Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кім лічаць сябе жыхары Беларусі — эўрапейцамі ці савецкімі людзьмі?


Уладзімер Глод, Менск Такое пытаньне задалі Аляксандру Мілінкевічу ў Брусэлі. Беларускі палітык адказаў, што калі трэба выбіраць паміж гэтымі дзьвюма пазыцыямі, дык ён лічыць, што “беларускае грамадзтва пачувае сябе эўрапейскім. Аднак сёньняшнія ўлады цягнуць краіну ў савецкую мінуўшчыну”.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што Эўропа радыкальна мяняе стаўленьне да Беларусі. Такую выснову патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі зрабіў у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода пасьля свайго сёньняшняга выступу на паседжаньні фракцыі Эўрапейскай народнай партыі — самай буйной у эўрапейскім парлямэнце.

1 лютага дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія прадстаўляюць правацэнтрысцкія партыі, сабраліся паслухаць прадстаўніка дэмакратычных сілаў Беларусі і задаць яму пытаньні.

Аляксандар Мілінкевіч чарговы раз выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка ня мае шанцаў перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка, калі яны будуць справядлівымі і вольнымі. І хаця ў Беларусі многія ўпэўненыя, што вынікі будуць сфальсыфікаваныя, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта заклікаў эўрапейскіх парлямэнтароў зрабіць усё ад іх залежнае, каб выбары ў Беларусі былі празрыстыя.

У інтэрвію нашаму радыё спадар Мілінкевіч адзначыў, што Эўразьвяз “цьвёрда стаіць на пазыцыі абароны дэмакратычнай будучыні Беларусі”.

(Мілінкевіч: ) “Ён адназначна ставіць на аб’яднаную беларускую дэмакратычную апазыцыю. Яны ўжо канчаткова расчараваліся ў супрацы з уладай. Раней яны спрабавалі гэта рабіць. Але цяпер, пасьля дзесяці гадоў бессэнсоўных намаганьняў, яны ня бачаць сэнсу працягваць гэта далей. І таму бачаць пэрспэктыву толькі ў дэмакратычных сілах”.

Сярод пытаньняў, якія задавалі Аляксандру Мілінкевічу парлямэнтары з фракцыі Эўрапейскай народнай партыі, было і такое: кім лічаць сябе жыхары Беларусі — эўрапейцамі ці савецкімі людзьмі? Беларускі палітык адказаў, што калі трэба выбіраць паміж гэтымі дзьвюма пазыцыямі, дык ён лічыць, што “беларускае грамадзтва пачувае сябе эўрапейскім. Аднак сёньняшнія ўлады цягнуць краіну ў савецкую мінуўшчыну”.

1 лютага акрамя сустрэчаў у Эўрапарлямэнце Аляксандар Мілінкевіч даў шмат інтэрвію журналістам разнастайных мэдыяў — ад расейскіх да японскіх.

Увечары 1 лютага Аляксандар Мілінкевіч сустракаецца сам-насам з Мануэлам Барозу — старшынём Эўракамісіі, якая ёсьць органам выканаўчай улады Эўразьвязу. На гэтым візыт у Брусэль завершыцца.

А ранкам 2 лютага беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Мілінкевічам вылятае ў Бэрлін, дзе таксама заплянаваны шэраг размоваў на самым высокім узроўні — у прыватнасьці, з фэдэральным канцлерам Ангелай Мэркель.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG