Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне у выбаркамах апазыцыі ня будзе


Радыё Свабода На Гомельшчыне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі не ўключылі прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў і ініцыятыўных групаў, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Пра гэта сьведчаць першыя публікацыі ў мясцовым друку сьпісаў участковых камісіяў.

У Сьветлагорску, паводле паведамленьня старшыні абласной арганізацыі БНФ Віктара Раманішкі, у склад участковых выбарчых камісіяў прапаноўвалася 16 прадстаўнікоў палітычных партыяў. Большасьць іх накіроўвалі ў камісіі шляхам збору подпісаў. Вылучэнцы пазначалі ў заявах сваю прыналежнасьць да партыяў, хаця выбарчае заканадаўстава гэтага не патрабуе. Аднак ні адзін прадстаўнік апазыцыйных партыяў ва ўчастковыя камісіі ня трапіў.

Загадчык арганізацыйнага аддзелу Сьветлагорскага райвыканкаму Ўладзімер Кукар кажа на гэта:

(Кукар: ) “Заяваў было вельмі шмат. У нас на 753 месцы ў камісіях вылучылася 905 прадстаўнікоў і 61 прадстаўнік райвыканкаму. Таму перад выканкамам стаяла складаная задача”.

У Гомелі ва ўчастковыя камісіі чатырох раёнаў Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя камуністаў Беларуская накіравалі 79 сваіх прадстаўнікоў. Яшчэ шэраг актывістаў вылучаліся ў камісіі праз подпісы грамадзянаў. Як стала вядома, ва ўчастковых камісіях у Цэнтральным, Савецкім, Чыгуначным раёнах апазыцыйных партыйных актывістаў няма. Ад камэнтароў у адміністрацыях звычайна адмаўляюцца:

(Нікалаева: ) “А чаму мы павінны гэта тлумацыць? Адміністрацыя прымае сваё рашэньне, вызначае колькасьць і якасны склад камісіяў”, — заявіла, у прыватнасьці, кіраўніца арганізацыйнага аддзелу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомелю Натальля Нікалаева.

Дарэчы, выканаўчыя структуры не паведамлялі ні партыйным арганізацыям, ні асобным дэмакратычным актывістам, калі будзе прымацца рашэньне наконт пэрсанальнага складу ўчастковых камісіяў.

За вылучэньне Івана Адаменкі ў камісію №50 падалі подпісы 14 жыхароў Чыгуначнага раёну. Спадар Адаменка мае досьвед працы ва ўчастковай камісіі. І вось сёньня ён даведаўся, што ўчастковыя камісіі ў Чыгуначным раёне ўжо сфармаваны, у тым ліку і камісія №50. Але яго там няма:

(Адаменка: ) “Канечне, ім нецікава ўключыць у камісію тых людзей, якія будуць нешта кантраляваць. Людзі, якія “засьвечаны” на мінулых выбарах, якія актыўную пазыцыю займалі, зьвярталіся ў пракуратуру, такія людзі ім там не патрэбны. Нейкая хлусьня там будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG