Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе пакараць С.Скрабца 5.5 гадамі зьняволеньня


Радыё Свабода Прысуд былому дэпутату Сяргею Скрабцу будзе агалошаны 14 лютага, але ўжо вядома, якое пакараньне для Скрабца запрасіла пракуратура.

У пракуратуры Беларусі лічаць, што віна Сяргея Скрабца цалкам даказаная і яго трэба пакараць пазбаўленьнем волі. Тэрмін – пяць з паловай гадоў. Столькі для былога дэпутата папрасіла ў суду прадстаўніца пракуратуры Марына Асіпчык.

Яна лічыць, што Скрабец вінаваты ў выманьваньні крэдытаў, у тым, што незаконна займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю і ў падрыхтоўцы да дачы хабару. У якасьці доказаў Марына Асіпчык назвала паказаньні сьведкаў, дакумэнты і запісы, якія зрабіла міліцыя, калі праслухоўвала тэлефонныя размовы былога дэпутата.

Малодшага брата Сяргея Скрабца Аляксандра, якога судзілі як саўдзельніка ў двух эпізодах, прадстаўнік пракуратуры прасіла пакараць трыма гадамі абмежаваньня волі. У пракуратуры лічаць, што Аляксандр Скрабец варты больш мяккага пакараньне, бо часткова прызнаў сябе вінаватым.

Прэтэнзіі да Скрабцоў падзяляе і прадстаўніца “Беларусбанку” Надзея Гуткоўская.

(Гуткоўская: ) “Страты, нанесеныя юрыдычнай асобе, мусяць быць цалкам вернутыя тым, хто прынёс страты. Таму прашу спагнаць з братоў Скрабцоў сукупна 334 тысячы даляраў стратаў ад крэдыту, які быў ўзяты фірмай “Белбабаеўскае”, і асабіста зь Сяргея Скрабца – 217 тысяч даляраў стратаў ад крэдыту фірмы “Белтрэйдэкспа”.

Сяргей Скрабец сябе вінаватым не прызнаў. Былы дэпутат спасылаўся на тое, што калі фірмы “Белбабаеўскае” і “Белтрэйдэкспа” атрымлівалі крэдыты, ён там ужо не працаваў. А эпізод аб падрыхтоўцы да дачы хабару прадстаўнікам судовай сыстэмы Сяргей Скрабец называў правакацыяй, якую ўчынілі супраць яго беларускія спэцслужбы.

У самім судовым працэсе, які ідзе ў Вярхоўным судзе, Сяргей Скрабец ўдзельнічаць адмовіўся. Ён і сёньня заявіў пра тое, што яго перасьледуюць паводле палітычных прычынаў і заклікаў змагацца зь дзеючай ўладай.

Ад 1 студзеня Сяргей Скрабец трымае галадоўку пратэсту. Сёньня ў судзе ён паведаміў, што з-за галадоўкі адчувае сябе кепска і паводле стану здароўя ня можа прысутнічаць на паседжаньні. На гэта судзьдзя Віктар Ракіцкі зачытаў даведку турэмнага лекара, паводле якой стан вязьня прызнаны здавальняючым. Усе хадайніцтвы Сяргея Скрабца, ў тым ліку аб зьмене меры стрыманьня ў сувязі з 260-годзьдзем Тадэвуша Касцюшкі, судзьдзя Віктар Ракіцкі адхіліў.

Пасьля прадстаўнікоў пракуратуры і грамадзянскага абвінавачваньня выступілі адвакаты. Адвакат Юры Сташкевіч прасіў суд цалкам апраўдаць Сяргея Скрабца.

Прысуд ў гэтай справе будзе агалошаны 14 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG