Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі плянуюць страйк


Радыё Свабода Дробныя прадпрымальнікі падчас Усебеларускага народнага сходу зьбіраюцца правесьці ў шэрагу рэгіёнаў страйк з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі. Пра гэта было заяўлена на нарадзе актывістаў прадпрымальніцкага руху, якая прайшла сёньня ў Менску.

У нарадзе бралі ўдзел прадпрымальнікі Менску, Гомеля, Рэчыцы, Барысава й іншых рэгіёнаў. Яны абмеркавалі цяперашнюю сытуацыю ў дробным бізнэсе.

Выступоўцы назвалі пэрспэктывы дробнага бізнэсу ў Беларусі змрочнымі. Адказнасьць за гэта, на іх думку, нясе цяперашняя ўлада на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Прагучала ініцыятыва выказаць пратэст ягонай палітыцы ў часе правядзеньня ў Менску Ўсебеларускага народнага сходу, які пройдзе 2–3 сакавіка.

Актывіст прадпрымальніцкага руху з Барысава Ігар Леднік:

(Леднік: ) “Мы будзем прапаноўваць прадпрымальнікам такі сцэнар. Правесьці 2–3-га страйк. У тыя дні, калі абвешчаны Ўсебеларускі сход. Чаму 2–3-га? Усім зразумела, што на гэтым сходзе прагучыць падтрымка першай асобы дзяржавы. Але ўжо ёсьць меркаваньне, што гэты грамадзянін ня мае права ўдзельнічаць у выбарах і ня будзе на гэтым сходзе ніводнага прадпрымальніка. І тут ня будзе гучаць голас у абарону прадпрымальніцкага руху”.

Паводле большасьці ўдзельнікаў, леташняя ініцыятыва ўраду, зьвязаная з увядзеньнем падатку на даданую вартасьць (ПДВ) для прадпрымальнікаў, рэзка пагоршыла іхны дабрабыт.

Лідэр менскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “На сёньняшні дзень падатковы цяжар у мяне павялічыўся ў два з паловай разы. У некаторых – у 1,6 разы ў параўнаньні з падаткамі да 1 жніўня. У сувязі з уплатай гэтага фіксаванага ПДВ. Прэзыдэнт прыйшоў на рынак і сказаў, што мы кампэнсуем вам амаль цалкам ПДВ за кошт зьмяншэньня арэнднай платы. На сёньняшні дзень гэта адбылося? Не адбылося! Хлусьня”.

Паводле лідэра сьветлагорскіх прадпрымальнікаў Анатоля Зьмітровіча, у сфэры дробнага бізнэсу назіраецца тэндэнцыя да ўзмацненьня рэпрэсіўных дзеяньняў. У прыватнасьці, апошнім часам тут падвысіліся памеры штрафных санкцыяў:

(Зьмітровіч: ) “У нас штрафныя санкцыі 50, 150, 500 базавых велічыняў. За неістотныя парушэньні. Вельмі многія пакутуюць прадпрымальнікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG