Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўручаныя музычныя ўзнагароды “Містэрыя гуку-2005”


Зьміцер Падбярэскі, Менск У Беларусі паболела яшчэ на адну музычную прэмію. 3 лютага сетка музычных крамаў “Містэрыя гуку” аб’явіла імёны пераможцаў у дзевяці намінацыях прэміі за мінулы год.

Можна спрачацца адносна таго, наколькі важкім дасягненьнем зьяўляецца атрыманьне адной з музычных прэміяў, зважаючы на іх колькасьць у краіне. Але ўпершыню найлепшыя ў трох агульных і шасьці спэцыяльных намінацыях называліся, зыходзячы з колькасьці прададзеных цягам мінулага году аўдыёносьбітаў. Гэта даволі аб’ектыўны, хоць і не бяз пэўных мінусаў, паказчык. Скажам, аўдыторыя прыхільнікаў блюзу куды меншая, чым аўдыторыя аматараў папулярнай песьні, а песьні на расейскай мове набываюцца куды часьцей, чым на беларускай. Адзін з арганізатараў цырымоніі журналіст Дзьмітры Бескаравайны тлумачыць, што́ ініцыятары прэміі зрабілі для таго, каб паставіць усіх прэтэндэнтаў у больш-менш роўныя ўмовы.

(Бескаравайны: ) “У розных стылях – розныя тыражы продажаў. Менавіта таму мы зрабілі стылёвыя намінацыі: рок, поп, шансон, рэп / гіп-гоп, альтэрнатыва і гэтак далей. Блюзавай не зрабілі, але, мабыць, у будучыні гэта будзе таксама”.

Спэцыфіка вызначэньня найлепшых на падставе тыражоў у Беларусі заключаецца яшчэ і ў тым, што ня ўсе выдаўцы дэкляруюць рэальныя наклады дыскаў. Пры гэтым нельга аспрэчваць, што попыт на беларускую музыку цягам мінулага году істотна вырас.

Ці зьвязана гэта з увядзеньнем летась 75-працэнтнай абавязковай квоты беларускай музыкі ў радыёэфіры? Тлумачыць Дзьмітры Бескаравайны:

(Бескаравайны: ) “Мабыць, нейкае дачыненьне нашая прэмія да 75 працэнтаў мае, бо гэтыя працэнты паспрыялі таму, што зьявіліся і сталі папулярнымі шмат якія беларускія выканаўцы. І гэтыя вынікі трэба было неяк адзначыць”.

Застаецца толькі пачакаць канца месяца і параўнаць вынікі цырымоніі “Містэрыі гуку” з тым сьпісам пераможцаў, якіх назаве “Рок-каранацыя”. Усё ж многія ўдзельнікі апошняй у значнай меры мелі куды большыя праблемы як з канцэртамі, так і з продажам уласных запісаў.

* * * Музычныя ўзнагароды “Містэрыя гуку-2005”

Намінацыя “Рэлізы беларускіх фольк-выканаўцаў” Лідэр продажу – “Стары Ольса” (“Сярэднявечная дыскатэка”) Другое месца – “Troitsa” (“Troitsa”) Трэцяе месца – Іван Курчук (“Спадчына загінуўшых вёсак”)

Намінацыя “Рэлізы беларускіх выканаўцаў рэпу і гіп-гопу” Лідэр продажу – “Нестандартный Вариант” (“Не как все”) Другое месца – “Хлоп-Ч” (“С Запада на Восток”) Трэцяе месца – “Городская Тоска” (“На отрезке времени”)

Намінацыя “Рэлізы беларускіх выканаўцаў альтэрнатыўнай музыкі” Лідэр продажу – “Куклы” (“Дисциплина Хаоса”) Другое месца – “Drum Ecstasy” (“Drums Only”) Трэцяе месца – “ТТ-34” (“Грубый помол”)

Намінацыя “Рэлізы беларускіх рок-выканаўцаў” Лідэр продажу – “J_морс” (“Апрель”) Другое месца – “Крамбамбуля” (“Радыё Крамбамбуля 0,33 FM”) Трэцяе месца – “Саша и Сирожа” (“Ска-ты!”)

Намінацыя “Рэлізы беларускіх выканаўцаў шансону” Лідэр продажу – Віктар Каліна (“Озорной гуляка”) Другое месца – Віктар Каліна (“Девочка-проказница. Best”) Трэцяе месца –Віктар Каліна (“Старые друзья”)

Намінацыя “Рэлізы беларускіх поп-выканаўцаў” Лідэр продажу – “Atlantica” (“Heavenly”) Другое месца – “Тяни-Толкай” (“3000 шагов. Баллады”) Трэцяе месца – Алеся (“О главном”)

Спэцыяльны прыз “Замежныя рэлізы беларускіх выканаўцаў” Натальля Падольская (“Поздно”)

Намінацыя “Беларускія зборнікі” Лідэр продажу – зборнік “Песня года Беларуси 2005. Часть 1” Другое месца – зборнік “Песня года Беларуси 2005. Часть 2” Трэцяе месца – зборнік “Песня года Беларуси 2004”

Намінацыя “Сынглы беларускіх выканаўцаў” Лідэр продажу – Аляксей Хлястоў (“Ворваться в небо”) Другое месца – “Новый Иерусалим” (“Я подарю тебе”) Трэцяе месца – “Чук и Гек” (“Малыш”)

Намінацыя “Альбомы беларускіх выканаўцаў” Лідэр продажу – “J_морс” (“Апрель”) Другое месца – “Atlantica” (“Heavenly”) Трэцяе месца – “Крамбамбуля” (“Радыё Крамбамбуля 0,33 FM”)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG