Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ацэньваюць замежныя візыты А.Мілінкевіча ўлады і штабы супернікаў?


Радыё Свабода Сустрэчы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ў Варшаве, Брусэлі, Бэрліне адбываюцца на самым высокім узроўні, які дагэтуль быў немагчымы для палітыкаў зь Беларусі, у тым ліку і для дзейнага кіраўніцтва. Як на гэта рэагуюць прадстаўнікі ўладаў і патэнцыйных супернікаў?

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў пра кантакты Аляксандра Мілінкевіча ў Эўразьвязе заявіў:

(Папоў: ) “Нам гэтыя кантакты падаюцца трохі нелягічнымі, шчыра кажучы, з пункту гледжаньня абмеркаваньня на дадзеным этапе падрыхтоўкі візыту ў нашу краіну прадстаўнікоў Генэральнага сакратарыяту Эўразьвязу і Эўракамісіі”.

Сябра камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі ня бачыць у замежных візытах Аляксандра Мілінкевіча чагосьці незвычайнага і не разглядае іх як умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі, пакуль там не прымаюць выніковых рашэньняў супраць дзейнай улады:

(Красуцкі: ) “Гэта, хутчэй за ўсё, такое перадвыбарчае шоў, якое адбываецца ў рамках выбарчай кампаніі. Калі б яе не было, то думаю, што наўрад ці Мілінкевіча хтосьці дзесьці прыняў бы”.

Спадар Красуцкі перакананы, што ўплыву на саму кампанію гэта мець ня будзе. Даведацца думку на гэты конт патэнцыйных канкурэнтаў Мілінкевіча не ўдалося. Аляксандар Казулін сам ад’ехаў у нейкую паездку — праўда, адрозна ад Мілінкевіча, ён захоўвае ў таямніцы свае маршруты. Аляксандар Лукашэнка для недзяржаўнай прэсы недаступны, а Сяргей Гайдукевіч спыніў кантакты з прэсай да рэгістрацыі — прынамсі, на наступныя два тыдні:

(Гайдукевіч: ) “Да рэгістрацыі мяне кандыдатам на прэзыдэнта мы ніякім сродкам інфармацыі інтэрвію даваць ня будзем”.

Прэсавы сакратар ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін так пракамэнтаваў тое, што Аляксандра Мілінкевіча ў Эўропе прымаюць на найвышэйшым узроўні:

(Косьцін: ) “Калі ёсьць такая магчымасьць, хай едзе, хай пабачыць сьвет”.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу іншага патэнцыйнага канкурэнта Мілінкевіча Мечыслаў Грыб мяркуе, што, прымаючы Мілінкевіча, у Эўразьвязе такім чынам падтрымліваюць дэмакратызацыю Беларусі:

(Грыб: ) “Я думаю, каб і Казулін туды езьдзіў, то яго таксама прымалі б на такім высокім узроўні — напрыклад, калі ён паехаў на зьезд сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, то яго прывітаў Бразаўскас, старшыня партыі і прэм’ер-міністар Літвы”.

Гл. таксама • Старшыня Эўракамісіі сустрэўся зь Мілінкевічам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG