Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэце “Свободные новости” — 15 гадоў


Радыё Свабода У гэты дзень 15 гадоў таму выйшаў першы нумар незалежнай газэты “Свободные новости”. За гэты час выданьне перажыло розныя пэрыяды — ад пасьпяховага бізнэс-праекту ў пачатку 1990-х да фактычнага развалу на мяжы тысячагодзьдзя, ініцыяванага адным з пазьнейшых заснавальнікаў газэты.

Штотыднёвы наклад газэты “Свободные новости” ў свой час перавышаў 100 тысяч асобнікаў. Цяпер, з аб’ектыўных прычынаў, рэкорднай колькасьцю падпісчыкаў выданьне пахваліцца ня можа. Зрэшты, як і астатнія недзяржаўныя грамадзка-палітычныя газэты, удакладняе галоўны рэдактар “Свободных новостей” Васіль Зданюк.

(Зданюк: ) “Газэта рэалізуецца толькі праз шапікі “Белсаюздруку”. У сыстэме “Белпошты” нас ужо няма больш за тры гады. Адлучэньне незалежных газэтаў ад “Белпошты” пачалось менавіта з нас: у верасьні 2002-га мы сталі першымі ахвярамі дзяржаўных “рэпрэсіяў”. Таму цяпер мы без падпісчыкаў, і ўсе 14 тысяч асобнікаў разыходзяцца праз продаж. Дарэчы, цяпер наклад большы толькі ў “БелГазеты”.

Амаль усе 15 гадоў кіраваў “Свободными новостями” Аляксандар Уліцёнак. Кажа, што гэта быў найбольш плённы пэрыяд ягонай прафэсійнай біяграфіі.

(Уліцёнак: ) “У маім уяўленьні “Свободные новости” — газэта-парадокс. Самае папулярнае ў найноўшай гісторыі краіны грамадзка-палітычнае выданьне не ўспрымалі ні ўлады, ні бальшыня апазыцыйных лідэраў. Затое нас любілі чытачы па ўсёй краіне. Мы маліліся на іх, а не на эліту. І ўрэшце сталі пасьпяховай газэтай. На маю думку, для краіны важнейшыя менавіта такія выданьні, а ня тыя, якія нацэленыя на выключна “яйкагаловую” аўдыторыю”.

Цяперашні рэдактар газэты Васіль Зданюк да станоўчых момантаў існаваньня “Свободных новостей” адносіць тое, што ўдалося захаваць рэгулярнасьць выхаду.

(Зданюк: ) “Быў непрацяглы пэрыяд, дзесьці з паўгоду, у 2003-м, калі мы друкаваліся два разы на месяц. Але цяпер выходзім рэгулярна — пяцьдзясят зь лішкам нумароў на год”.

“Чорнай” датай для рэдакцыі “Свободных новостей”, як лічаць супрацоўнікі, стала 18 верасьня 2001 году.

На падставе заявы аднаго з заснавальнікаў, бізнэсоўца Сергея Атрошчанкі, Міністэрства інфармацыі прыпыніла выпуск газэты. У сваю чаргу, Атрошчанка гэтаксама абвясьціў пра спыненьне выхаду “Свободных новостей”, скасаваньне дамовы паміж заснавальнікамі і рэдакцыяй газэты і вызваленьне ад пасады галоўнага рэдактара Аляксандра Ўліцёнка.

Зьнешнія спасылкі: • sn-plus – сайт "Свободных новостей"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG