Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як менчукі ставяцца да бясплатнага канцэртнага туру “За Беларусь!”?


Радыё Свабода Тэлеканал ОНТ распачаў бясплатны тур па гарадах Беларусі шэрагу расейскіх і беларускіх поп-зорак. Перад аўдыторыяй, якую зьбіраюць на канцэрты па бясплатных запрашальніках, ужо выступілі або маюць намер выступіць Валеры Меладзэ, Крысьціна Арбакайтэ, Алег Газманаў, Валеры Лявонцьеў ды іншыя дзеячы шоў-бізнэсу. На гэтых канцэртах гучаць ня толькі песьні, але і прапагандысцкія выступы ў падтрымку дзейнай улады. Як да гэтага ставяцца людзі?

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да бясплатнага канцэртнага туру па ўсёй краіне, які праводзіць тэлеканал ОНТ — “За Беларусь!”?”

(Спадар: ) “Добра. Няхай квітнее Беларусь! Я — за”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта выкарыстаньне ўладай сваіх магчымасьцяў для прапаганды. І ня толькі канцэрты выкарыстоўваюцца, але і радыё, тэлебачаньне, прэса. Дзейны прэзыдэнт максымальна выкарыстоўвае свае рычагі, і гэта нават лічыцца нармальным”.

(Хлопец: ) “Я думаю, гэта добра, бо людзі глядзяць і многім гэта падабаецца. Ня ўсе могуць дазволіць схадзіць на звычайны канцэрт — тыя ж пэнсіянэры альбо часова беспрацоўныя. З другога боку, агітацыя ўсё роўна павінна адбывацца, і калі яна адбываецца такім чынам — гэта нядрэнна”.

(Хлопец: ) “Нічога дрэннага ў гэтым ня бачу. Калі гэта робяць самі артысты, якія хочуць паўдзельнічаць і робяць гэта бясплатна, нічога дрэннага няма. Але калі ёсьць моманты перадвыбарчай агітацыі, то гэта ня вельмі добра”.

(Дзяўчына: ) “Мне не падабаецца, мы ня слухаем такой музыкі. Лепш бы паслухала “NRM” ці накшталт гэтага”.

(Дзяўчына: ) “Лепш, каб гэта быў тур кшталту “Рок-каранацыі”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што ўсё гэта паказуха, і калі гэта бачыш, цягне на ваніты”.

(Спадар: ) “Станоўча. Папулярызуе нашую культуру, наш нацыянальны мэнталітэт. А ўвогуле падчас такіх канцэртаў палітычная агітацыя не зусім дарэчная”.

(Пэнсіянэр: ) “Вельмі пасрэдна стаўлюся. Я ўвогуле не разумею лёзунгу “За Беларусь!”. Мы ўсе жывем у Беларусі і ўсе — за. Што гэта значыць, я ня ведаю, хаця і здагадваюся”.

Згодна зь некаторымі расейскімі крыніцамі, звычайна за адзін канцэрт Валеры Лявонцьеў і Аляксандар Малінін просяць ганарар да 20 тысяч даляраў. Валеры Меладзэ і Алег Газманаў — да 15 тысяч. Крысьціна Арбакайтэ і Валерыя просяць ад 8 да 10 тысяч. Бальшыня беларускіх поп-выканаўцаў здавольваецца некалькімі сотнямі даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG