Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы завяршаецца набор назіральнікаў на беларускія выбары


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы завяршаецца набор грамадзянаў краіны, якія хацелі б паехаць у Беларусь у якасьці назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Мяркуецца, што за беларускімі выбарамі будуць назіраць прынамсі некалькі сотняў палякаў.

Выезд назіральнікаў у Беларусь арганізоўваюць Міністэрства замежных справаў Польшчы і Фонд імя Стэфана Баторага. Зацікаўленасьць вельмі вялікая – на працягу некалькіх дзён жаданьне паехаць на беларускія выбары выказалі 150 чалавек – гэта пераважна маладыя людзі.

Гаворыць адзін з арганізатараў выезду Яцак Кастэлянец:

(Кастэлянец: ) “Зацікаўленасьць вельмі вялікая: людзі тэлефануюць, кажуць, што вельмі хацелі б паехаць. Думаю, што выберам прынамсі каля 300 чалавек – выезд такой колькасьці людзей прафінансуе польскі ўрад. Але галоўная праблема ў тым, які іх акрэдытаваць, бо толькі каля чатырох дзясяткаў палякаў могуць паехаць у Беларусь у рамках місіі АБСЭ. МЗС Польшчы працуе над гэтым, і я спадзяюся, што нам удасца выслаць у Беларусь шмат назіральнікаў. Галоўныя крытэры для іх – гэта веданьне сытуацыі ў Беларусі, веданьне беларускай (альбо расейскай) і ангельскай моваў, а таксама адказнасьць – назіральнік павінен быць нэўтральнай асобай. Мы хочам, каб нашыя назіральнікі былі кампэтэнтныя і адказныя”.

Адзін з тых, хто зьбіраецца паехаць у Беларусь, – варшаўскі студэнт Томаш Бладынец.

(Бладынец: ) “Я веру ў тое, што пры дапамозе назіраньня можна паўплываць на тое, каб выбары ў Беларусі былі больш сумленныя і празрыстыя. Вядома, назіральнік ня мае магчымасьці прадухіліць фальсыфікацыі, нават калі іх бачыць, але, мяркую, што сама прысутнасьць замежных назіральнікаў, усьведамленьне, што нехта гэтым цікавіцца, магчыма, неяк зьменшыць колькасьць парушэньняў”.

Сваіх назіральнікаў на выбары ў Беларусі рыхтуе зь ліку дэпутатаў і польскі парлямэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG