Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі друк піша аб "падрыхтоўцы баевікоў для рэвалюцыі"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньняшнія польскія газэты пішуць пра тое, што беларускія памежнікі ня выпусьцілі зь Беларусі ў Польшчу Анжаліку Борыс, абвінавачаньні на адрас Польшчы ў падрыхтоўцы баевікоў для беларускай рэвалюцыі і заявы расейскага міністра, які назваў расейцаў і беларусаў “адзіным народам”.

Вядучыя польскія газэты пішуць сёньня пра тое, што беларусія ўлады ня выпусьцілі з краіны непрызнаваную афіцыйнымі Менскам старшыню СПБ Анжаліку Борыс, якая накіроўвалася ў Польшчу.

У матэрыялах падкрэсьліваецца, што спадарыня Борыс ехала ў Польшчу не па прыватных справах, але на афіцыйнае запрашэньне маршалка польскага Сэнтау Богдана Барусэвіча, каб узяць удзел у сустрэчы актывістаў польскай дыяспары ў Варшаве. “Памежнікі патлумачылі, што ў пашпарце спадарыні Борыс не было свабоднага мейсца для пячаткі аб выезьдзе з краіны, аднак яна сама кажа, што гэта няпраўда, бо ў пашпарце была цалкам вольная стронка”, - піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік “Rzeczpospolita” адзначае, што ўсё, што цягам амаль дзьвух гадзінаў адбывалася на памежным пераходзе з Анжалікай Борыс і яе кіроўцам, здымалася на відэакамэру, нягледзячы на пратэсты спадарыні Борыс.

“Gazeta Wyborcza” піша таксама пра матэрыялы ў беларускай дзяржаўнай прэсе, паводле якіх сярод іншых польскія недзяржаўныя арганізацыі ладзяць курсы для маладых беларусаў, нібыта рыхтуючы іх да вулічнай барацьбы і супраціву напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Гэта ўжо ня першыя абвінавачаньні - летась беларускі бок ужо казаў, што тры польскія арганізацыі нібыта займаюцца падобнымі справамі. Тады прадстаўнікі дзьвюх зь іх назвалі такія абвінавачаньні “абсурдам”, а трэцяя арганізацыя, як аказалася, увоугле не існуе.

І напрыканцы невялікая нататка ў газэце “Rzeczpospolita” з загалоўкам “Беларус-расеец два браты”. Польскі штодзёньнік падае словы міністра абароны Расеі сп. Іванова, які ў інтэрвію "Frankfurter Allgemeine Zeitung" заявіў, што расейцы і беларусы гэта “у прынцыпе, адзін народ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG