Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Скрабец: "Заўсёды холадна, бо дома няма мужа і таты"


Гутарыла Вольга Караткевіч, Прага 14-га лютага былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў Сяргею Скрабцу павінен быць абвешчаны прысуд. Сяргей Скрабец кіраваў прадстаўніцтвам фірмы "БелБабаеўская" і абвінавачваецца ў вымантачваньні крэдытаў.

Браў удзел у галадоўцы пратэсту дэпутатаў і апазыцыйных дзеячаў за зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Пракурор запрасіў для Скрабца 5 з паловай гадоў зьняволеньня. Скрабец называе гэтую справу палітычнай і вінаватым сябе не прызнае. Сёньня ў нас інтэрвію з жонкай палітыка Аляксандрай.

(Скрабец: ) "Нічога ня хочацца рабіць. Ні прыбіраць, ня есьці... Ні чытаць нечага. Ня хочацца рабіць ні фізычнай, ні інтэлектуальнай работы. Здаецца, сядзела б і глядзела ў адную кропку. Гэтае чаканьне - вельмі страшнае".

(Карэспандэнт: ) "Апошні раз калі Вы атрымлівалі зьвесткі ад мужа?"

(Скрабец: ) "Два дні таму я атрымала. Пракурор у панядзелак запатрабаваў прысуд, а Сяргей, відаць, у панядзелак напісаў гэты ліст. Ён піша: "Я нашую антынародную ўладу крытыкаваў і буду крытыкаваць пры любой магчымасьці. Таму на маленькі тэрмін не спадзявайцеся".

(Карэспандэнт: ) "Аляксандра, якія адчуваньні - што будзе з Вашым жыцьцём у наступныя гады, калі, дапусьцім, Сяргея асудзяць?"

(Скрабец (плача): ) "Ня ведаю. Мне толькі пра гэта і думаецца ўвесь час. Таму што мне страшна. Страшна думаць, што будзе. У мяне цяпер і ў дзяцей такі ўзрост, што іх трэба вучыць. Дачцэ ў наступным годзе ў 11-ю клясу. Ёй паступаць трэба. Яна і так мне гаворыць: "Мама, у мяне ў адзінай няма ніводнага рэпэтытара". Вы ж ведаеце, як цяжка цяпер паступіць без рэпэтытара. Гэта пры тым, што яна ходзіць у ліцэй, у яе вельмі добрая адукацыя, сама гаворыць: "Мама, калі я сама займаюся, мне нават нічога ў галаву ня лезе. Мне трэба перачытваць тое ж самае па некалькі разоў".

(Карэспандэнт: ) "Аляксандра, 26-га студзеня Вас напаткала яшчэ адна бяда. У Вас памёр бацька..."

(Скрабец: ) "Так. 25-га я размаўляла з татам. Ён вельмі перажываў, бо ведаў, што выклікаюць у суд мяне. Ён некалькі разоў казаў: "Дачушка, ты адразу пазвані. Як толькі выйдзеш, адразу пазвані. Ён гэта, відаць, узяў вельмі блізка да душы. Ён лёг спаць і не прачнуўся. Раніцай на наступны дзень мне трэба ў гэты суд ісьці, а мне тэлефануюць з дому. Мы да цябе зь кепскай навіною. І я ня ведаю, што рабіць. Вось куды мне кінуцца, каму званіць, што гаварыць. Падалося, што я сама памерла. Затое цяпер - а прайшло 12 дзён - я сама сабе кажу: ўсё ж турэмнае зьняволеньне - гэта ня вечна. Калі-небудзь гэта скончыцца. А вось тата ўжо ніколі ня вернецца. Ну вось запрасіў пракурор 5 з паловаю гадоў. Я думаю, што яму ня менш дадуць. Але ж гэта нейкая будучыня. Можа, нейкая амністыя. Можа, нешта зьменіцца ў гэтым жыцьці. Сяргей вернецца, а тата ўжо - не".

(Карэспандэнт: ) "А як дзеці рэагуюць на гэтую сытуацыю?"

(Скрабец: ) "Вось як я Вам і сказала: Натальля гаворыць: "Мама, не магу. У мяне апрача гэтай сытуацыі ў галаве нічога няма. У мяне нічога ня лезе ў галаву. Нічога апрача гэтага няма, што таты няма. Ні ўрокі... Вось я зь сябрамі хаджу недзе, - а ўсё ж гэта дзіця, падлетак, ходзіць у горад на нейкія гуляньні, у МакДональдз. Пачынаем жартаваць, а я скрозь гэтае вясельне маю адну думку, што вось мой тата ў турме. А як там тата? Як тата? Я не забываю пра гэта ні на сэкунду"...

Вось чамусьці ад таго, што няма дома мужа і таты, нам заўсёды халодна. Я гляджу па тэмпэратуры - нібыта цёпла ў кватэры, але нам холадна. Унутраны холад. Пастаянна. Нас нічога ня сагравае. І вось як Натальля гаворыць: "Мама, ведаеш, мне нічога ня хочацца есьці. Вось як раней: каб я захацела нейкіх цукерак..." Мы ямо, таму што гэта трэба. Як паліва. Мы чакаем, што гэта павінна скончыцца і пачнецца нармальнае жыцьцё. Не давядзі Гасподзь нікому гэтага перажыць, бо звычайна мы спачуваем іншым, ведаем, што гэта цяжка, пашкадаваць можна. Але гэта на той момант, пакуль ты чалавека бачыш, помніш, перажываеш. А пасьля ўсё ж сваё жыцьцё паглынае, і ты забываесься.

У мяне такога няма. Пра рэчаіснасьць я забываю толькі ў сьне. Пакуль сплю, мне лёгка, відаць. Але вось я прачнулася і адразу - нібыта выплываю на нейкую паверхню, у лічаныя сэкунды сэрца баліць. Боль, нібыта прабілі кінжалам. Пасьля на працягу ўсяго дня гэты боль не адпускае. Пры ўсёй маёй працы, нагружанасьці. Я пастаянна адчуваю гэты боль".
XS
SM
MD
LG