Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Арэнс: "Мы застаемся адданымі нашай мэтадалёгіі й прынцыпам АБСЭ"


Радыё Свабода Цяперашняя назіральная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ большая за ўсе папярэднія, якія былі ў Беларусі. Пра гэта заявіў яе кіраўнік пасол Герт Арэнс.

Спадар Арэнс – кар’ерны дыплямат. Ён прадстаўляў Нямеччыну амаль у сямі краінах, быў паслом у Калюмбіі й Віетнаме, цягам пяці гадоў – паслом у асобых даручэньнях на Балканах. Таксама цягам трох гадоў узначальваў сталую місію АБСЭ ў Альбаніі. Падчас канфэрэнцыі па Югаславіі шмат займаўся пытаньнямі выбараў. Назіральныя місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў спадар Арэнс раней узначальваў ва Ўкраіне і Азербайджане, а цяпер – у Беларусі.

(Арэнс: ) “Цяпер у Менску знаходзіцца асноўная каманда экспэртаў з 10 чалавек. Таксама мы чакаем у аўторак прыезд 40 доўгатэрміновых назіральнікаў, правядзем для іх брыфінг, і ў чацьвер яны ўжо накіруюцца ў рэгіёны. Яны падзеляцца на каманды з 2 чалавек і будуць знаходзіцца ў 20 розных пунктах Беларусі. Бліжэй да выбараў мы чакаем прыезд 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. Гэтыя лічбы крыху вышэй за тыя, якія былі на папярэдніх выбарах”.

Місія назіральнікаў АБСЭ адкрылася пазьней за місію назіральнікаў СНД. Магчыма, гэта можа неяк перашкодзіць вашаму назіраньню?

(Арэнс: ) “Ня думаю, што гэта будзе нейкай перашкодай, паколькі гэта дзьве асобныя місіі. У мяне заўсёды былі добрыя адносіны з місіяй СНД, і падчас назіраньня ў іншых краінах я сустракаўся са спадаром Рушайла. Нашая місія працуе на запрашэньне міністэрства замежных справаў ад 19 студзеня. Спачатку тут была ацэначная місія АБСЭ, якая прапанавала такі фармат назіральнай місіі. Мы пачалі працу ад 6 лютага, і ўсё разгарнулся хутка.

Часта лічаць, што АБСЭ – гэта заходняя арганізацыя. Але гэта ня так. АБСЭ – гэта панэўрапейская і трансантлянтычная арганізацыя. Напрыклад, з 10 экспэртаў нашай асноўнай каманды толькі двое з так званага “старога Захаду”. Эскпэрт у пытаньнях мэдыяў – са Славакіі. У нас таксама ёсьць экспэрты з Баўгарыі, Македоніі, Узбэкістану. Таму гэта не заходняя місія. У нас таксама будуць расейскія назіральнікі. Мы чакаем двух доўгатэрміновых і прыкладна 40 кароткатэрміновых назіральнікаў з Расеі. Канешне ж, будуць кароткатэрміновыя назіральнікі ад іншых краін СНД. Таму я спрабую як мага бліжэй супрацоўнічаць, але мы застаемся адданымі нашай мэтадалёгіі й прынцыпам АБСЭ”.

На прэсавай канфэрэнцыі сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік выказаў сумнеў у аб’ектыўнасьці і нэўтральнасьці назіральнікаў АБСЭ. Пры гэтым ён спаслаўся на тое, што, маўляў, сьпісы назіральнікаў Вашай місіі былі надрукаваны камандай Аляксандра Мілінкевіча – гэта сапраўды так?

(Арэнс: ) “Мы чулі пра гэтую заяву і задавалі сабе пытаньне, ну, як жа такое магло адбыцца? Адзінае тлумачэньне, якое мы маглі знайсьці, тое, што гэта сьпіс назіральнікаў місіі, якая была ў Беларусі 2 гады таму. Таму, я думаю, гэта памылка з боку спадара Лазавіка, калі ён сказаў пра гэта. Дарэчы, падчас нашай даволі доўгай сустрэчы ў Цэнтравыбаркаме, у тым ліку са спадарыняй Ярмошынай, ён ужо не закранаў гэтую тэму. І такое было ўвогуле немагчыма, таму што сьпіс назіральнікаў зьявіўся зусім нядаўна, і я сам толькі ўчора змог яго ўбачыць”.

Бліжэйшым часам спадар Арэнс правядзе шэраг сустрэчаў са штабамі кандыдатаў, палітычнымі партыямі, грамадзянскай супольнасьцю, няўрадавымі арганізацыямі, а таксама дзяржаўнымі органамі. Працяг інтэрвію са спадаром Арэнсам у нашай праграме заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG