Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча рэагуе на абвінавачаньні афіцыйнага Менску


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы ўжо ёсьць першыя камэнтары да апошніх публікацыяў у беларускіх дзяржаўных СМІ, дзе польскія недзяржаўныя арганізацыі абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы беларускай моладзі да вулічных акцыяў.

Войцех Беродзіч-Смаліньскі, экспэрт у справах Беларусі варшаўскага Цэнтру міжнародных дачыненьняў кажа, што беларускія ўлады аднавілі наступ на Польшчу, спрабуючы зрабіць яе адным з галоўных ворагаў беларусаў з дзьвюх прычынаў. Першая – татальны кантроль над любымі грамадзкімі ініцыятывамі напярэдадні выбараў.

(Бародзіч-Смалінські: ) “Беларускія ўлады вельмі баяцца “каляровых рэвалюцыяў” і ня хочуць, каб нешта такое паўтарылася ў Беларусі”.

Па-другое, паводле спадара Бародзіча-Сіалінськага, ворагам ізноў абраная менавіта Польшча, бо новыя польскія ўлады маюць больш жорсткую пазыцыю, што да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Значэньне маюць таксама апошнія падзеі ў справе адкрыцьця на польскай тэрыторыі новага радыё для Беларусі.

(Бародзіч: ) “Улады ў Беларусі бачаць, што гэтыя мэдыйныя праекты цяпер больш рэальныя, чым раней і ня хочуць, каб тэлебачаньне, радыё для Беларусі атрымала падтрымку”.

Дэпутат польскага Сэйму, ініцыятар стварэньня дэпутацкай групы на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч таксама зьвязвае палітыку беларускіх уладаў з надыходзячымі выбарамі.

(Тышкевіч: ) “Палякі адыгралі вялікую ролю ў “аранжавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне, і гэтага, натуральна, беларускія ўлады не вітаюць. Афіцыйны Менск спрабуе паказаць, што Варшава, маўляў, ізноў мае дрэнныя намеры.

Польскую меншасьць таксама спрабуюць зрабіць агентамі захаду, капіталістаў. І нарэшце кожны дыктатар, напярэдадні нейкіх дэмакратычных выпрабаваньняў, заўсёды спрабуе адцягнуць увагу грамадзянаў ад унутраных праблемаў. Рэжым увёў таксама дадатковыя абмежаваньні на ўезд замежных грамадзянаў. Я мяркую, што Менск яшчэ больш будзе абвастраць сытуацыю”.

Заявіў Радыё Свабода дэпутат польскага Сэйму Робэрт Тышкевіч.

***

Нагадаем, апошнім часам беларускі КДБ выказвае заклапочанасьць з прычыны павялічэньня інтарэсу да Беларусі з боку польскіх спэцслужбаў. Прынамсі, пра гэта 6 лютага паведаміў "Інтэрфаксу" кіраўнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Валер Надтачаеў. Паводле яго, сталі больш частымі спробы вярбоўкі замежнымі спэцслужбамі, у тым ліку і польскай разьведкай, беларускіх грамадзянаў. Прадстаўнік КДБ заяўляе, што за садзеяньне замежным разьведчыкам беларускім грамадзянам прапаноўваецца палітычны прытулак і вялікія грашовыя ўзнагароджаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG