Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб пераадолець раскол у дэмруху, трэба стварыць Кодэкс Чэсьці беларуса...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 2 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лявон Валуй: ) “Вельмі хацелася б, каб неяк рэфармавалася гэта наша “Свабода”. Таму што зацыкленасьць яе ўжо назіраецца пэўна столькі, колькі я яе слухаю. А слухаю я яе можа ўжо 20 год.

Ёсьць, так бы мовіць, фармат рускага Радыё Свабода, і ў гэтым фармаце ёсьць ня проста “Званкі на Свабоду”, калі рэдактары выбіраюць са званкоў слухачоў на аўтаадказьнік тое, што можна даць у эфір, а што нельга. А проста сабралі разумных людзей у ранішнім прамым эфіры, добра было б, каб і вячэрні прамы эфір быў. І вось я тэлефаную суразмоўцу, які сядзіць на Радыё Свабода і выказваю сваю думку. А то мне ў прынцыпе ня хочацца тэлефанаваць на аўтаадказьнік, прынцыпова не хачу, таму што даўно ўжо ня веру і проста гутару зь нейкім робатам. Вось такое адчуваньне. Зрабіце вось такую рэформу на “Свабодзе”!

Зараз па Радыё Свабода ідзе інфармацыя аб тым, што будзе на Беларусь трансьліравацца нейкі тэлевізійны сыгнал, нейкая тэлевізійная праграма. Таксама адкрываецца новая радыёстанцыя, якую будзе інфармаваць беларусаў. Інфармацыя будзе аб’ектыўная і сучасная пра выбары.

Яшчэ перад новым годам паведамілі, што Польшча плянуе адкрыць 10 сваіх каналаў на спадарожнікавае тэлебачаньне. І на гэтым ўсё – поўнае маўчаньне і ніякай інфармацыі. Дзе? Якія спадарожнікі? А спадарожнікаў каля 30, якія прымаюцца на тэрыторыі Беларусі. І вось зараз паведамілі, што будзе тэлевізійны сыгнал. Як яго злавіць, на якім спадарожніку? – Абсалютна ніякай інфармацыі! Дык навошта ўвогуле ўся гэтая бязглузьдзіца?”

(Спадар: ) “Я зьвяртаюся да спадара Лазавіка. Ці можа Лукашэнка перад выбарамі сабраць усіх кандыдатаў за круглым сталом і правесьці тэледэбаты, каб кожны расказаў, хто ёсьць хто. Альбо Лукашэнка пабаіцца?”

(Міхаіл Леках: ) “На онлайн канфэрэнцыі спадар Мілінкевіч казаў, што апошнія гады ён быў беспрацоўным. І вось у мяне ўзьнікае пытаньне. Спадар Мілінкевіч шмат езьдзіць за мяжу, гэта каштуе вельмі дорага, езьдзіць разам са сваімі людзьмі. Дык за якія грошы яны езьдзяць? Хто фінансуе гэтыя паездкі? Просьба да вашай радыёстанцыі, каб вы расказалі пра гэта, мабыць, каб непасрэдна зьвярнуліся да спадара Мілінкевіча”.

(Спадар: ) “Мяне зьдзівіла, як вы адказалі на цікавае пытаньне аб тым, што немагчыма было з такой ініцыятыўнай групай, як у Лукашэнкі, сабраць столькі подпісаў. Чамусьці запрасілі нейкага стаханаўца, які зьбіраў подпісы за Мілінкевіча. І прамога адказу так і не прагучала, ці магчыма сабраць столкі многа подпісаў.

Але мяне ў гэтай справе зьдзіўляе тое, што звычайна ўлады, калі праводзяць якую кампанію, то і ў іх выяўляюцца свае перадавікі, свае стаханаўцы. Зьдзіўляе тое, што на гэты раз ніякага спаборніцтва не адбывалася. Я маю на ўвазе такога спаборніцтва, якое яны звычайна праводзяць, калі арганізуюць, напрыклад, падпіску на газэты, то там у іх выяўляюцца нейкія перадавікі, якіх яны ўзнагароджваюць. А на гэты раз усё абышлося ціха, толькі як бы яны хацелі задавіць усю грамадзкасьць гэтай неверагоднай лічбай 2 мільёны. Але, мне здаецца, што паміж сабой яны ўсё роўна падбіваюць сваіх перадавікоў і неяк будуць іх адзначаць”.

(Жэрдзеў Анатоль: ) “Па ходу выбарчай кампаніі бачна, што фактычна няма поўнага аб’яднаньня дэмсілаў. А бяз гэтага няма надзеі на посьпех. Чаму ў Беларусі сілы расколу дзейнічаюць свабодна, не сустракаюць адэкватных дзеяньняў супраць гэтага? Расколатыя прафсаюзы, Саюз пісьменьнікаў, Саюз палякаў. Чаму ініцыятыва Казуліна па аб’яднаньню дала слабы вынік? У інтэрвію Віктар Карніенка канстатуе, што дэмсілы ўжо шмат чаго страцілі з расколам. А дзе яго прапановы па барацьбе зь сіламі расколу? Ён жа не навічок у дэмруху. Дзе канкрэтныя прапановы лідэраў па ліквідаваньню дзіцячых хваробаў дэмруху? Гэтую праблему ўсе яны неяк абыходзяць бокам: альбо лічаць яе няўтульнай, альбо ня вартай іх увагі.

У сувязі з гэтым хачу выказаць свае прапановы. Патрэбны Кодэкс Чэсьці беларуса. Ён павінен быць распрацаваны спэцыялістамі і вынесены на абмеркаваньне грамадзтва. Канчатковы варыянт гэтага кодэксу павінен быць прыняты на канфэрэнцыі прадстаўнікоў партыяў і рухаў. Пасьля чаго ён павінен быць адобраны ў кожнай партыі і руху адпаведна са статутам партыі альбо руху. Адначасова павінен быць створаны Суд Чэсьці і зацьверджаны аналягічна. Гэты крок неабходны, каб сілы расколу былі прыбітыя да ганебнага слупа з дапамогай незалежных сродкаў масавай інфармацыі, каб ачысьціць дэмрух ад цьвілі, якая дапамагае расколваць дэмсілы”.

(Спадарыня, Ліда: ) “Мы хочам, каб у нас зьмянілі гімн на беларускі “Магутны Божа” – такі добры гімн, якія добрыя словы! Вось гэта будзе вельмі добрая падтрымка для нашай краіны Беларусь”.

(Федарук, Кобрын: ) “Заўжды вітаю “Свабоду”. У мяне пытаньне. Спадар Мілінкевіч, хто ён па адукацыі: юрыст, эканаміст, гісторык, мабыць, вайсковец ці таксама калгасьнік?”

(Спадар:) “Хлопец казаў, як жыць католікам, у якіх Бібліі няма. Як гэта няма? І ў каталікоў таксама ёсьць Біблія!

А што тычыцца выхаваньня дзяцей, то нельга ні ў ніякім разе іх дзяліць. Атрымоўваецца так, што калі выхоўваюць першага, гэта перадаецца другому, трэцяму і г.д. У нашай сям’і было 8 чалавек, нікога не дзялілі, і старэйшыя заўжды былі прыкладам для малодшых. Атрымалася, што ўсе добра выхаваныя, маюць вышэйшую адукацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG