Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У італьянскім Турыне стартуюць Зімовыя Алімпійскія гульні


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня а 21-й гадзіне паводле менскага часу ў італьянскім Турыне адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё XX Зімовых Алімпійскіх гульняў, на якія зьяжджаюцца 2,5 тысячы спартоўцаў з 85 краін сьвету. Яны павядуць змаганьне за 84 камплекты мэдалёў у 15 дысцыплінах. Італьянцы выдаткавалі на падрыхтоўку Гульняў амаль 3,5 мільярды і хочуць, каб імпрэза апраўдала гэтыя выдаткі. Аднак алімпійскі агонь, старажытны сымбаль міру і добрай волі, не ўва ўсіх выклікае аднолькавыя пачуцьці.

“Алімпіяда будзе вялікім сьвятам ня толькі спорту, але П’емонту і ўсёй Італіі”, – заявіў італьянскі прэзыдэнт Карлё Чампі, які афіцыйна адкрые сёньня Гульні. Адкрыцьцё Алімпіяды ў касмапалітычным, шматкультурным і шматнацыянальным Турыне, сталіцы П’емонту, адбудзецца пад лёзунгам “Каштоўнасьці братэрства і дыялёгу”. Гульні паўсюль рэклямуе лёзунг “Тут жыве гарачае пачуцьцё”, але ў італьянцаў гэтае пачуцьцё далёка не адзназначнае. Заўзятары зусім не штурмуюць касаў з квіткамі на алімпійскія арэны: частка дысцыплін не выклікае ў італьянцаў вялікай цікавасьці, дый білеты на спаборніцтвы даволі дарагія.

Алімпійскі агонь, які прыбыў 7 сьнежня ў Італію з Грэцыі, ня ўсе італьянцы сустракалі прыхільна. Дзесяць тысяч спартоўцаў несьлі яго праз 600 гарадоў маршрутам працягласьцю звыш 11 тысяч кілямэтраў. Аднак на некаторых этапах эстафэту спрабавалі сарваць антыглябалісты. У Вэнэцыі хуліганы закідалі фургон суправаджэньня сырымі яйкамі, а ў горадзе Трэнта людзі ў масках напалі на чэмпіёнку Італіі ў бегу на 1500 мэтраў Элеанору Бэрлянда і адабралі ў яе паходню. Учора на вуліцах Турыну сабраліся сотні людзей, каб выказаць пратэст у сувязі з будаўніцтвам чыгуначнага тунэлю праз даліну Суса, дзе будуць праходзіць некаторыя спаборніцтвы. Эколягі лічаць, што тунэль пагражае навакольнаму асяродзьдзю Альпаў. Паводле мэра Турына Сэрджыё Чампарына, тунэль будзе служыць выключна для перавозу тавараў і прынясе карысьць.

(Чампарына: ) “Мы павінны пабудаваць гэты тунэль, бо хочам пераставіць транспарт з шынаў на рэйкі. Мы ня можа гэтага зрабіць з дапамогай чыгуначнай каляі, якой 150 гадоў”.

Чатыры разы невялікія групы дэманстрантаў перапынялі эстафэту алімпійскага агню. Учора, ужо ў Турыне, яны прымусілі спартоўцаў з алімпійскай паходняй зьмяніць маршрут. Арганізатары Алімпіяды і многія італьянцы баяцца, што антыглябалісты і анархісты могуць сапсаваць атмасфэру Алімпіяды. Пасьля скандалу, які выклікала публікацыя карыкатур на прарока Мухамэда, дадатковую ахову атрымалі спартоўцы з Даніі і шэрагу іншых эўрапейскіх краін.

Сярод тых, хто пагражае мірнаму правядзеньню вялікага спартовага сьвята, ёсьць проста праціўнікі амэрыканскай палітыкі. Учора яны выкрыквалі “Лора Буш: вон”. Рэч у тым, што побач з 15-цю кіраўнікамі дзяржаваў на цырымоніі адкрыцьця Гульняў у Турыне будзе прысутнічаць жонка прэзыдэнта ЗША Лора з дачкою Барбарай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG