Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне “Свабоды”: праект “Свабодны тэатар”


Іна Студзінская, Менск Гісторыя “Свабоднага тэатру” пачалася з правядзеньня першага беларускага конкурсу сучаснай драматургіі, на які прыйшла 231 п’еса зь дзевяці краінаў сьвету. Заснавальнікі “Свабоднага тэатру” – Мікалай Халезін, Андрэй Курэйчык і Натальля Каляда – прэзэнтавалі свой праект як “альтэрнатыўны незалежны рух у культуры Беларусі”. У рэпэртуары тэатру – “Псыхоз 4.48” Сары Кейн, “Тэхніка дыханьня ў беспаветранай прасторы” Натальлі Мошынай... Тэатар выступаў у Рызе, у маскоўскім Цэнтры імя Меерхольда, пры канцы лютага паедзе ў Фінляндыю. У чым папулярнасьць самага маладога ў краіне тэатральнага праекту?

Калі клясычны тэатар пачынаецца з шатні, то “Свабодны тэатар” – зь пільнага кантролю пры ўваходзе. А ўваход гэты – не парадны тэатральны пад’езд... Спэктаклі адбываюцца то ў фае інтэрнату, то ў кватэры, то ў малавядомым клюбе. Гутару з мэнэджэрам “Свабоднага тэатру” Машай.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму такая кансьпірацыя? Мы пакуль знайшлі, зьмерзьлі. Чаму так тайна і падпольна?”

(Маша: ) “На тэатар у прамым сэнсе не было ціску. Былі захады з боку пажарных інспэкцыяў, праверак, якія праходзілі туды, дзе мы ігралі...”

(Карэспандэнтка: ) “Вольных месцаў не бывае?”

(Маша: ) “Не. Такога не было, каб прастора заставалася. Звычайна сядзяць на падлозе, на сталах...”

На спэктаклі маладых драматургаў Паўла Прашка, Паўла Расолькі і Кастуся Сьцешыка “Мы. Самаідэнтыфікацыя”, які ішоў у бары адміністрацыйнага будынку, ня тое што вольных месцаў – яблыку няма дзе ўпасьці. Гутару з гледачамі.

(Дзяўчына: ) “Калі чалавек цікавіцца культурай, ён знойдзе ўсё, што пажадае. Гэтая інфармацыя перадаецца невядома якім спосабам: па электроннай пошце, па рэкамэндацыях сяброў...”

(Карэспандэнтка: ) “А вы першы раз у “Свабодным тэатры”?

(Дзяўчына: ) “Не, ужо трэці. Была ў клюбе “Графіці”, на кватэры, калі папрасілі нікому не расказваць, каб не было праблем ва ўладальніка. Тры разы была – і тры разы ў розных месцах”.

(Хлопец: ) “Не, ужо трэці раз: нядзеля, панядзелак і вось сёньня”.

У падпольным пракаце цяпер тры п’есы, і толькі адна з доляй “творчага хуліганства”. Сюжэтны стрыжань спэктаклю “Мы. Самаідэнтыфікацыя” – размовы, запісаныя ў бытоўцы на будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі. Адзін з аўтараў п’есы “зьмяніў” прафэсію, уладкаваўся рознарабочым на будоўлю і запісваў размовы сваіх новых сяброў на дыктафон.

Размаўляем з драматургам Мікалаем Халезіным – адным з заснавальнікаў тэатру.

(Халезін: ) “Ёсьць вельмі сучасная публіка, якая амаль што ня ходзіць у афіцыйныя тэатры. Гэта моладзь ад 18 да 30 гадоў, для якой няма таго інтэлектуальнага прадукту, які яны хочуць бачыць. І адзін раз прыйшоўшы на спэктаклі “Свабоднага тэатру”, яны ходзяць на ўсе астатнія спэктаклі. Гэта голад. Той голад, які не дае магчымасьці жыць”.

А вось меркаваньне рэжысэра Ўладзімера Шчэрбаня:

(Шчэрбань: ) “Увесь парадокс “Свабоднага тэатру” ў тым, што гэта аб’яднаньне прафэсійных людзей, якія пазбаўленыя магчымасьці працаваць па сваёй спэцыяльнасьці. Гэта трагічна. І гэта ня нашае жаданьне – рабіць аматарскі тэатар, а адзіная магчымасьць казаць і размаўляць так, як мы лічым патрэбным”.

Уладзімер Шчэрбань стала працуе ў Купалаўскім тэатры, але пасьля пастаноўкі “Псыхозу 4.48” паводле п’есы Сары Кейн на асноўнай працы ў яго пачаліся праблемы, хаця ніхто з кіраўніцтва і з калегаў-купалаўцаў таго спэктаклю не глядзеў... Гледачы, між іншым, былі ў захапленьні, кажа актор Дзяніс Тарасенка.

(Тарасенка: ) “Публіка цудоўная, яна мне вельмі падабаецца. Яна крышку скаваная, бо больш знаёмая з клясычнымі тэатральнымі пастаноўкамі – з “Паўлінкай”-“Купалінкай”. Калі нешта іншае, калі кардынальна адрозьніваецца ад таго, што людзі прывыклі бачыць, – яны проста ня ведаюць, як на гэта рэагаваць. Гэта ўсё залежыць ад унутранай свабоды, ад унутранай разьняволенасьці. Нічога. Прывыкнуць і будуць хадзіць. Будзем выхоўваць гледача”.

Рэжысэр Уладзімер Шчэрбань таксама лічыць, што публіку трэба выхоўваць.

(Шчэрбань: ) “Мы працуем з публікай. Таму што сэнс “Свабоднага тэатру” – гэта выяўленьне новага амплюа гледача. Мы робім гледача актыўнага, гатовага да дыспуту, рэзкага. Таму мы складаем сьпісы, кожны павінен пазваніць. Глядач павінен правесьці нейкую працу, вельмі захацець сюды трапіць. І, безумоўна, прыемна бачыць разумныя твары на сваіх спэктаклях”.

Цяпер “Свабодны тэатар” пачынае працу над новым праектам, які называецца “Зона маўчаньня”. Сакрэты раскрывае Мікалай Халезін:

(Халезін: ) “Мы абралі сем тэмаў, тыя “табуяваныя зоны”, пра якія ня хочуць казаць ня толькі ў афіцыйных тэатрах, але нават у грамадзтве не гавораць. Гэта тэмы і гвалту, і рэлігіі, і палітыкі, і сэксу, і парнаграфіі. На гэтыя тэмы будзе складзена сем імправізацыйных спэктакляў, а потым зь іх будзе зроблены адзін вялікі тэатральны праект”.

У Міністэрстве культуры Беларусі “Свабоднага тэатру” “не заўважаюць”, кажуць: драмгурткамі не займаемся. Затое славуты драматург Том Стопард вельмі высока ацаніў творчыя пошукі беларусаў – добрыя рэцэнзіі зьявіліся ў расейскіх “Известиях” і брытанскай “Gardian”. Што да існаваньня ў падпольлі, актораў і рэжысэраў гэта пакуль што не засмучае. Меркаваньне Алега Сідорчыка:

(Сідорчык: ) “Тэатар ва ўмовах нашай краіны толькі і можа быць падпольным, як нас называюць, бо пісьменьнік можа пісаць у стол, музыка таксама. Але тэатар – калектыўная творчасьць. Тут патрэбны глядач. Нельга кахаць без свабоды, таксама і тварыць без свабоды нельга. Нас ніхто не стрыножвае, нам ніхто нічога не забараняе. Тут талент любога мастака можа раскрыцца на поўную сілу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG