Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін і Мілінкевіч пабывалі ў Маскве


Уладзімер Глод, Менск Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч 6 лютага ўдзельнічалі ў круглым стале, які прайшоў у сталіцы Расейскай Фэдэрацыі. Паўдня палітыкі і экспэрты абедзьвюх краінаў абмяркоўвалі тры асноўныя пытаньні: палітычныя аспэкты расейска-беларускіх адносінаў, пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва і правы чалавека ў кантэксьце так званай саюзнай дзяржавы.

Мэту гэтага мерапрыемства яго арганізатары — уплывовыя прадстаўнікі беларускай дыяспары, перадусім, зьвязаныя з маскоўскім Таварыствам беларускай культуры імя Францыска Скарыны, сфармулявалі так: лепш пазнаёміць расейскую палітычную эліту з апазыцыйнымі беларускімі палітыкамі. Пра гэта гаворыць маскоўскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Андрэй Макагон:

(Макагон: ) “Перадусім, мы хочам дапамагчы нашай радзіме, каб яна стала дэмакратычнай краінай, каб потым і мы маглі вярнуцца дадому. Па-другое, дапмагчы нашай дэмакратычнай апазыцыі дамовіцца паміж сабой і вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Трэба ўпрагацца ў гэты воз”.

Паслухаць двух Аляксандраў — Казуліна і Мілінкевіча, якія выступалі на першай (палітычнай) сэсіі, сабраліся палітолягі, праваабаронцы ды расейскія палітыкі пераважна правага кірунку: Мікіта Бялых, Барыс Нямцоў, Уладзімер Лысенка. Аднак у залі таксама заўважылі прадстаўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, супрацоўніка амбасады Беларусі.

Абодва патэнцыйныя кандыдаты на найвышэйшую пасаду ў сваіх прамовах падкрэсьлілі, што ў выпадку перамогі на выбарах яны гатовыя да канструктыўнага супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі. Яны таксама акцэнтавалі ўвагу на тым, што не зьяўляюцца антырасейцамі, якімі іх прадстаўляе беларуская афіцыйная прапаганда.

Удзельнік сёньняшняга паседжаньня менскі палітоляг Андрэй Суздальцаў лічыць, што расейскі вэктар для беларускіх палітыкаў нават больш значны, чым заходні, паколькі ў руках Крамля знаходзіцца такі магутны рычаг уплыву, як газавы вэнтыль:

(Суздальцаў: ) “Канечне, пазыцыянаваньне сябе на Захадзе — вельмі важная справа. Аднак пазыцыянаваньне сябе ў Маскве, якая можа адным паваротам газавага вэнтыля за некалькі месяцаў літаральна зьніштожыць нашу эканоміку, ня менш важная справа”.

А як бачаць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі расейскія палітолягі? Сяргей Маркаў, старшыня Нацыянальнай грамадзянскай рады ў міжнародных справах, упэўнены, што на падтрымку Крамля можа разьлічваць выключна прарасейска настроены палітык:

(Маркаў: ) “У Маскве вельмі ўважліва сочаць за тым, хто мог бы быць альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. У нас хацелі, каб і Менск рухаўся ў кірунку дэмакратыі, паколькі нам прыходзіцца плаціць вялікую палітычную цану за тое, што мы маем справу зь недэмакратычнай краінай. Таму ў Маскве хацелі б, каб у Беларусі была больш рэальная палітычная барацьба паміж двума-трыма прарасейскімі палітыкамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG