Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Эўракамісіі сустрэўся зь Мілінкевічам (абноўлены)


Радыё Свабода Старшыня выканаўчага органу Эўрапейскага Зьвязу Мануэл Барозу 1 лютага сустрэўся сам-насам з патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам. Мануэл Барозу прывітаў аб''яднаньне беларускіх дэмакратычных сілаў і выказаў спадзяваньне, што сёлета Беларусь стане свабоднай краінай.

Мануэл Бароза мяркуе, што адносна Беларусі Эўропа павінна выпрацаваць спэцыяльны падыход. Спадар Барозу паведаміў, што ён прапануе зьмяніць эўрапейскія падыходы таму, што ў Беларусі ўвесь час парушаюцца асноўныя правы і свабоды чалавека. Кіраўнік Эўракамісіі дадаў, што ён добра разумее беларускіх дэмакратаў, паколькі ў свой час ягоная родная Партугалія была пад уладай дыктатара Салазара.

Пасьля сустрэчы з кіраўніком Эўракамісіі Аляксандар Мілінкевіч сказаў:

(Мілінкевіч: ) "Гэта была канфідэнцыяльная размова сам-насам, нават без перакладчыка. І гэтая сустрэча надзвычай важная для нас. Эўрапейская камісія выдатна разумее праблемы Беларусі. Яна будзе пашыраць свае праграмы: і для грамадзянскай супольнасьці, і для моладзі, і для іншых. Мы – у цэнтры ўвагі, і гэта самае галоўнае".

На такім высокім узроўні беларускую апазыцыю, і наагул беларускіх палітыкаў, ужо вельмі даўно не прымалі ў Эўропе. Аляксандар Мілінкевіч так тлумачыць гэты пералом:

(Мілінкевіч: ) "Я думаю, што ў іх зьявіўся аптымізм у тым, што на Беларусь можа вярнуцца дэмакратыя. Раней было занадта многа пэсымізму. Аптымізм зьявіўся дзякуючы той вялікай працы, якую зрабіла аб''яднаная дэмакратычная кааліцыя. Яны паверылі, што сытуацыю ў Беларусі можна зьмяніць не ў неакрэсьленай будучыні, а ў самы найбліжэйшы час".

Аляксандар Мілінкевіч, адрозна, прыкладам ад Анатоля Лябедзькі ці Яраслава Раманчука, якіх ужо вельмі добра ведаюць у Эўропе, адносна новы твар на эўрапейскай палітычнай сцэне. Сваім уражаньнем ад візыту Мілінкевіча з нашым радыё падзяліўся сябра Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Богдан Кліх:

(Кліх: ) "У мяне вельмі добрыя ўражаньні ад учорашняй і сёньняшняй сустрэчы з панам Мілінкевічам у Эўрапейскім парлямэнце. Па-першае, ён вельмі адкрыты для дыялёгу. І яшчэ – ён мае вялікую сілу перакананьня і зьяўляецца аптымістам. А гэтыя тры якасьці вельмі цэняцца на палітычным рынку. Аляксандар Мілінкевіч вельмі зацікавіў Камітэт у міжнародных справах Эўрапарлямэнту, розныя фракцыі, і вельмі важна, што ён меў і будзе мець і сустрэчы з усімі, хто мае нейкі ўплыў у Эўрапейскім парлямэнце".

Сёньня беларуская дэлегацыя сустрэлася з былым прэм''ерам Украіны Юліяй Цімашэнкай, якая таксама знаходзіцца цяпер у Брусэлі. Спадарыня Цімашэнка заявіла пра неабходнасьць стварэньня аб''яднанай дэмакратычнай апазыцыі Беларусі і Ўкраіны, каб разам змагацца за дэмакратычныя эўрапейскія каштоўнасьці.

1 лютага, акрамя сустрэчаў у Эўрапарлямэнце, Аляксандар Мілінкевіч даў шмат інтэрвію журналістам самых разнастайных мэдыяў: ад заходнеэўрапейскіх да расейскіх і японскіх.

Ранкам 2 лютага беларуская дэлегацыя на чале са спадаром Мілінкевічам накіроўваецца ў Бэрлін, дзе таксама заплянаваныя шэраг размоваў на самым высокім узроўні, у прыватнасьці з Фэдэральным канцлерам Ангелай Мэркель, якая і запрасіла Аляксандра Мілінкевіча ў Бэрлін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG