі перайшлі ў акупацыю. Усе рэспублікі былога Савецкага Саюза вярнуліся да сваіх каранёў. І толькі ў Беларусі ўладу захапіла акупацыйна-каляніяльная бюракратыя”.

Якую акупацыю, спадар Дарашэвіч, вы маеце на ўвазе? На тэрыторыі Беларусі фактычна няма замежных войскаў (за выключэньнем дзьвюх расейскіх радыёлякацыйных станцыяў, якія самі расейцы неўзабаве зьбіраюцца зьліквідаваць). Вы пішаце пра акупацыйную бюракратыю. Але паспрабуйце ўважліва пачытаць біяграфіі высокапастаўленых беларускіх кіраўнікоў. І Аляксандар Лукашэнка, і Сяргей Сідорскі, і Ўладзімер Канаплёў нарадзіліся, вырасьлі, атрымалі адукацыю і зрабілі кар’еру не ў Маскве і не ў Ленінградзе. І яны, і выключная большасьць сёньняшняй уладнай намэнклятуры — тутэйшыя: вучыліся ў беларускіх савецкіх школах і ВНУ, працавалі ў беларускіх установах.

Калі б большасьць беларускага грамадзтва на пачатку 1990-х гадоў падтрымлівала ідэю беларусізацыі і была супраць наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай, калі б большасьць беларусаў патрабавала адкрыцьця нацыянальных школаў і ўнівэрсытэтаў і выступала супраць русіфікацыі — паверце, спадар Дарашэвіч, Аляксандар Лукашэнка быў бы ў першых шэрагах тых, хто загаварыў бы па-беларуску.

Карані беларускіх моўных праблемаў трэба шукаць не за межамі Беларусі, спадар Дарашэвіч, а ўнутры самой краіны. І лёс мовы залежыць не ад вонкавых ворагаў альбо добразычліўцаў, а найперш ад самога беларускага грамадзтва.

Цягам апошніх дзён нам таксама напісалі Мікалай Грамыка зь Пінску, Іван Надольскі зь вёскі Чырвоны Кастрычнік Пухавіцкага раёну, Разалія Рубінчык зь Менску і Аляксандар Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG