Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партызанам” даюць дзьве гадзіны на зборы


Ігар Карней, Менск Ад сярэдзіны мінулага тыдня ўсе беларускія ваенкаматы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. На месячныя вучэбныя зборы прызываюцца салдаты запасу з войскаў супрацьпаветранай абароны. Дзьве гадзіны на тое, каб зьявіцца ў ваенкамаце, атрымаў і наш карэспандэнт...

Пазоў не пакідаў сумневу наконт сур’ёзнасьці намераў абароннага ведамства: “Загадваю зьявіцца цягам двух гадзінаў ад моманту атрыманьня пазову ў ДК МАПІДу па вуліцы Панамарэнкі. У іншым выпадку вы будзеце прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці паводле закону”. Як удакладнілі супрацоўніцы ЖЭСу, якія прынесьлі паперу, ужо былі выпадкі, калі “угаворваць” адказьнікаў прыяжджаў АМОН, а таму лепей ставіцца да справы з усёй сур’ёзнасьцю.

На зваротнай старонцы пазову – пералік таго, што трэба мець з сабой. Апроч ваеннага білету, пашпарту і пасьведчаньня на права кіраваньня аўтамабілем, трактарам, танкам ці матацыклам, яшчэ – рэчавы мех, лыжку, кубак, ручнік, прадукты харчаваньня на адны суткі. Прадпісана быць у спраўным адзеньні і абутку. Па ўказаным адрасе паехаў наўпрост з працы. На ганку Дому культуры МАПІДу гаманіла добрая сотня рознаўзроставых “партызанаў” (так звычайна завуць тых, каго забіраюць на падвышэньне вайсковай кваліфікацыі). Палова ўжо была на добрым падпітку і скардзілася, што трэці дзень іх нікуды не вязуць.

(Карэспандэнт: ) “Як тут – адзначаюць ці адразу забіраюць?”.

(“Партызан”: ) “І адзначаюць, і забіраюць. Туды як зойдзеш, дык ужо і будзеш ваеннаабавязаным. Заходзь, ня бойся…”

(Другі “партызан”: ) “Чуеш, што… Нас першы раз сабралі а шостай пазаўчора, а пазоў адзначылі толькі сёньня. Два дні чакаем. А яны чамусьці не забіраюць. Але ты зайдзі, пацікаўся”.

(Карэспандэнт: ) “Справа ў тым, што ваеннага білету нават з сабой няма…”.

(Трэці “партызан”: ) “Ну, адправяць, заўтра прыйдзеш. Але яно табе трэба – кожны дзень сюды бегаць? Ідзі лепш сёньня, хоць адзначысься”.

У натоўпе казалі, што “адмазацца” ад збораў практычна не рэальна. Калі раней можна было адпаведным чынам “задобрыць” работнікаў ваенкамату, то цяпер вайсковая сфэра на асабістым кантролі Галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта стала зразумела і пасьля размовы з супрацоўнікамі ваенкамату.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень, дзе ў вас можна адзначыцца?”.

(Супрацоўніца ваенкамату: ) “У якім сэнсе “адзначыцца”?… Гэта зборы! Мы не “адзначаем”, а адпраўляем на зборы”.

(Карэспандэнт: ) “Мяне пазалетась выклікалі, але калі даведаліся, што маю трое дзяцей, дык адправілі назад…”.

(Супрацоўніца ваенкамату: ) “А, у вас трое дзяцей? Зараз удакладню… Так, тады ўсё добра”.

(Карэспандэнт: ) “Можна больш не прыходзіць?”

(Супрацоўніца ваенкамату: ) “Не, дзякуй”.

У Міністэрстве абароны паведамілі, што вучэбныя зборы маюць плянавы характар. У баявую гатовасьць прыведзеныя падразьдзяленьні 65-й аўтамабільнай брыгады і 86-й брыгады сувязі.

Паказальна, што падобныя мерапрыемствы адбываюцца якраз напярэдадні значных палітычных кампаній у Беларусі. Так, пазалетась мяне спрабавалі выклікаць на зборы за месяц да рэфэрэндуму. Цяпер гісторыя паўтараецца за месяц перад прэзыдэнцкімі выбарамі...

Учора прызваныя “запасьнікі” прынялі ваенную прысягу. У Міністэрстве абароны ўдакладнілі, што “прысягу на вернасьць народу Беларусі” прымалі толькі тыя, хто служыў у час існаваньня Савецкага Саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG