Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Леў Акіншэвіч


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Ці магчыма быць беларускім буржуазным нацыяналістам і адначасова гэткім самым буржуазным, але ўжо нацыяналістам украінскім?

ОГПУ ведала адказ. Гісторык Леў Акіншэвіч у 1933-м выслухаў менавіта такое абвінавачваньне.

Ён нарадзіўся 6 лютага 1898 году ў Пецярбурзе ў сям’і юрыста-беларуса. Першая сусьветная вайна засьпела Льва студэнтам Кіеўскай alma mater. Вярнуўшыся ў 1918-м дадому з Румынскага фронту, ён знаёміцца зь беларускім рухам. Як напіша потым Акіншэвіч у мэмуарах, яго захапіла “справядлівасьць гэтае справы”. У тым самым годзе ён прымае грамадзянства БНР.

У 1920-я дасье на супрацоўніка Ўкраінскай Акадэміі навук Льва Акіншэвіча хутка расло. Шмат старонак у ім прысьвячалася частым паездкам у Менск, публікацыям у “Полымі” й блізкаму знаёмству зь Янкам Купалам і Вацлавам Ластоўскім.

Урэшце карысным для апальнага гісторыка быў прызнаны клімат ужо назаўсёды адарванага ад Беларусі Смаленску...

Пасьля Другой сусьветнай вайны Акіншэвіч апынуўся ў ЗША.

Дасьледуючы гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, ён пісаў пра веліч дзяржавы нашых продкаў, аднак і пакутліва шукаў прычыны яе гістарычнага скону, за што заслужыў ад некаторых суайчыньнікаў закіды ў “недастатковым патрыятызьме”.

У сваіх поглядах ён быў блізкі да выдатнага гісторыка XX стагодзьдзя Арнольда Тойнбі. Усё доўгае жыцьцё (памёр у 1980 годзе) Акіншэвіча займалі ня толькі канкрэтныя праблемы мінуўшчыны, але й філязофія гісторыі, аб чым яскрава сьведчыць ягоная праца “Пра цывілізацыйныя асновы беларускага гістарычнага працэсу”. Яе аўтар спадзяваўся, што здабыўшы магчымасьць вольнага разьвіцьця Беларусь дасягне “здаровага арганічнага сынтэзу сваіх цывілізацыйных асноваў” і ў выніку пабудуе дэмакратычнае грамадзтва эўрапейскага кшталту. У XXI стагодзьдзі мы мусім пераканацца ў слушнасьці гэтых словаў.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
XS
SM
MD
LG