Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міністар працы Мурава... забылася сказаць, у колькі разоў падняўся рэальны заробак, у колькі разоў падняліся кошты!"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 3 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Прайшоў год зь дня перамогі каляровых рэвалюцыяў у Грузіі, Украіне і Кыргызстане. Ужо можна падвесьці нейкія вынікі. У Грузіі – сем даляраў пэнсія, павальнае зьбядненьне народу. Ва Ўкраіне ў сем разоў зьнізіліся тэмпы росту валавага ўнутранага прадукту, з 14% да 2%. Украіна перажыла газавы крызыс, цукровы крызыс, бэнзінавы крызыс і г.д. Пра Кіргізію няма чаго казаць – падпалы, бандытызм, крадзяжы і г.д. А цяпер пытаньне і да карэспандэнтаў “Свабоды” і да беларускага народу. У выпадку перамогі Мілінкевіча, ці варта беларусам губляць усё тое, што мы на сёньня маем, на лёзунг “Нищий, но свободный!”, ці на права, каб Сярэдзіч мог друкаваць і выдаваць “Народную Волю” і паўсюль, дзе хацелі маглі б праводзіць свае мітынгі Лябедзька і Вячорка? Падумайце пра гэта і адкажыце, калі хопіць сьмеласьці”.

(Спадар: ) “Цікавыя рэчы адбываюцца на вашай хвалі. Колькі дзён таму па "Свабодзе" прагучаў адказ на маё пытаньне пра так званую датэрміновую агітацыю. Здаецца, тлумачэньне даваў нехта з Хэльсынскага камітэту. І што пакараньне за такое парушэньне можа быць або папярэджаньне, або нават нерэгістрацыя кандыдата. І ўсё. Але вось пачуў вашае сёньняшняе паведамленьне аб пакараньні штрафам зьбіральніка подпісаў у Ашмянах. Пагадзіцеся, што тут нейкая, так бы мовіць, нестыкоўка. Спадзяюся дачакацца ад вас кампэтэнтнага рэагаваньня”.

(Міхаіл Леках:) “Я хацеў бы дакрануцца заявы спадара Мілінкевіча, якое 15 хвілін таму я пачуў у перадачы “Нямецкай хвалі”. Кандыдат у прэзыдэнты, рэйтынг якога літаральна 3 %, заявіў наступнае: “Выбары будуць фальсыфікаваныя. Ніхто галасы лічыць ня будзе”. Гэта заява ня проста чалавека лжывага, гэта заява правакатара, якому ня толькі няма чаго рабіць на пасадзе прэзыдэнта, а які проста згубіў рэшткі сумленьня! Я разумею, што мала шансаў, што вы гэта перадасьцё”.

(Спадар: ) “Я зь цікавасьцю сачыў за дыскусіямі наконт прапановы народнага галасаваньня і хачу задаць пытаньне. Я мала што ведаю пра гэта, але хацелася б ведаць больш. Дзе браць тыя бюлетэні ці як іх рабіць? І куды адвозіць бюлетэні, якія выдасьць выбарчая камісія?”

(Мікалай Бельскі: ) “Вы кажаце: “Пэнсію дае, агароды малоціць, дарогу расчысьціў, моцна нас абараняе, ліхтар вось павесіў”. Такім чынам, галоўнае для вёскі ён зрабіў. А дробязі? Карыта вось цячэ”.

(Спадар: ) “Па некаторых пытаньнях вы добра інфармацыю даяце. А вось якія вашыя камэнтары па гэтым пытаньні? Учора па тэлебачаньню выступала міністар працы Мурава. Яна казала, што за гэтае слаўнае дзесяцігодзьдзе ў колькі разоў падняўся заробак у працаўнікоў. Але яна забыла сказаць, у колькі разоў падняўся рэальны заробак, у колькі разоў падняліся кошты! Кошты сталі вар’яцкія на ўсе прадукты, на ўсе вырабы, на ўсе паслугі! Вось параўнай, а потым глянем, ці падвысіўся заробак ці не!

Ці вось, напрыклад, Аляксандар Рыгоравіч добрую ідэю праводзіць “аднаго вакна”. Вось сутыкнуўся і я. Бабульку не ўстройвае чацьверты-пяты паверх бяз ліфту, хоча ніжэй, хацела гэту кватэру прадаць, новую набыць. Дудкі! Тубэркулёзам вы захварэеце – ніякага вакна няма! Толькі за адну паперку, якая каштавала 1 200 даляраў, а з новага году 1 500 каштуе! За што? Вось вам, Аляксандар Рыгоравіч, права аднаго вакна! Дзе ўзяць гэтыя 1 500 даляраў?

Ці вось Чаргінец, былы футбаліст, потым міліцыянт, а цяпер дэпутат і кіраўнік нейкай там групы. Дык яго цяпер як прыма-балерыну ўвесь час па тэлебачаньню паказваюць. Вось бярэ ён інтэрвію ў нейкага пісьменьніка. Дык пісьменьнік кажа, што стараецца пісаць творы лёгкія, не загрувашчваць іх, бо людзі і так не салодка жывуць. А ён перабівае: “Як не салодка?! Ты паглядзі, колькі ў нас у рэспубліцы машын на кожнага чалавека!” А ты паглядзі, спадар Чаргінец, што гэта за машыны! Уся Эўропа скінула нам за капейкі нягодныя машыны, і вось беларусы нахапалі іх. А гэтыя машыны толькі паветра забруджваюць ды сапсуюць здароўе людзям. Які ж гэта дабрабыт? Варта сьмеху! Гэта ён знайшоў паказьнік дабрабыту і добрага жыцьця беларусаў. Сьмешна!

І яшчэ хачу дадаць наконт аднаго вакна – гэта жахліва! Гэта ж проста генацыд супраць народу! Усе рвуць: кожнае міністэрства, кожнае ведамства, самі прызначаюць, самі падвышаюць, усё што хочуць, тое і робяць. Гэта як у тым анэкдоце: “Нічога, што ў твайго мужа маленькі, затое ён чалавек добры”. Вось так! Нічога што гадасьці, затое беларусы добрыя людзі!”

(Уладзімер: ) “Наконт пытаньня, колькі грошаў вам трэба на месяц, каб нармалёва жыць. Напрыклад, мне патрэбна, як мінімум, 1000 даляраў, і таксама маёй жонцы, каб нармалёва жыць, забясьпечваць дачок і нешта зь сябе ўяўляць. Але насамрэч у нас ледзь-ледзь на дваіх атрымоўваецца 600 даляраў, а часам і менш, на месяц. Тое-сёе ўдаецца зэканоміць, дзякуючы здароваму ладу жыцьця, напрыклад, амаль адсутнасьцю вопраткі ў хатніх умовах, загартоўцы, памяншэньню спажываньня цёплай вады. Але гэта частковая эканомія, яна ня можа пакрыць усе магчымыя выдаткі. Таксама эканомія за кошт таго, што мы амаль не зьвяртаемся за лекамі, да лекараў. Але гэта вельмі мала. Патрэбны рост рэальных заробкаў, а гэтага няма. У нас дайшло нават да таго, што калі чалавек атрымоўвае 300 даляраў у месяц, то ён лічыцца ледзь не прадстаўніком сярэдняй клясы і забясьпечаным чалавекам. Але тыя, хто так мяркуе, ня ведае, пра што яны гавораць, на жаль”.

(Мікалай Бельскі: ) “Чым глыбей акунаюся ў палітыку, тым больш на ўспамін прыходзяць казкі. Дарослыя мы, неяк усьвядомілі, а груз амаль што не зьмяніўся. Толькі і бачым паплавок плястмасавы. Таму пытаньне. Хто і чаму не дазваляе належным чынам разгледзець дзіцячыя казкі? Яны бліжэй да паверхні, а дробная рыба яшчэ не ачуняла. Ды хутка вясна. Другое. Калі ачуняе яна, як доўга ў нашым вадаёме будзе чароўная залатая рыбка?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG