Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Казулін: "Лядовымі палацамі здароўя нацыі не ўмацуеш"


Радыё Свабода Сёньня ў Турыне афіцыйна стартуюць ХХ зімовыя Алімпійскія гульні. 30 беларускіх спартоўцаў паспрабуюць скласьці канкурэнцыю сваім замежным калегам, што, на думку адмыслоўцаў, зрабіць ня проста. Зь сямі спартовых дысцыплінаў толькі фрыстайл для беларусаў сёлета стаўся мэдалёвым.

Самы спартовы з усёй чацьвёркі прэтэндэнтаў у барацьбе за прэзыдэнцкую пасаду – Аляксандар Лукашэнка. Менавіта зімовыя віды спорту (ад хакею да горных лыжаў) складаюць прыярытэты дзейнага кіраўніка краіны. На прэзыдэнцкім інтэрнэт-сайце наўпрост гаворыцца: “Аляксандар Лукашэнка перакананы: вялізныя псыхалягічныя нагрузкі, якія кладуцца на Кіраўніка дзяржавы, нэрвовы стрэс можна зьняць толькі актыўным спортам”.

Людзі, якія ведаюць Лукашэнку, кажуць, што спорту ён прысьвячае практычна столькі ж часу, колькі і дзяржаўным справам. Катэгарычна ня любіць прайграваць. Доказам таму – два міжнародныя хакейныя калядныя турніры: ніякіх шанцаў супернікам прэзыдэнцкая каманда пакідаць не зьбіраецца.

Гэтак жа завяршаецца і традыцыйная “Менская лыжня. Ён заявіў алімпійцам, што будзе сорамам паўтарыць “рэкорд”, дасягнуты імі на мінулых Гульнях у ЗША, калі фрыстайліст Аляксей Грышын прынёс у агульную скарбонку беларусаў адзіны бронзавы мэдаль.

На “кароткай назе” са спортам і Аляксандар Мілінкевіч. Праўда, у ягоным багажы пераважаюць летнія віды. Сам спадар Мілінкевіч расказаў, што да 33 гадоў інтэнсіўна займаўся баскетболам і ў складзе каманды быў нават чэмпіёнам Беларусі. Зімовая практыка не такая багатая, аднак за беларускую каманду на алімпійскіх гульнях у Турыне будзе перажываць абавязкова.

(Мілінкевіч: ) “Я заўсёды за нашых турбуюся, хачу, каб яны заваёўвалі як мага больш мэдалёў, бо не лічу, што яны заваёўваюць іх для прэзыдэнта. Яны гэта робяць для ўсіх нас. Проста думаю, што зімовыя гульні ня самыя для нас удалыя, мы ўсё ж у летніх выглядаем больш прыстойна. Але Беларусь ўсё роўна спартовая дзяржава”.

(Карэспандэнт: ) “Зь зімовым спортам Вы нейкім чынам зьвязаныя?”.

(Мілінкевіч: ) “Калі быў малады, абавязкова хадзіў на лыжах. Пад Гародняй на беразе Нёману выдатныя горкі. Ну, і на каньках стаяць умею. Толькі ў біятлёне сябе ніколі не спрабаваў і ў хакей не гуляў”.

(Карэспандэнт: ) “Са звыклай дзяржаўнай каляіны ўжо выбіваецеся…”

(Мілінкевіч: ) “Так, абсалютна…” (сьмяецца).

Цікавасьць да спорту выявіў яшчэ адзін удзельнік своеасаблівага “прэзыдэнцкага чатырохбор’я” -- Сяргей Гайдукевіч. Колісь у маладосьці, як ён кажа, “да шаленства” гуляў у хакей, завочна ведаў гульцоў НХЛ і зборнай СССР ажно да запасных. Цяпер больш часу праводзіць ля тэлевізару. Падчас Алімпіяды будзе перажываць за біятляністаў – як чалавек ваенны меў справу са зброяй...

(Гайдукевіч: ) “Скажу вам як чалавек, не як кандыдат... Думаю, у біятлёне ў нас нешта павінна быць. Біятлён усё ж традыцыйна для нас пасьпяховы, раз-пораз нешта адтуль “выстрыгаем”. Мне здаецца, што да срэбра дацягнем”.

(Карэспандэнт: ) “Вы самі апошні раз калі станавіліся на лыжы, канькі?”

(Гайдукевіч: ) “Дні тры таму (сьмяецца). Разам з жонкай, мы гэта вельмі любім. Я ж у Сёмках жыву, у вёсцы. Там такая выдатная горка! І калі гэта робіцца з любоўю, калі ніхто не заганяе, а робіш паводле свайго асабістага жаданьня, то гэта вельмі добра. Гэтае захапленьне засталося ад мінулага часу. Алка мая нарадзілася ў Цьвяры, у іх там гэтая справа практыкавалася вельмі моцна. Таму мы зь ёй гэта вельмі любім”.

Фармальна другім у спартовым ранжыры сярод цяперашніх маратонцаў у прэзыдэнцкім “чатырохбор’і” да нядаўняга часу заставаўся Аляксандар Казулін. Яшчэ на пасадзе рэктара БДУ яго абралі кіраўніком фэдэрацыі фрыстайлу. Толькі пры канцы 2005-га, калі трэба было фармаваць алімпійскую каманду, Казуліна зьнялі ў зьвязку з пазыцыяй, якая больш не адпавядала “генэральнай лініі”.

Што да ўласных стасункаў са спортам, то лідэр сацыял-дэмакратаў называе іх аматарскімі. Але ў гэтым зьвязку перакананы: у Беларусі трэба культываваць якраз ня спорт вышэйшых дасягненьняў, а менавіта фізычную культуру.

(Казулін: ) “Лядовымі палацамі і вялізнымі комплексамі мы здароўе нацыі не ўмацуем; можам яго такім чынам увогуле “ўгробіць”. Што ў нас адбываецца ў дварох, у мікрараёнах? Там што – ёсьць спартовыя пляцоўкі? Маюцца валейбольныя, футбольныя, баскетбольныя пляцоўкі? Мы павінны займацца ня спортам вышэйшых дасягненьняў, а фізычнай культурай.

Зь дзяцінства каб фізкультура станавілася нормай. Калі побач з домам будзе магчымасьць хадзіць у сэкцыі, гуляць у валейбол, баскетбол, вялікі і малы тэніс, гэта ўжо будзе момант, які дапаможа разьвіцьцю нашага здароўя”.

За алімпійскія мэдалі ў Турыне пазмагаюцца тры дзясяткі беларускіх спартоўцаў, якія возьмуць старт у сямі відах алімпійскай праграмы. Імя прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі сярод афіцыйных асобаў беларускай дэлегацыі ня значыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG