Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд задаволіў скаргу М.Аўтуховіча


Радыё Свабода Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд задаволіў апэляцыйную скаргу ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца пад хатнім арыштам. Раней суд у Горадні вырашыў, што прадпрымальнік нібыта самачынна захапіў зямлю і таму павінен заплаціць павялічаны зямельны падатак. Гэтае рашэньне скасавана, справу перадалі на новы разгляд.

Мікалай Аўтуховіч сам хацеў прысутнічаць пры разглядзе сваёй скаргі. Аднак яму не дазволіў пакінуць Ваўкавыск судзьдзя Мікалай Рачынскі, які будзе разглядаць крымінальную справу супраць прадпрымальніка. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў юрыст Андрэй Кухцюк, які прадстаўляў сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе інтарэсы Аўтуховіча.

Нагадаем, што Ваўкавыская падатковая інспэкцыя вырашыла, што спадар Аўтуховіч нібыта самачынна заняў зямлю побач са сваім офісам і жылым домам, таму за 2004 год яму налічылі падатак за зямлю ў дзесяць разоў большы за звычайны — 14 мільёнаў рублёў.

Тым часам на 9 лютага прызначаны пачатак крымінальнага працэсу над Мікалаем Аўтуховічам. Яго абвінавачваюць у тым, што ён ухіляўся ад выплаты падаткаў, што пацягнула асабліва вялікія страты для бюджэту. Справа будзе разглядацца ў Горадні ў Кастрычніцкім раённым судзе. Самому Аўтуховічу нельга размаўляць па тэлефоне і сустракацца з журналістамі, паколькі ён знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Ягоны сябра Ўладзімер Асіпенка гаворыць наконт маючага адбыцца суду:

(Асіпенка: ) “Ён, прынамсі, не казаў, што не паедзе на суд. Ён гатовы ўдзельнічаць у працэсе. Пачнём з таго, што яму трэба азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Ён жа пакуль нічога не чытаў”.

Нагадаю, што на час сьледзтва Мікалая Аўтуховіча пасадзілі за краты, і ён 74 дні галадаў, патрабуючы, каб яму зьмянілі меру стрыманьня і выпусьцілі, пры гэтым ён страціў 38 кіляграмаў. Да гэтага часу ён працягвае выходзіць з галадоўкі.

(Асіпенка: ) “Ён, натуральна, не есьць мяса, ня п''е сьпіртнога, а пераважна есьць кашу. А чым займаецца? Шмат чытае. Чытае газэты, але не “Советскую Белоруссию”, а перадусім “Народную Волю”.

Мікалай Аўтуховіч ладзіў галадоўку пратэсту спачатку ў гарадзенскай турме, потым у рэспубліканскім турэмным шпіталі, адкуль яго 28 сьнежня перавезьлі і Ваўкавыск і зьмясьцілі пад хатні арышт. Непадалёк ад дому прадпрымальніка стала дзяжурыць міліцыянт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG