Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускім сілавікам альпінісцкая падрыхтоўка?


Радыё Свабода Пачаліся вучэньні дзьвюх вайсковых частак сталічнага гарнізону. А папярэднічаў гэтым манэўрам вучэбны збор спэцназу ўсіх сілавых структураў, які прайшоў на вайсковай базе пад Віцебскам. Прадстаўнікі арміі, міліцыі, КГБ кажуць пра “дзяжурны” характар вучэньняў, аднак незалежныя экспэрты трактуюць сытуацыю па-іншаму: ідзе падрыхтоўка да блякіроўкі выступаў апазыцыі пасьля 19 сакавіка.

Ад сёньня прыведзеныя ў баявую гатоўнасьць буйныя вайсковыя часткі – брыгады сувязі і аўтамабільная. Абедзьве разьмешчаныя пад Менскам. Для вучэньняў тэрмінова прызваныя каля тысячы вайскоўцаў запасу, а ім у дапамогу з народнай гаспадаркі пастаўлена 60 адзінак транспарту. Якія мэты гэтых манэўраў, і ці не зьвязаныя яны з сакавіцкімі прэзыдэнцкімі выбарамі – наўпрост спытаў я ў кіраўніка прэсавай службы міністэрства абароны Вячаслава Раменчыка.

(Раменчык: ) “Гэта дзяжурнае мерапрыемства, яно праводзіцца ў адпаведнасьці з плянам падрыхтоўкі Ўзброеных сілаў у 2006 годзе. Чым займаюцца вайскоўцы, прызваныя з запасу? Яны ўдасканальваюць веды, якія атрымалі падчас тэрміновай службы, і атрымліваюць новыя, бо тэхніка разьвіваецца. Вось асноўная мэта”.

Аднак варта нагадаць, што днямі на вайсковай базе пад Віцебскам прайшлі зборы спэцназу з усіх сілавых структураў Беларусі: “Алмазу”, які прадстаўляе міністэрства ўнутраных спраў, СОБРу з унутраных войскаў, элітных аддзелаў КГБ, міністэрства надзвычайных сытуацыяў і нават Службы бясьпекі прэзыдэнта. Як было абвешчана, ўдасканальвалася альпінісцкая падрыхтоўка спэцназаўцаў. Паводле заявы прэсавай службы міністэрства абароны, карасканьні па сьценах, падыманьні на дахі па вяроўках з адначасовай стралянінай могуць спатрэбіцца ў антыкрымінальнай ды антытэрарыстычнай барацьбе. А прэзыдэнцкія выбары, нібыта, да гэтай падрыхтоўкі ня маюць ніякага дачыненьня.

Аднак назіральнікі адзначаюць: размовы пра недахоп альпінісцкай падрыхтоўкі спэцназаўцаў загучалі пасьля таго, як часьцейшымі сталі акцыі апазыцыі – вывешваньні расьцяжак на мастах і дахах дамоў, спробы ўсталяваць нацыянальныя сьцягі на адміністрацыйных будынках... Намесьніку старшыні БНФ Віктару Івашкевічу такая сілавая падрыхтоўка нагадвае аналягічныя падзеі пяцігадовай даўніны. Пры гэтым палітык мяркуе, што выбары могуць мець і іншы вынік.

(Івашкевіч: ) “Навізна можа быць у масавасьці апазыцыйных выступаў, а дзеяньні міліцыі аднолькавыя. І калі міліцыю настройваюць на тое, што яны будуць дзейнічаць у нейкім кантакце з маніфэстантамі – гэта натуральна. Праўда, дзіўна, што яны вучацца лазіць па гарах ды па сьценах. Можа, да іх дайшлі чуткі, што мы зьбіраемся захапіць Мірскі замак і трымаць там аблогу да перамогі дэмакратыі?”

Варта нагадаць, што ў студзені ў Менску завялі крымінальную справу супроць апазыцыянэра Зьмітра Касьпяровіча, які спрабаваў усталяваць бел-чырвона-белы сьцяг на будынку Менскага гарвыканкаму. Касьпяровіч быў схоплены міліцыянтамі і цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG