Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорская міліцыя затрымала для праверкі Анатоля Лябедзьку


Радыё Свабода Старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоль Лябедзька сёньня ўвечары быў затрыманы міліцыяй у Салігорску пасьля таго, як ён правёў сустрэчу зь мясцовымі актывістамі апазыцыі, на якой абмяркоўвалася перадвыбарчая праграма прыхільнікаў перамен. У машыне спадара Лябедзькі міліцыянты знайшлі некалькі экзэмпляраў матэрыялаў Кангрэсу дэмакратычных сіл і даставілі яго ў аддзяленьне міліцыі, паведаміў Анатоль Лябедзька па мабільным тэлефоне з аддзелу міліцыі:

(Лябедзька: ) “Дакумэнты мае забралі, прывезьлі, і ніякіх далейшых тлумачэньняў няма, я думаю, што будуць кансультацыі з Менскам, хутчэй за ўсё. Яны ўзялі ад мяне адзін экзэмпляр матэрыялаў, але я і так ім мог бы перадаць, хай чытаюць, я думаю, яны ж таксама выбаршчыкі і павінны ведаць, за якую праграму і за каго галасаваць”.

Акрамя Анатоля Лябедзькі міліцыя затрымала яшчэ двух мясцовых актывістаў апазыцыі, якія бралі ўдзел у сходзе. У салігорскай міліцыі па сутнасьці справы паведамілі наступнае:

(Міліцыянт: ) “Дзяжурны міліцыі падпалкоўнік Сянкевіч. Даводжу да вашага ведама: у дадзены момант зь імі разьбіраюцца, яны яшчэ не затрыманыя. Як толькі яны будуць затрыманыя, аб гэтым будзе занесены адпаведны запіс у адпаведныя кнігі, і яны пройдуць праз дзяжурную частку. Пакуль зь імі размаўляюць, гутараць”.

Міліцыя затрымала таксама двух мясцовых актывістаў апазыцыі, Аляксея Валабуева і Кірыла Храмцова. У іх былі канфіскаваныя незалежныя газэты “Товарищ” і “Народная воля”, а таксама матэрыялы Кангрэсу дэмакратычных сіл, які прайшоў летась. У салігорскай міліцыі паведамілі, што апазыцыянэраў не затрымлівалі, а толькі ўзялі зь іх тлумачэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG