Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая кампанія: завяршылася праверка падпісных лістоў


Радыё Свабода Раённыя выбарчыя камісіі завяршылі праверку подпісаў, здадзеных за патэнцыйных кандыдатаў, і перадалі іх у абласныя і Менскую гарадзкую камісіі. У штабах апазыцыйных кандыдатаў падлічваюць пэўныя страты подпісаў пасьля праверкі, але перакананыя, што на рэгістрацыю гэта не паўплывае.

У выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну Менску паведамілі пра вынікі сваёй праверкі подпісаў:

(Сябра камісіі: ) “Гайдукевіч — несапраўдных подпісаў мае 1,2%, Лукашэнка — 0,9%, Мілінкевіч — 10, 2%, Казулін — 13,1%”.

Больш за 15% несапраўдных подпісаў, паводле апэратыўных зьвестак выбарчых штабоў кандыдатаў, выяўлена раённымі камісіямі Шчучынскага і Гарадзенскага раёнаў — у падпісных лістах Мілінкевіча, і Кобрынскай раённай камісіяй — у падпісных лістах Казуліна.

У гэтым выпадку ўсе подпісы, сабраныя ў раёне, прызнаюцца несапраўднымі. На гэты момант гэта невялікія страты, якія не паўплываюць на рэгістрацыю, паколькі подпісы былі здадзены зь вялікім запасам, перакананыя ў ініцыятыўных групах Казуліна і Мілінкевіча. Гаворыць кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Па Менску ўсе нашы подпісы прызнаныя сапраўднымі, за выключэньнем паўтары тысяч зь дзевяці раёнаў. Такім чынам, больш за 53 тысячы маем па Менску — гэта больш за палову ад патрэбнага”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў дапускае, што былі недакладнасьці ў подпісах, выяўленыя ў Шчучынскім і Гарадзенскім раёнах, але ён не выключае і таго, што кантралёры былі празьмерна суб’ектыўныя:

(Бухвостаў: ) “Рашэньне аб рэгістрацыі будзе палітычным, а не тэхналягічным, гэта будзе залежаць ад таго, хто прымае рашэньні, — ад Лукашэнкі. Каго захочуць, таго і зарэгіструюць”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што матэрыялы праверкі подпісаў цяпер абагульняюцца ў абласных камісіях, якія маюць на гэта пяць дзён:

(Лазавік: ) “Пакуль дачасна казаць, калі там па нейкім раёне нейкага прэтэндэнта зусім вырубілі, выявіўшы больш за 15% несапраўдных подпісаў. Але гэта ня значыць, што агульная колькасьць па рэспубліцы будзе менш за 100 тысяч. А можа і такое атрымацца… Таму трэба дачакацца канчатковага выніку”.

Цяпер патэнцыйныя кандыдаты рыхтуюць анкеты, заявы са згодай балятавацца на выбарах прэзыдэнта і дэклярацыі аб даходах і маёмасьці на сябе і блізкіх сваякоў, якія яны мусяць падаць у ЦВК да 12 лютага.

Гл. таксама • У Шчучыне не зарэгістравалі больш як 1000 подпісаў за Мілінкевіча • У Ашмяне не зарэгістравалі 773 подпісы за А.Мілінкевіча • На ўвесь Наваполацак за Лукашэнку - тры несапраўдныя подпісы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG