Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды” : беларуская мова і паслугі мабільнай сувязі


Севярын Квяткоўскі, Менск Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінаю, дзе ў мабільных тэлефонах няма мэню на нацыянальнай мове. Беларускія апэратары мабільнай сувязі ня маюць беларускамоўнай вэрсіі аўтаматычнай сыстэмы сэрвісу абанэнтаў (АССА). Ці можна спадзявацца на беларусізацыю паслуг мабільнай сувязі ў Беларусі? Сытуацыю вывучаў наш карэспандэнт.

У Беларусі тры кампаніі забясьпечваюць мабільную сувязь самага распаўсюджанага стандарту – GSM. У “Velcom” і “MTC” дзяржава сярод сузаснавальнікаў і валодае кантрольным пакетам акцыяў. А нядаўна адкрытая кампанія “БеСТ” – цалкам дзяржаўная.

(Прадстаўнік “БеСТу”: ) “Наш аўтаінфарматар сапраўды размаўляе на беларускай мове. Па-першае, ён дае паведамленьне нашаму абанэнту на расейскай мове, па-другое, на беларускай і, па-трэцяе, на ангельскай”.

Зрэшты, “БеСТ” пакуль ня мае сваёй АССА. А ў кампаніях “Velcom” і “MTC” аўтаматычная сыстэма сэрвісу дагэтуль ня мае беларускамоўнай вэрсіі.

(Ліхута: ) “Мы атрымалі цэлы шэраг зваротаў – і нашых абанэнтаў, і проста грамадзянаў, якія, пэўна, разважаюць, ці далучыцца да сеткі “МТС”, з просьбай зрабіць нашыя паслугі, інфармацыю кампаніі даступнымі на беларускай мове. Вядома, яны гэта атрымаюць”.

Гэта словы прадстаўніка “МТС” Дзьмітрыя Ліхуты, якія прагучалі на адной з прэс-канфэрэнцыяў больш за год таму. “Шэраг зваротаў”, пра які казаў спадар Ліхута, стаў мажлівым дзякуючы акцыі, праведзенай моладзевай ініцыятывай “Вока” і Таварыствам беларускай мовы. У выніку кампанія “МТС” зрабіла беларускамоўную вэрсію сваёй інтэрнэт-старонкі, але аўтаматычная сыстэма сэрвісу абанэнтаў (АССА) засталася бязь зменаў. Гэтаксама, як у “Velcom”. Прадстаўнікі кампаніяў спасылаюцца на тэхнічную складанасьць, дарагі кошт мадэрнізацыі АССА і чаканую невялікую запатрабаванасьць беларускай мовы.

Гэтаксама на невялікую запатрабаванасьць ківаюць прадстаўнікі кампаніяў, што гандлююць найбольш распаўсюджанымі маркамі тэлефонаў:

(Прадстаўнік фірмы: ) “Хутчэй за усё гэта залежыць ад попыту на мэню на беларускай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Ці хто займаўся дасьледаваньнем рынку?”

(Прадстаўнік фірмы: ) “Ладзіліся нейкія дасьледаваньні раней. Але паколькі попыт быў невялікі, то дагэтуль мэню няма. Што да апошняга часу, мы такіх дасьледаваньняў не праводзілі”.

(Прадстаўніца фірмы: ) “Гэта залежыць ад попыту на беларускую мову”.

(Карэспандэнт: ) “А вы займаліся вывучэньнем попыту?”

(Прадстаўнік фірмы: ) “Так. Вельмі мала людзей хочуць, каб там была беларуская мова”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі прыблізна трэба тысяч людзей...”

(Прадстаўнік фірмы: ) “Дакладна ня ведаю... Дастаткова высокі працэнт”.

Тым часам беларускі Інтэрнэт поўніцца абвесткамі з прапановамі беларусізаваць тую ці іншую мадэль тэлефона. Я набраў адзін з нумароў і зьвярнуўся па камэнтар да хлопца, які назваўся Віталём:

(Віталь: ) “Рэдагуецца сама прашыўка: замест адных літараў ставяцца іншыя. І усё выглядае па-беларуску”.

(Карэспандэнт: ) “Якая гарантыя пасьля “хірургічнага ўмяшаньня?”

(Віталь: ) “Прынцыпова нармальна. Напрыклад, “Samsung’і” нармальна працуюць”.

У Інтэрнэце можа знайсьці нават варыянты слоўніка для беларусізацыі мэню – найперш для тых, хто валодае праграмаваньнем і хацеў бы самастойна даць свайму апарату беларускую мову. Прычым існуюць вэрсіі як савецкім правапісам, гэтак і клясычным (дарэформавым). Вось, для прыкладу, колькі азначэньняў:

націсьніце OK для вяртаньня на хатнюю старонку; Вашая тэчка зыходных паведамленьняў перапоўненая; адпраўленьне паведамленьняў; памылка дастасаваньня; карыстальнік.

Моўныя дыскусіі адносна лексычных варыянтаў для мэню мабільных тэлефонаў вядуцца ў Інтэрнэце увесь час.

Як патлумачыць супярэчнасьць, калі дылеры ў продажы мабільных тэлефонаў спасылаюцца на малы попыт, а людзі прапануюць і рэалізуюць саматужныя паслугі для беларусізацыі апаратаў? Вось развагі Віталя, які ня першы год займаецца продажам і рамонтам патрыманых мабільнікаў:

(Віталь: ) “Напрыклад, 3 мільёны карыстальнікаў. Працэнтаў 5 – 10 захочуць тэлефон зь беларускай мовай. Хтосьці захоча адну марку, нехта другую. Вытворцу ня мае сэнсу ўкладаць грошы, бо сабякошт рэзка вырасьце. Тэлефон, напрыклад, будзе каштаваць не 129 даляраў, а 150. Адпаведна будуць думаць: навошта мне зь беларускай даражэй, калі я разумею па-расейску і куплю таньней”.

На думку намесьніка старшыні Таварыства беларускай мовы Сяргея Кручкова, сытуацыя штучная:

(Кручкоў: ) “Прынцыпова гэтая праблема магла б разьвязацца адным рашэньнем нашых уладаў. У беларускім стандарце няма жорсткага патрабаваньня па сэртыфікацыі тэлефонаў, якія прадаюцца на тэрыторыі Беларусі, каб яны мелі беларускамоўны інтэрфэйс. Фактычна наш стандарт паўтарае расейскі стандарт”.

ТБМ неаднаразова зьвярталася ў Міністэрства сувязі з адпаведнымі прапановамі, але пазыцыя міністэрства не зьмянілася да сёньня.

(Кручкоў: ) “Міністэрства сувязі адказала, што жорсткіх патрабаваньняў няма. Такога кшталту быў ліст. “Але мы будзем гэтым займацца” – і гэтак далей. Але ніякія захады не былі ўжытыя”.

Прадстаўніцтва кампаніі “Samsung” яшчэ мінулым летам заявіла пра пляны вырабу і пастаўкі ў краіну беларусізаваных мабільнікаў.

(Ранцэвіч: ) “Мы плянуем зрабіць беларусізацыю мэню тэлефонаў. Трэба спачатку перакласьці, потым даслаць на вытворчасьць”.

Патлумачыла прадстаўніца “Samsung” у Беларусі Алена Ранцэвіч. На сёньня ідэя вывучаецца вытворцамі:

(Ранцэвіч: ) “Пакуль што няма афіцыйнага адказу, разглядаюць гэтае пытаньне на заводзе”.

Алена Ранцэвіч падкрэсьлівае, што беларуская мова ў працы фірмы ня толькі камэрцыйны крок, разьлічаны на нацыянальна сьвядомую публіку, але й момант прэстыжу.

Застаецца яшчэ адзін аспэкт, які тлумачыць, чаму і ў будучыні пашырэньне тэлефонаў зь беларускім мэню можа быць запаволенае.

(Віталь: ) “Афіцыйна прывезеных апаратаў вельмі мала. Тыя, што афіцыйна прывезеныя з Масквы стандарту РСТ, ня факт, што яны ня “шэрыя”. Бо ў Маскве 80 – 90 працэнтаў мабільнікаў “шэрыя”. Нават у салёнах вялікіх”.

Пакуль што толькі Інтэрнэт застаецца найбольш спрыяльнай пляцоўкай для беларускай мовы. У тым ліку для магчымасьці адправіць праз сайт апэратара мабільнай сувязі смс-паведамленьне па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG