Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: "Казулін – абсалютна ясная кандыдатура"


Радыё Свабода У кожнай ініцыятыўнай групе кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах заяўлены вядомыя дзеячы літаратуры, культуры й мастацтва. Якімі аргумэнтамі яны тлумачаць свой палітычны выбар?

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка адкрыта прыняла бок дэмакратычнай апазыцыі яшчэ ў папярэднія выбарчыя кампаніі.

(Бандарэнка: ) “Як чалавек творчы я б сказала, што ў нашай краіне ня варта займацца палітыкай. Таму што табе ня будзе ходу. Цябе перакрэсьляць, выкінуць. Твая творчасьць завершыцца. Але калі гаварыць ад імя асобы, грамадзяніна свайго народу, то ўсё ж варта займацца палітыкай”.

У адрозьненьне ад Зінаіды Бандарэнка кіраўнік славутага ансамблю “Сябры” Анатоль Ярмоленка ня надта выразна акрэсьліваў сваё стаўленьне да ўдзельнікаў папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі. Аднак і гэтага было дастаткова, каб адразу пасьля выбараў славутая група надоўга адышла ў цень... Цяпер жа выступленьні калектыву зноў праходзяць на галоўных канцэртных пляцоўках краіны, 19-га студзеня ў Маскве адкрылі імянную зорку “Сяброў”... Народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка тлумачыць, што зьмянілася:

(Ярмоленка: ) “Я не хачу, каб у нашай краіне нейкая барацьба ішла проста з-за таго, што патрэбная барацьба. Я жадаю спакойнага жыцьця сваім дзецям і ўнукам. Вось чаго я хачу”.

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ўладзімер Някляеў далучыўся да ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна. Сваю пазыцыю паэт тлумачыць наступным чынам.

(Някляеў: ) “Чалавек сто не паленаваліся патэлефанаваць і запытацца: “Ну як такое можа быць? Чаму ты не ў Мілінкевіча?” Я там, дзе можна нешта зрабіць супраць таго, што існуе. Казулін абсалютная ясная кандыдатура. Задайце пытаньне: чаму ён, скажам, паклікаў Гілевіча, мяне, Пашкевіча? Ён жадае быць на беларускім полі. Дык навошта замінаць яму гэта рабіць? Прычым чалавеку, які паводле сваіх гадоў можна застацца ў беларускай палітыцы й на пэрспэктыву?”

Гаварыў старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімер Някляеў. А вось ягоны калега па пяры й таксама ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Генадзь Бураўкін заяўляе пра падтрымку кандыдата на ўдзел у выбарах Аляксандра Мілінкевіча.

(Бураўкін: ) “Паколькі я быў дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў і там быў абраны Мілінкевіч, то, бясспрэчна, ён для мяне зьяўляецца той кандыдатурай, якую я перш за ўсё называю. У той жа час, як кажуць, супрацьпастаўляць яго іншаму, у прыватнасьці Аляксандру Казуліну, я не хацеў бы. Таксама хачу верыць, што з Казуліна вырасьце сур''ёзная асоба – палітычная, дэмакратычная. Але калі гаворка ідзе пра канкрэтную сёньняшнюю сытуацыю, то я сьвядома аддаю перавагу Мілінкевічу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG