Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Косьцін: "сабраная колькасьць подпісаў за Лукашэнку — рэальная"


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў “Свабоды” адказваюць прэс-сакратар ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін, адказны сакратар ЦВК Мікалай Лазавік і супрацоўнік польскай судавэрфі Мацей Пракаповіч.

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся да спадара Лазавіка. Ці можа Лукашэнка перад выбарамі сабраць усіх кандыдатаў за круглым сталом і правесьці тэледэбаты?”

Пытаньне аб тэледэбатах адрасавалі адказнаму сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку:

(Лазавік: ) “Парадак выдзяленьня эфірнага часу і фармат выступаў вызначае ЦВК. Гэта адпавядае Выбарчаму кодэксу. Пакуль яшчэ пастанова ЦВК па гэтым пытаньні не прынятая, таму я не магу сказаць, як гэта будзе вырашана. Але ў найбліжэйшы час гэтае пытаньне будзе разгледжанае. Пакуль што ўзаемных узгодненых заявак не паступала. На мінулых выбарах некаторыя кандыдаты жадалі ўступіць у дэбаты зь некім са сваіх апанэнтаў, але ўзаемнай згоды не было, таму кандыдаты выступалі індывідуальна”.

* * *

(Спадар: ) “Мяне зьдзівіла, як вы адказалі на цікавае пытаньне пра тое, што немагчыма было з такой ініцыятыўнай групай, як у Лукашэнкі, сабраць столькі подпісаў. Простага адказу так і не прагучала, ці магчыма сабраць так шмат подпісаў. Звычайна ўлады, калі праводзяць кампанію — напрыклад, падпіску на газэты, узнагароджваюць сваіх перадавікоў. Мне здаецца, і цяпер паміж сабой яны вызначаць перадавікоў і будуць іх адзначаць”.

Адказвае прэсавы сакратар ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін:

(Косьцін: ) “Ініцыятыўная група складае 6212 чалавек. Да прыкладу, у мінулы чацьвер я проста пад’ехаў да адной з групаў ля ўнівэрмагу “Беларусь” і блізкага кірмаша і пабачыў, што за пятнаццаць хвілінаў падышлі 4—5 чалавек. Гэта было а 15-й. Ня самы зручны час, ня так шмат людзей. Але можна падлічыць, колькі людзей падыходзяць цягам дня. Гэта цалкам рэальна было сабраць, рэальная лічба. Мы працавалі ў рамках дзейнага заканадаўства. Кожны сябар ініцыятыўнай групы павінны быў на запатрабаваньне прад’явіць пасьведчаньне. Я сам праводзіў неафіцыйную інспэкцыю і даведаўся, што ўсё ў рамках закону”.

Ініцыятыўная група А.Лукашэнкі колькасьцю 6212 чалавек падала, паводле ЦВК, 1 мільён 905 тысяч 637 подпісаў. На аднаго зборшчыка прыпадае 306—307 подпісаў. На кожнага зборшчыка подпісаў за найбліжэйшага канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандра Мілінкевіча, прыпадала каля 39 подпісаў.

Спадар Косьцін выказаў гатовасьць адказаць на доказныя абвінавачаньні ў выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу ініцыятыўнай групай Лукашэнкі.

Сябры групы А.Лукашэнкі сьцьвярджаюць, што ўзнагародаў і выплатаў не прадугледжана, група працуе на валянтэрскай аснове.

* * *

Андрэй Зуеў з Быхава пытаецца: “Ці праўда, што суднавэрф у Гданьску запрашае беларусаў на працу?”

Супрацоўнік інфармацыйнага аддзелу Гданьскай суднавэрфі Мацей Пракаповіч адказаў: “Калі вядзецца пра замежнікаў, то мы наймаем замежныя фірмы, а грамадзянаў — не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG