Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і калі пачне тэлевяшчаньне пераможца тэндэру Эўракамісіі RTVi?


Радыё Свабода Інфармацыя пра пачатак новага тэлевяшчаньня для Беларусі зьявіцца ў СМІ прыкладна праз два тыдні, паведаміла “Свабодзе” крыніца ў маскоўскім бюро RTVi —тэлеканалу, які ў кансорцыюме зь нямецкім холдынгам “Media Consulta”, польскім “European Radio”, “Балтыйскімі хвалямі” зь Літвы і журналісцкімі сіламі зь Беларусі выйграў адмысловы тэндэр Эўракамісіі.

Як перадавалі раней з Брусэлю, праект мусіць стартаваць у лютым — праўда, канкрэтнай даты пачатку вяшчаньня не называюць. Пакуль не ўдакладняюць дэталяў і на RTVi.

(Супрацоўніца RTVi: ) “Перамовы ідуць, усё ў працэсе, ніякіх кантактаў з адказнымі асобамі я вам даць не магу. Усё гэта мусіць завяршыцца за месяц. Калі ўсё пройдзе пасьпяхова, праз два тыдні будзе выпушчаны прэсавы рэліз”.

Тэлекампанія RTVi, альбо RTV International, альбо так званае Ўсясьветнае расейскамоўнае тэлебачаньне распаўсюджваецца праз спадарожнікавыя і кабэльныя тэлевізійныя сеткі, а таксама ў Інтэрнэце. Яго можна глядзець на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі, а таксама ў Эўропе, Амэрыцы, на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Афрыцы і Аўстраліі.

Ад 17 студзеня тэлекампанія пачала інфармацыйнае вяшчаньне ў новым фармаце. На пачатку кожнай гадзіны выходзіць 6-хвілінны выпуск міжнародных навінаў. Навіны рыхтуюцца ў маскоўскай і нью-ёрскай студыях. Паводле галоўнага рэдактара маскоўскага бюро, колішняга журналіста тэлеканалу НТВ Андрэя Норкіна, гэта дазваляе забясьпечыць няспыннае інфармацыйнае вяшчаньне 24 гадзіны — на ўзор “Бі-Бі-Сі” і “Сі-Эн-Эн”.

Андрэй Норкін лічыць, што гэта вялікі крок наперад для маладога тэлеканалу, які ахоплівае расейскамоўную аўдыторыю ўсяго сьвету.

У маскоўскім бюро RTVi адмовіліся гаварыць пра ўвядзеньне інфармацыйных фрагмэнтаў на беларускай мове й іншыя дэталі новага інфармацыйнага праекту Эўракамісіі. Паведамілі, што ўсё вырашаецца ў галоўным офісе кампаніі ў Лёндане.

На пытаньне, ці праўда, што тэлеканал, паводле неафіцыйнай інфармацыі, належыць Барысу Беразоўскаму, суразмоўца з RTVi адказала, што гэта няправільная інфармацыя.

Тым часам прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Удвін у кароткай размове са “Свабодай” распавяла пра некаторыя дэталі будучага інфармацыйнага праекту:

(Удвін: ) “Мы пачнём з праграмаў у жывым эфіры, прысьвечаных выбарам. Гэта на самым першым этапе. Калі ж праект набярэ моц, радыёпраграмы будуць штодзённымі, а тэлевізійныя — штотыднёвымі. Вяшчаньне будзе на абедзьвюх мовах — беларускай і расейскай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG