Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіслачы аштрафавалі зборшчыка подпісаў за А.Мілінкевіча


Радыё Свабода Зборшчык подпісаў Генадзь Радзецкі абвінавачаны ў датэрміновым правядзеньні агітацыі за Аляксандра Мілінкевіча і аштрафаваны за парушэньне заканадаўства аб выбарах на 145 тысяч рублёў.

У рашэньні суду гаворыцца, што падчас збору подпісаў Генадзь Радзецкі, акрамя плякатаў зь біяграфічнымі зьвесткамі А.Мілінкевіча, меў плякат з матэрыяламі аб выніках Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі і тэксты з падзагалоўкам “У нас зьявіўся выбар і зьявілася надзея” — яны якраз маюць агітацыйны характар, пастанавіў суд.

Генадзь Радзецкі не прызнаў сябе вінаватым, ён кажа, што, па-першае, у гэтых матэрыялах адсутнічала якая-кольвек агітацыя, а, па-другое, ён прастаяў толькі некалькі хвілінаў на міні-рынку, як да яго адразу падышлі міліцыянты і сканфіскавалі партрэт Аляксандра Мілінкевіча і плякат з аўтабіяграфіяй. Дарэчы, тэксты з загалоўкам “У нас зьявіўся выбар і зьвілася надзея” былі на адваротным баку пляката з аўтабіяграфіяй. Кажа Генадзь Радзецкі:

(Радзецкі: ) “Я нават не пасьпеў яшчэ сустрэць ніводнага чалавека, нават не пачаў збору подпісаў, а мяне ўжо пазбавілі гэтай магчымасьці”.

Генадзь Радзецкі прыйшоў сёньня ў суд са сваім сябрам Юр’ем Глебікам, без адваката. Абодва перакананы, што справу іх сфабрыкавалі, і ніякія адвакаты не змаглі б дапамагчы. Кажа Юры Глебік:

(Глебік: ) “Што тут хацець ад гэтага рашэньня, яно заранёў было прадвызначана. Мы тут нічога не зрабілі б і зь дзесяцьцю адвакатамі. Так камусьці трэба, хутчэй за ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG