Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусь-ТБ": прапаганда без намёку на беларускасьць?


Радыё Свабода Год таму на замежжа пачаў вяшчаць міжнародны спадарожнікавы тэлеканал “Беларусь-ТБ”. Як паведамляюць у Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, вяшчаньне каналу ажыцьцяўляецца ў кабэльных сетках больш як 200 апэратараў у 12 краінах сьвету. Між тым, гледачы адзначаюць: праграмы, адабраныя для паказу, з прапагандай нацыянальнай ідэі маюць вельмі мала агульнага. Да таго ж, амаль усе перадачы трансьлююцца па-расейску.

Як паведамляе прэсавая служба Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, 17 гадзінаў на суткі ў кабэльных сетках 12 краінаў (Расеі, Украіны, Малдовы, Казахстану, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Узбэкістану, Аўстраліі, Грузіі, Армэніі) гледачы могуць глядзець аналітычныя і забаўляльныя дайджэсты Першага нацыянальнага каналу, “Ладу”, ОНТ і “Сталічнага тэлебачаньня”.

Апроч таго, праз сайт Бэлтэлерадыёкампаніі тэлеканал “Беларусь-ТБ” вядзе наўпроставае вяшчаньне ў Інтэрнэце.

Аднак адмыслоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што нават намёку на беларускасьць у праграмах “Беларусь-ТБ” няма. Пра гэта гаворыць былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “У свой час два гады калектыў наш патраціў на тое (хоць няпроста, нялёгка было), каб дамагчыся нацыянальнага каналу. Пра што яны цяпер на Макаёнка ўсе маўчаць. Тады сапраўды не было нацыянальнага каналу, была першая праграма цэнтральнага савецкага тэлебачаньня, у якую нам дазвалялі пару разоў “укліньвацца”. І нарэшце зь вялікай цяжкасьцю мы дабіліся, што стварылі (якога ўзроўню – справа ўжо іншая) свой нацыянальны канал. Імкнуліся яго да ладу давесьці. Паступова падыходзілі да ўзроўню сур’ёзнага каналу, перамагалі практычна на ўсіх творчых спаборніцтвах апошняга часу ў Савецкім Саюзе сярод нашых калегаў”.

На міжнародны рынак “Беларусь-ТБ” па-беларуску рэпрэзэнтуе толькі адну беларускамоўную праграму – “Мая краіна – Беларусь”. Астатні эфірны час запаўняецца расейскамоўнымі нарэзкамі кшталту “Славянский базар в Витебске”, “Доброе утро, Беларусь!”, “Славянский проект”, “Золотое сечение”, “Беларусь в лицах”, праграмамі навінаў.

Кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі кажа, што пашырыць асартымэнт перашкаджаюць патрабаваньні наяўнасьці ліцэнзій на шэраг праграмаў, перадусім, спартовых.

(Зімоўскі: ) “Падача сыгналу на спадарожнік ажыцьцяўляецца ўжо немалы тэрмін. І з пункту гледжаньня тэлебачаньня сапраўды можна канстатаваць, што ёсьць нюансы. Прынамсі, узьнікла пытаньне ачысткі ліцэнзійных правоў таго прадукту, які падаецца на “Беларусь-ТБ”. Але гэта пытаньне Беларускай тэлерадыёкампаніі”.

Сёлета тэлебачаньне ўжо адзначыла адзін юбілей – 1 студзеня споўнілася 50 гадоў, як у эфіры пачалі зьяўляцца праграмы студыі Беларускага тэлебачаньня.

Аднак былая дыктарка Ганна Арцюшкевіч лічыць, што і ў выпадку з каналам “Беларусь-ТБ”, і беларускім тэлебачаньнем увогуле можна канстатаваць: сучасная тэлепардукцыя ня мае нічога агульнага з папулярызацыяй нацыянальнай ідэі. І сытуацыя бліжэйшым часам наўрад ці зьменіцца.

(Арцюшкевіч: ) “Там нельга нічога зьмяніць. Дзеля таго, каб там штосьці зьмянілася, неабходна, каб зьмянілася, найперш, палітычная сытуацыя ў краіне. І ў адпаведнасьці з гэтым новыя рэаліі запатрабавалі б зьмены на тэлебачаньні. Тады неабходна паставіць новага чалавека на чале новай каманды, які б у ва ўсёй гэтай сфэры разьбіраўся і быў пры гэтым прыстойным чалавекам.

Цяперашні рэжым цалкам задавальняе цяперашняе тэлебачаньне”.

У прэсавым рэлізе Белтэлерадыёкампаніі адзначаецца: “Беларусь-ТБ” – гэта дзяржаўны некамэрцыйны тэлеканал, які ажыцьцяўляе вяшчаньне за межы краіны і забясьпечвае інфармацыйную сувязь этнічных беларусаў з гістарычнай радзімай.

Гл. зьнешнія спасылкі: • "Беларусь ТБ" – афіцыйная старонка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG