Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ разглядае пытаньне іранскай ядзернай праграмы


Радыё Свабода Сёньня ў Вене на надзвычайным пасяджэньні рады Міжнароднага агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ) будзе абмяркоўваецца, ці перадаваць пытаньне аб іранскай ядзернай праграме на разгляд Рады Бясьпекі ААН.

Скліканьне надзвычайнага пасяджэньня рады МАГАТЭ выкліканае тым, што дыпляматычныя высілкі заходніх краінаў пераканаць Іран адмовіцца ад сваіх ядзерных амбіцыяў не далі плёну. Спачатку ЗША і Эўразьвяз паставілі пад сумнеў заявы Тэгерану, што яго ядзерная праграма Ірану мае выключна мірныя мэты.

Ад імя Эўразьвязу перамовы з Іранам вялі Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына, аднак, беспасьпяхова. На пачатку году Тэгеран заявіў, што ён аднаўляе працы дзеля ўзбагачэньня ўрану. І ўжо 9 студзеня Іран зьняў плёмбы з абсталяваньня на ядзерным заводзе ў Натанзе. Пасьля гэтага Захад упершыню заклікаў ўмяшацца ў канфлікт Раду Бясьпекі ААН. Расея і Кітай, якія раней выступалі супраць перадачы іранскага дасье ў Раду Бясьпекі ААН, у гэты панядзелак разам зь яшчэ трыма сталымі сябрамі Рады -- Вялікай Брытаніяй, ЗША і Францыяй - выказаліся ўжо ў падтрымку гэтага рашэньня. Учора ў штогадовым звароце да нацыі прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў “народы сьвету не дазволіць Ірану авалодаць ядзернай зброяй”.

Праект рэзалюцыі, які сёньня абмяркоўвае кіраўніцтва МАГАТЭ, падрыхтавалі Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына. Дакумэнт заклікае Іран прыпыніць працы, зьвязаныя з узбагачэньнем урану, і пагадзіцца на супрацоўніцтва з інспэктарамі ААН. Калі Іран адмовіцца выканаць гэтае патрабаваньне, яго дасье павінна быць перададзенае ў Раду Бясьпекі ААН. Затым у сакавіку ў Вене будзе абнародавана справаздача МАГАТЭ пра захаваньне Іранам рэжыму нераспаўсюджваньня. І далей ўжо магчымыя санкцыі Рады Бясьпекі ААН.

У адказ Іран пагражае ўжо ў гэтую суботу спыніць супрацоўніцтва з МАГАТЭ і вярнуцца да поўнамаштабнай прамысловай праграмы ўзбагачэньня ўрану. Вось апошняя заява прадстаўніка Ірану ў МАГАТЭ Асгара Салтані.

(Салтані: ) “Калі гэта памылка будзе зроблена, на наступны дзень мы пачнём узбагачэньне і дойдзем да вялікага маштабу, 50 тысяч машын, каб вырабіць тоны ўзбагачанага ўрану.”

А крыху раней іранскі міністар абароны нават заявіў, што калі хто-небудзь нападзе на ядзерныя аб’екты Ірану, дык Тэгеран імгненна адкажа ўдарам на ўдар. Учора ў часе сустрэчы зь міністрам замежных справаў Ірану Манучарам Матакі кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Вялікай Брытаніі Джэк Стро заклікаў Іран устрымацца ад пагрозаў. Напярэдадні прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр зьвязаў ядзерныя амбіцыі Тэгерану зь яго іншымі выклікамі міжнароднай супольнасьці.

(Блэр: ) “З улікам таго, што Іран робіць – гэта значыць, ня толькі парушае абавязаньні адносна ядзернай зброі, але яшчэ і экспартуе тэрарызм і парушае правы чалавека - ў гэтай сытуацыі цяпер вельмі важна сказаць Тэгерану: вы павінны захоўваць міжнародныя абавязаньні і мы ўсе патрабуем гэтага.”

Чакаецца, што праект рэзалюцыі будзе пастаўлена на галасаваньне рады МАГАТЭ, у якую ўваходзяць прадстаўнікі 35 краінаў, сёньня ці заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG