Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На выбарах у Лукашэнкі павінен быць толькі адзін дэмакратычны канкурэнт”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значная частка нашай пошты апошніх тыдняў — на тэму прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 19 сакавіка. Слухачы выказваюць меркаваньні пра хаду выбарчай кампаніі, абмяркоўваюць кандыдатуры палітыкаў, якія дайшлі да этапу рэгістрацыі. У некаторых лістах выказваецца шкадаваньне, што ня ўсе дэмакратычныя сілы здолелі дамовіцца паміж сабой і аб’яднаць намаганьні дзеля агульнай мэты. Аўтар аднаго з такіх лістоў — Сяргей Кузьменка зь Менску. Ён піша:

“У дэмакратаў цяпер адно выйсьце — аб’яднаньне. Лічу, што Мілінкевіч, Казулін і Гайдукевіч павінны сесьці за круглы стол і вызначыцца, хто зь іх павінен працягваць барацьбу. Навошта дэмакратычным сілам ажно тры кандыдаты? Гэта ж толькі блытае людзей. На выбарах у Лукашэнкі павінен быць адзін супернік. І гэтага суперніка павінны добра ведаць усе людзі ў Беларусі. А будзе шмат дэмакратычных кандыдатаў — яны толькі перашкодзяць адзін аднаму”.

Перамовы на гэты конт паміж Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным вяліся і вядуцца, спадар Кузьменка. Да плённага выніку яны пакуль не прывялі. На тое ёсьць шмат прычынаў. І не апошняя сярод іх — тое, што кожны з прэтэндэнтаў упэўнены ва ўласных сілах і ня хоча саступаць дарогу канкурэнту. Што да Сяргея Гайдукевіча, дык ён увогуле ў гэтым пераліку стаіць асобна, і ў падобных перамовах ня ўдзельнічае. Відавочна, у яго — уласная стратэгія і тактыка, ужо апрабаваная падчас мінулых выбарчых кампаніяў.

4 студзеня ў аглядзе пошты прагучаў ліст Алега Сьмяшкова з Магілёва, у якім слухач разважаў пра некаторыя нацыянальныя адметнасьці беларусаў.

“Зусім не падрыхтаванымі аказаліся мы да свайго шанцу на ўласную дзяржаву і дэмакратыю. Можа, таму, што гэты шанец сам зваліўся нам на галаву ў 1991 годзе? Выявілася, што няма ў нас веры ў саміх сябе. У агульную пуню папрасіліся ледзь не адразу ж пасьля абвяшчэньня незалежнасьці. Напэўна, да дэмакратыі і незалежнасьці насуперак жаданьню за вуха не прыцягнеш”.

Адказваючы Алегу Сьмяшкову, я зьвярнуў увагу на тое, што за мінулыя чатырнаццаць гадоў стаўленьне да незалежнасьці сваёй дзяржавы ў беларусаў істотна зьмянілася. На сёньняшні дзень большасьць грамадзтва ўжо ня хоча бачыць сваю радзіму ўскраінай Расейскай імпэрыі. Гэтыя настроі, дарэчы, улічвае і цяперашняе беларускае кіраўніцтва, якое сёньня, адрозна ад сярэдзіны і канца 1990-х гадоў, катэгарычна адмаўляе магчымасьць далучэньня да Расеі як суб’екту фэдэрацыі.

У сваім новым лісьце на “Свабоду” Алег Сьмяшкоў піша:

“З вашай, спадар Жданко, трактоўкай я амаль згаджуся. Але ўсё ж мушу заўважыць: многае тут залежыць ад фармулёўкі пытаньня, якое задаюць нашым людзям. Калі б чатырнаццаць год таму ініцыятары рэфэрэндуму аб захаваньні СССР па-іншаму сфармулявалі пытаньне — можа, беларусы ўжо б тады прагаласавалі за незалежнасьць. Увогуле, зьмены ў грамадзтве адбыліся, на маю думку, ня ў лепшы бок. Усё вырашае прапаганда. Захочацца правадыру — і ён паверне грамадзкую думку ў той бок, у які яму трэба. І ці не лянота з абыякавасьцю ды пужлівасьцю завуцца ў нас талерантнасьцю? Нашых людзей не цікавяць нават уласныя правы. Глядзіш, як у заходніх краінах нават правы чужаземцаў абараняюць мітынгамі на плошчах — і зайздросьціш.

Зьніклі ў Лукашэнкі шанцы на пераезд у Крэмль, вось ён і стаў незалежнікам. А разам зь ім і тая большасьць грамадзтва, пра якую вы, спадар Жданко, гаворыце. На гэтым усё грунтуецца, а не на нейкай сьвядомасьці. Вось нядаўна казаў па Радыё Свабода Павал Шарамет: кінься наш правадыр у беларускую мову — амаль усе нацыяналісты сталі б ягонымі прыхільнікамі. І ён мае рацыю”.

Уплыў прапаганды, спадар Сьмяшкоў, мне здаецца, вы перабольшваеце. У Беларусі расьце колькасьць людзей, якія цэняць незалежнасьць сваёй дзяржавы зусім не таму, што зайшло ў тупік так званае “саюзнае будаўніцтва”. Проста за пятнаццаць год зьявілася цэлае пакаленьне маладых грамадзянаў Беларусі, у якіх пра савецкае мінулае няма нават дзіцячых успамінаў. Сёлета ўпершыню на выбарах будуць галасаваць юнакі і дзяўчаты 1988 году нараджэньня. Яны пайшлі ў першую клясу, калі ў школах віселі бел-чырвона-белыя сьцягі і гербы “Пагоня”.

За гэты ж час адышло пакаленьне, якое ніякай іншай рэчаіснасьці, апроч савецкай, ня ведала і ня бачыла, і для якога настальгія па СССР, сапраўды, была істотнай часткай сьветапогляду.

Кароткі ліст ад Віктара Мацкевіча зь вёскі Ляпесы Кобрыньскага раёну. Слухач піша:

“Сам я — вясковец, маю ўласную гаспадарку. І вось што мяне хвалюе. Калі зьменіцца ўлада і прэзыдэнтам стане, напрыклад, Мілінкевіч — то ці будзе так, што, каб падаслаць сьвінчо ў хляве, трэба будзе чакаць ночы, і толькі тады ісьці да сьцірты з саломай? Бо ўдзень убачаць і аштрафуюць. Цяпер, калі прэзыдэнтам Лукашэнка, гэта адбываецца менавіта так”.

Калі салома ў сьцірце ваша ўласная, спадар Мацкевіч, то незалежна ад таго, хто ў дзяржаве прэзыдэнт, карыстацца ёй можна бяз боязі. Іншая рэч, калі салома — калгасная. Відавочна, менавіта да калгаснай сьцірты ходзіце вы ўначы, баючыся быць заўважаным і аштрафаваным. Паводле старой завядзёнкі, што склалася яшчэ за камуністамі, дробны крадзеж калгаснай маёмасьці многія людзі ў вёсцы вялікай заганай ніколі не лічылі і ня лічаць. Лёгіка ў гэтым ёсьць: у свой час дзяржава, гвалтам адбіраючы ў людзей маёмасьць, не пыталася іхнай згоды на стварэньне калгасаў. Дык чаму цяпер людзі ня могуць хаця б частку адабранага кампэнсаваць такім вось чынам?

Але развагі развагамі, а начныя паходы да калгаснай сьцірты ў Адміністрацыйны кодэкс ня ўпісваюцца, спадар Мацкевіч. Праблема, відавочна, будзе вырашана толькі тады, калі справа дойдзе да рэарганізацыі калгасаў, і калі вясковыя жыхары атрымаюць права на вяртаньне зямлі і маёмасьці, гвалтам адабраных у іх у перадваенныя і пасьляваенныя гады.

Фрагмэнт зь ліста ад Фаіны Глебкі з Наваградку:

“Толькі тады, калі бальшыня люду Беларусі будзе з Богам, прыйдзе кіраваць дзяржавай годны чалавек. А будзе большасьць грамадзтва зь нячысьцікам, дык і кіраваць будзе нячысьцік. Па ўсім сьвеце вядзецца пропаведзь Эвангельля. Слухаю, як на Ўкраіну з замежжа трансьлююць рэлігійную дзіцячую праграму “Сьцяжынка”, а для дарослых — “Ад Бібліі да жывога Бога”. Па Беларусі ж паўсюдна прапаведуецца цемрашальства”.

Хрысьціянскія радыёпраграмы ёсьць і на беларускай мове, спадарыня Глебка. Гучыць у эфіры па-беларуску Радыё Ватыкану. Ёсьць перадача “Сымбаль Веры” ў нас на Беларускай Свабодзе. Рэлігійная тэматыка сустракаецца і ў праграмах беларускіх дзяржаўных радыё- і тэлеканалаў. Праўда, там беларуская мова гучыць усё радзей.

На заканчэньне ліст ад актывісткі таварыства абароны жывёлаў “Заасьвет” Маргарыты Пушкевіч зь Менску. Слухачка піша:

“14 студзеня журналістка Тацяна Грынкевіч расказала ў газэце “Советская Белоруссия” пра сваё наведваньне адной зь ня самых горшых фэрмаў на Берасьцейшчыне. Яна была ў шоку, калі даведалася, якія там даюць каровам мянушкі, што выкарыстоўваюцца для ўводу ў кампутар: Пячонка, Няволя, Дубіна, Цыкута, Апатыя, Анэмія, Атрафія, Бадзяга, Гарчыца, Махорка, Гаргона, Гарпія… Мянушкі ў бычкоў ня лепшыя: Мэфістофэль, Молах, Маньяк, Ліхадзей, Лівэр, Нэкроз…

Жанчына-заатэхнік пры гэтым, апраўдваючыся, спаслалася на зборнік мянушак жывёлін, выдадзены Міністэрствам сельскай гаспадаркі БССР у 1972 годзе. Але ж гэты зборнік — сьведчаньне маральнай дэградацыі аўтараў. Мянушка — гэта ня проста ярлык для жывой істоты, гэта пэўным чынам адлюстраваны сьветапогляд, праява здольнасьці думаць і, вядома, паказьнік маральнага ўзроўню чалавека. Але якім чынам зборнік, аўтар якога яўна пакутуе на нэкрафілію, мае права на існаваньне сёньня?”

Ня думаю, спадарыня Пушкевіч, што Міністэрства сельскай гаспадаркі патрабуе ад калгасных заатэхнікаў, каб тыя давалі каровам мянушкі, арыентуючыся выключна на няўдалы зборнік больш як трыццацігадовай даўніны. Самому гэтаму заатэхніку (калі ўжо не хапае ўласнай фантазіі) прайсьціся б па вясковых вуліцах ды распытаць у мясцовых старых, якія мянушкі давалі яны сваім карміцелькам. Ні зьнявагі, ні агрэсіі, ні хваравітых уяўленьняў у тых мянушках ніколі не было.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG