Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш прапануе павялічыць выдаткі на абарону ЗША


Радыё Свабода Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш накіраваў у Кангрэс праект бюджэту на 2007 год, які прадугледжвае значнае павелічэньне выдаткаў на барацьбу з тэрарызмам і скарачэньне асыгнаваньняў на сацыяльныя праграмы.

У прапанаваным прэзыдэнтам ЗША праекце бюджэту выдаткі ўраду ў 2007 годзе складуць 2 трыльёны 770 мільярдаў даляраў. Мяркуецца істотна падвысіць выдаткі на абарону і ўнутраную бясьпеку. У адпаведнасьці з праектам, выдаткі Пэнтагону павялічацца ў 2007 годзе амаль на 7 працэнтаў і складуць амаль 440 мільярдаў даляраў. Яшчэ 120 мільярдаў у 2006 і 2007 гадох мяркуецца накіраваць на вайсковыя апэрацыі ў Іраку і Аўганістане.

Джордж Буш прапануе таксама на 3 працэнты павялічыць выдаткі на гарантаваньне ўнутранай бясьпекі. Усяго цягам найбліжэйшых пяці гадоў плянуецца павялічыць абаронныя выдаткі на 65 мільярдаў даляраў, а выдаткі на сацыяльныя і мэдычныя праграмы скараціць на гэткую ж суму. Пры гэтым варта дадаць, што асыгнаваньні на мэдычныя праграмы застануцца асноўнымі выдаткамі і складуць 42 працэнты бюджэту, тады як расходы на абарону – амаль 16 працэнтаў.

Джордж Буш мае намер у найбліжэйшыя пяць гадоў скараціць фінансаваньне праграмы мэдычнага абслугоўваньня для малазабясьпечаных, пажылых і непрацаздольных амэрыканцаў. Маючы на мэце скарачэньне бюджэтнага дэфіцыту ўдвая да 2009 году, Белы дом прапануе выключыць ці скараціць 141 фэдэральную праграму.

Яе адзначыла кіраўніца бюджэтнага камітэту сэнату ЗША Джад Грэг, “трэба глядзець праўдзе ў вочы – пакаленьне дэмаграфічнага выбуху (1940 – 1950-х гадоў) хутка выйдзе на пэнсію, і мы павінны ў зьвязку з гэтым нешта рабіць”. Дадамо, што скарачэньні гэтаксама закрануць прафэсійна-тэхнічную адукацыю, судовую сыстэму і транспарт.

Джордж Буш заявіў, што ягоная адміністрацыя сканцэнтравала нацыянальныя прыярытэты на найгалоўнай задачы – абароне амэрыканскіх грамадзянаў. “Працуючы з Кангрэсам, – сказаў Джордж Буш, – мы прадставілі нашым вайскоўцам на франтох барацьбы з тэрорам тыя памеры фінансаваньня, якія патрабуюцца, каб перамагчы ворага і зьнішчыць, абяскровіць тэрарыстычныя змовы і арганізацыі”.

Аднак гэты праект бюджэту яшчэ павінен увесну ўхваліць амэрыканскі Кангрэс. Некаторыя аналітыкі не выключаюць, што кангрэсмэны могуць не падтрымаць скарачэньня сацыяльных выдаткаў, асабліва ўлічваючы набліжэньне выбараў. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ўжо рэзка крытыкавалі прапанаваны Бушам праект. Як заявіў дэмакрат сэнатар Гары Рыд, скарачаюцца выдаткі на тых, хто найменей можа сабе гэта дазволіць. Аднак рэспубліканцы аргумэнтуюць сваю пазыцыю тым, што заплянаваныя скарачэньні – гэта прыкмета фінансавай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG