Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ашмянах не зарэгістравалі 773 подпісы за А.Мілінкевіча


Радыё Свабода Кіраўнік раённага штабу збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча Пётра Явідовіч у Ашмянах абураны нерэгістрацыяй подпісаў. Старшыня раённай камісіі Генадзь Пішчык сьцьвярджае, што зборшчыкі подпісаў за Мілінкевіча працавалі нядобрасумленна.

Пётра Явідовіч учора ўвесь дзень спрабаваў даведацца ў райвыканкаме, на які час прызначана паседжаньне раённай камісіі, дзе абвесьцяць вынікі рэгістрацыі подпісаў. Яму адказалі, што вынікі будуць падводзіцца заўтра.

Сёньня, калі ён раніцай прыйшоў у райвыканкам, яму паведамілі, што камісія засядала ўчора.

Але самае нечаканае было тое, што больш як 15% подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча камісія прызнала несапраўднымі. Як вынік, усе 773 подпісы ануляваны.

Асабліва Пётру Явідовіча абурылі прычыны, зь якіх подпісы прызнаны несапраўднымі. Ён некалькі разоў дамагаўся, каб старшыня раённай выбарчай камісіі Генадзь Пішчык даў яму адказ. Кажа Пётра Явідовіч:

(Явідовіч: ) “Ён мне паведаміў, што наша ініцыятыўная група спрацавала вельмі дрэнна, бо больш як 15% подпісаў — гэта мёртвыя душы. Я такога наагул не магу зразумець, каб больш, як 115 подпісаў атрымаліся сфальшафанымі.

Мы працавалі вельмі дакладна, уважліва правяралі ўсе подпісы. Я лічу, што вядзецца сплянаваная акцыя, каб зьняць кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча з прэтэндэнта на кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь”.

Старшыня Ашмянскай раённай камісіі Генадзь Пішчык кажа, што ва ўсіх трох ініцыятыўных групах, якія працавалі на Ашмяншчыне, былі памылкі. Маўляў, і ў групе за Аляксандра Лукашэнку, і за Сяргея Гайдукевіча, але найбольш за Аляксандра Мілінкевіча. Ён лічыць, што сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча працавалі недакладна:

(Пішчык: ) “Прычыны розныя. Асноўная, думаю, нядобрасумленнае стаўленьне сяброў ініцыятыўнай групы. Каб яны больш уважліва працавалі, такога не было б. Людзі, якія зьбіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, няўважліва вывучылі патрабаваньні. А ў астатнім — жыцьцёвыя пытаньні”.

Колькі подпісаў зарэгістравана за Аляксандра Лукашэнку і Сяргея Гайдукевіча, Генадзь Пішчык казаць адмовіўся.

Гл. таксама • У Шчучыне не зарэгістравалі больш як 1000 подпісаў за Мілінкевіча • На ўвесь Наваполацак за Лукашэнку – тры несапраўдныя подпісы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG