Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Яшчэ крыху, і распараджацца людзкімі лёсамі дзяржава будзе самастойна"


Радыё Свабода Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук.

Па-ранейшаму першыя палосы газэтаў аддадзеныя перадвыбарчай тэматыцы. Вадзім Сяховіч у “БДГ. Деловой газете” праводзіць паралелі паміж Беларусьсю ўзору 2006 году з Францыяй двухсотгадовай даўніны. У 1804 годзе Напалеон абвесьціць плебісцыт на прысваеньне яму імпэратарскага тытулу і атрымае “элегантную” перамогу. Ну а цалкам верагодная сёлетняя “вікторыя” Аляксандра Лукашэнкі, піша аўтар, “дазваляе гаварыць пра фактычна манархічнае праўленьне ў Беларусі”.

Міжнародныя аспэкты ў беларускіх выбарах разглядаюцца і ў публікацыях іншых аўтараў БДГ. Так, Кацярына Харына ўзяла інтэрвію ў старшыні Рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі спадарыні Уты Цапф. На думку дыплямата, сьвет будзе меркаваць пра шчырасьць заяваў Цэнтравыбаркаму толькі пасьля выбараў, а не падчас сёньняшніх дэклярацыяў. “Деловая газета” пагаварыла пра стаўленьне міжнародных структураў да сытуацыі ў краіне і з Аляксандрам Мілінкевічам. Ён аналізуе магчымыя замежныя санкцыі супраць беларускага рэжыму, калі той пойдзе на фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня.

Шырока прадстаўлена міжнародная тэматыка і ў тыднёвіку “Згода”. Аляксей Макавец расказвае пра вынікі апытаньня групы прафэсара Манаева. Сацыёлягі цікавіліся адносінамі беларусаў да Эўропы і адкрылі, што яно пабудаванае на суцэльных парадоксах. “Згода” расказвае таксама пра стасункі ЗША зь Іранам, аналізуе сытуацыю, якая склалася ў расейскай партыі “Родина”.

*** Пад характэрным загалоўкам “Палітычная задуха” доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш падрабязна расказвае ў “Народнай волі” пра тое, што робяць прыхільнікі і праціўнікі беларускіх пераменаў напярэдадні галоўных выбараў. Красамоўны загаловак і ў артыкуле Паўла Знаўца: “Дзе больш брудная кватэра, пад’езд, там – электарат Лукашэнкі”. Пра тое, як адчуваюць сябе ў Цэнтравыбаркаме прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, піша ў “Народнай волі” сябра грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Валянцін Стэфановіч. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Ганчарык даводзіць, што калі дзеючы кіраўнік краіны застанецца на сваёй пасадзе, характар сёньняшняга аўтарытарнага рэжыму ня зьменіцца.

*** У рэдакцыйным артыкуле “Нашай нівы” “Карані і мэта праекту “Казулін” адзначаецца: лідэр сацыял-дэмакратаў насамрэч “можа быць сьвядомым ашуканствам дэмакратычнага электарату. Прабірачным праектам, які мае на мэце пасеяць разгубленасьць і нявер’е”. У другім нашаніўскім артыкуле прыводзіцца меркаваньне Аляксандра Казуліна пра тое, што дзейны прэзыдэнт краіны карыстаецца паслугамі астролягаў. І менавіта з парады апошніх выбары назначаныя на спрыяльны для Лукашэнкі дзень – 19 сакавіка.

*** Тэмай нумару “БДГ. Деловой газеты” стала сытуацыя, якая склалася цяпер у асяродку адвакатаў. Так, Данііл Сарокін паведамляе, што летась адвакацкай дзейнасьці пазбавіліся восем чалавек. Чакаецца, што сёлета такіх людзей стане больш. Аўтар зазначае: лідэры адвакацкага руху зьмірыліся з уціскам дзяржавы, нават пагадзіліся на тое, каб у штаце калегіяў зьявіліся ідэолягі. Гэта, лічыць аўтар, “апошні цьвік у крышку труны незалежнай адвакатуры. Яшчэ крыху, і распараджацца людзкімі лёсамі дзяржава будзе самастойна. Без удзелу трэціх асобаў”. У публікацыі “Пачатак канца” на ўмовах ананімнасьці адзін зь вядучых спэцыялістаў краіны ў галіне права прызнае справядлівасьць такіх высноваў. Ён расказаў, што зараз дзяржаўныя органы могуць нават паставіць у віну адвакату ягонае жаданьне ўдзельнічаць у палітычных працэсах.

*** “Наша Ніва” друкуе споведзі маці палітвязьняў Марыі Фінькевіч, Тацьцяны Касьпяровіч і Тацьцяны Севярынец. Газэта “Згода” расказвае пра сына забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Зараз шаснаццацігадовы Антон у СІЗО, за месяц з моманту арышту ён страціў сем кіляграмаў. Піша “Згода” і пра сустрэчу Аляксандра Казуліна з маці зьніклага Юр’я Захаранкі.

*** Прававая тэматыка шырока прадстаўлена ў чарговых нумарах “Народнай волі”. Над пытаньнем "чаму маці-забойцы вельмі часта пазьбягаюць пакараньня?" разважае публіцыст Юры Берастаў. А Сяргей Сацук расказвае чытачам “Народнай волі” пра гучную справу былога старшыні Дзяржаўнага камітэту па авіяцыі Фёдара Іванова. Цэлая паласа прысьвечаная гісторыі настаўніка Генадзя Макарэвіча, якога звольнілі з працы за крытычнае пісьмо ў “Народную волю”. Тэма крымінальнага дасьледаваньня Алеся Сівага – як бээрсээмаўцы прысабечылі вялізныя сродкі, сабраныя на будаўніцтва жыльля.

*** У “БДГ. Деловой газэте” па традыцыі вельмі шмат цікавай статыстыкі. Так, менавіта сацыялягічнае апытаньне дазволіла міліцыі зрабіць выснову: найперш ёй давяраюць там, дзе фіксуецца найбольшая колькасьць злачынстваў. Ці такі факт. Мала хто ведае, што зараз у Беларускім таварыстве ацэншчыкаў толькі 150 чалавек. А трэба, лічыць прафэсар Мікалай Трыфанаў, прыкладна дзьве тысячы. Шмат лічбаў называе ў БДГ і кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч, калі даказвае, што эканоміка краіны на ўздыме.

У завочнай спрэчцы зь ім намесьнік галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іван Макаловіч прыводзіць параўнаўчую статыстыку разьвіцьця Беларусі й Польшчы. Так, за Бугам сярэдні заробак большы ў чатыры разы, сярэдняя пэнсія – у тры, дапамога па беспрацоўі – у сем разоў... Аўтар тлумачыць, чаму палякі так далёка адарваліся ад беларусаў. У блёку эканамічных матэрыялаў “Народнай волі” – артыкулы “Чаму ў Менску так даражэюць кватэры?”, “Разьвітаньне зь віцебскім півам”, “Па якой цане мы купляем расейскі газ”, “Разборкі” нелегальных таксістаў з падатковымі інспэктарамі Пінску”. Мікалай Дзелянкоўскі расказвае, куды падзелася ягоная пэнсія – 286 тысяч рублёў. Кватэра, лекі, бытавая дробязь пацягнулі абышліся ў 175 тысяч. А на ежу засталося толькі 50 даляраў...

*** Пра асноўныя публікацыі газэты “Товарищ” расказвае намесьнік галоўнага рэдактара Дзьмітрый Яненка:

(Яненка: ) “Асноўная тэма – вынікі эўрапейскага турнэ Аляксандра Мілінкевіча. Галоўны матэрыял нумару выйшаў пад назвай “Быдла” –беларускі народ павінен задумацца над тым, каб быць грамадзянамі а ня быдлам...”

*** Як заўсёды шмат увагі ўсе газэты надаюць культуры. “Народная воля” паведамляе, што Рыгор Барадулін афіцыйна вылучаны на Нобэлеўскую прэмію, а “Чарнобыльская малітва” Сьвятланы Алексіевіч – на прэмію Амэрыканскага гуртка кніжных крытыкаў у намінацыі “Дакумэнтальная проза”. “БДГ. Деловая газета” расказвае пра трэцюю спробу Беларусі ўзяць галоўны прыз “Эўрабачаньня”, аналізуе, чаму Міністэрства культуры паспрыяла закрыцьцю моднага спэктаклю “ДК Данс” плястычнага тэатру “ИнЖест”. “Наша Ніва” рэцэнзуе першую частку тэлепраекту Юр’я Азаронка “Духоўная вайна”, а Сяргей Харэўскі – выставы памяці Ўладзімера Караткевіча. Сяргей Будкін піша пра вяртаньне пасьля двухгадовага перапынку “Рок-каранацыі”: яна адбудзецца 28 лютага. Музыкаў узяўся падтрымаць бровар “Баброў”. Газэта “Згода” расказвае пра Менскі міжнародны кніжны кірмаш, які пачаўся 9 лютага, і шанцы прэтэндэнтаў на “Оскара”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG