Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Шалкевіч: "Шпіёнам можна назваць хоць карову Мальву"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Па Беларускім тэлебачаньні апошнім часам можна пачуць пра недружалюбныя крокі з боку Польшчы, нават пра тое, што беларускіх грамадзянаў спрабуюць завэрбаваць польскія спэцслужбы. Як ставяцца да шпіёнаманіі на Гарадзеншчыне, якая мяжуе з Польшчай.

Калі я пацікавіўся ў знаёмых, што яны думаюць пра гэта, адзін сказаў, што да галавы нічога канкрэтнага не прыходзіць, хіба іранічная песенька з “Народнага альбому”—“пра двух польскіх шпіёнаў—Болека і Лёлека”. Сам я памятаю толькі адзін выпадак: больш за дзесяць гадоў таму ў прэсе выступіў з адкрытым лістом былы рэдактар газэты “Glos znad Niemna”, які абвінавачваў польскія спэцслужбы ў спробе яго завэрбаваць. А вось як рэагуе на “шпіёнскія” сюжэты Беларускага тэлебачаньня Андрэй Пачобут —галоўны рэдактар часопісу “Magazyn Polski” ў эміграцыі”:

(Пачобут: ) “Гэта сьведчыць пра тое, што беларуская прапаганда, беларускі рэжым перад прэзыдэнцкімі выбарамі абралі Польшчу аб’ектам сваіх нападак. Відавочна, што перад выбарамі “польская карта” будзе вельмі моцна разыгрывацца”.

Спадар Пачобут узгадвае, што некалькі гадоў таму з краіны ўжо выслалі польскага вайсковага аташэ. Журналіст пазнаў у кадрах, якія паказваюць сёньня, тыя старыя, менавіта зь сюжэту пра аташэ.

(Пачобут: ) “Калі б сапраўды была актыўнасьць польскіх спэцслужбаў, дык аб гэтым людзі б ведалі. Вельмі шмат гарадзенцаў езьдзяць у Польшчу, чэргі перад консульствам у Горадні – таму пацьвярджэньне. Гэтыя людзі, якія хочуць паехаць у Польшчу, яны бачаць у Польшчы партнэра, бачаць краіну добразычлівую, таму што да ворага ніхто ня езьдзіць у госьці”.

Вядомы гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч днямі атрымаў дыплём імя Ежы Гедройца за ягоны даробак ва ўмацаваньне беларуска-польскіх сувязяў. Яго меркаваньне:

(Шалкевіч: ) “Каб быў злоўлены хоць адзін польскі шпіён у Беларусі, дык такі б гучны працэс адбыўся! Усе б папросту захлыналіся ад радасьці… А так брэшуць яны. Мне здаецца, шпіёны — гэта дастаткова сур’ёзныя людзі і на Беларускае тэлебачаньне тым больш трапіць ня могуць. Справа ў тым, што шпіён робіцца такім, толькі калі яго за руку схопяць, калі яму дакажуць. А так яны могуць шпіёнам назваць хоць ката Нігру, хоць карову Мальву”.

Я паспрабаваў даведацца ў КГБ: можа, усё ж няма дыму без агню і ёсьць канкрэтныя прыклады вярбоўкі беларусаў палякамі? Але супрацоўнік дзяржбясьпекі сказаў: яму асабіста такія факты не вядомыя...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG