Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя рэакцыі на нявыдачу візаў прадстаўнікам ЗША і Эўразьвязу


Радыё Свабода Беларускія ўлады ня выдалі ўязныя візы высокапастаўленым чыноўнікам ЗША і Рады Эўразьвязу. З гэтай прычыны намесьнік дзяржсакратара ЗША ў краінах Эўропы Дэніэл Фрыд і генэральны дырэктар аддзела ў зьнешніх і вайскова-палітычных пытаньнях Рады Эўразьвязу Роберт Купэр адмянілі свой візыт у Беларусь.

Як адзначаецца ў прэсавым рэлізе дзярждэпартамэнту ЗША, ініцыятыва наведаць Менск сыходзіла ад Эўразьвязу і ЗША, якія хочуць мець больш блізкія і больш цёплыя адносіны зь Беларусьсю, а таксама зноў пацьвердзіць імкненьне падтрымаць дэмакратыю і грамадзянскую супольнасьць у краіне. Аднак спадары Дэніэл Фрыд і Роберт Купэр расчараваныя адмовай беларускіх уладаў ад удзелу ў “адкрытым і шчырым дыялёгу зь міжнароднай супольнасьцю”. Яны лічаць жыцьцёва важным, каб прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі свабодна і справядліва, адпаведна міжнародным стандартам і абавязацельствам Беларусі ў рамках АБСЭ і ААН, каб вызначальнай была воля выбарнікаў.

Паводле прадстаўнікоў ЗША і Эўразьвязу, у выпадку захаваньня цяперашніх недэмакратычных ўмоваў, яны непазьбежна паўплываюць на вынік прэзыдэнцкіх выбараў. “Эўразьвяз і ЗША будуць ацэньваць вынікі і рэагаваць адпаведным чынам”, гаворыцца ў паведамленьні дзярждэпартамэнту ЗША.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў заявіў, што пра адмову ў выдачы візаў гаворкі ня можа быць. Маўляў, амэрыканскі бок, скажае факты. Паводле спадара Папова, улады не адмаўлялі ў візыце ні ЗША, ні Эўразьвязу, але беларускі бок сыходзіў з таго, што “Беларусь мае з Эўразьвязам і ЗША самастойныя стасункі, абумоўленыя цэлым комплексаў адрозных фактараў”, таму было прапанавана правесьці паасобныя візыты. Паводле спадара Папова, ініцыятыва ў арганізацыі візыту сыходзіла зь беларускага боку. Кансультацыі з Эўразьвязам адносна візыту яго дэлегацыі працягваюцца.

Камэнтуючы заяву прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША, прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што “цяпер Злучаныя Штаты, падобна, пачалі прымаць рашэньні і за Эўразьвяз, у тым ліку ў пытаньнях наладжваньня адносінаў з Беларусьсю”.

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што афіцыйны Менск зрабіў абсалютна нецывілізаваны крок.

(Вячорка: ) “Вельмі добра, што лукашэнкаўскі МЗС зрабіў такі камэнтар. Таму што тут тырчаць іхныя вушы. Яны літаральна да апошніх тыдняў спрабавалі падаваць гледачам БТ і чытачам “Советской Белоруссии”, нібыта паміж ЗША і Эўразьвязам існуюць нейкія адрозьненьні палітыкі стасоўна Лукашэнкі. Няма насамрэч такіх адрозьненьняў ужо даволі даўно. Пазыцыя ўзгодненая і салідарная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG