Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэнісная зборная Беларусі выйшла ў наступны этап Кубку Дэвіса


Радыё Свабода Зборная Беларусі ў вялікім тэнісе датэрмінова выйшла ў ¼ фіналу Кубку Дэвіса. У першы дзень спаборніцтваў паміж камандамі Беларусі і Гішпаніі 10 лютага ў менскім футбольным манежы Максім Мірны перамог Томі Рабрэда, а Ўладзімер Ваўчкоў – Давіда Фэрэра. Сёньня адбылася парная сустрэча. Дуэт Мірны-Валчкоў у трох сэтах адолеў пару гішпанцаў Вэрдаска-Лопэс. Такім чынам, за дзень да канца афіцыйных спаборніцтваў Беларусь выйшла ў наступны этап розыгрышу Кубку Дэвіса, атрымаўшы пераканаўчую перамогу над уладальнікам Кубку Дэвіса 2004 г.

Супернікамі беларусаў, залежна ад канчатковых вынікаў заўтрашніх матчаў у іншых парах, будуць альбо швайцарцы, альбо аўстралійцы. У першым выпадку зборная Швайцарыі прыедзе ў Менск, у выпадку выхаду на каманду Аўстраліі беларусам давядзецца правесьці выязную сустрэчу.

У папярэднім розыгрышы Кубку Дэвіса каманда Беларусі дайшла да паўфіналу, саступіўшы на выезьдзе камандзе ЗША.

Заўтра ў Менску адбудуцца дзьве заключныя сустрэчы беларускіх і гішпанскіх тэнісістаў. Аднак гэтыя гульні нічога ўжо не вырашаюць.

Сёньня за хадой гульні з трыбунаў сачылі Аляксандар Лукашэнка, старшыня палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч ды іншыя прадстаўнікі ўлады.
XS
SM
MD
LG