Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з прэтэндэнтаў на прэзыдэнта працягвае ўдзел у выбарчай кампаніі?


Радыё Свабода Колькі прэтэндэнтаў на сёньняшні дзень працягваюць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі? На гэтае пытаньне для нашага радыё адказвалі гарадзенцы.

(Спадар: ) “Засталіся чатыры прэтэндэнты. Магу назваць аднаго, больш за ўсё за яго здалі, — гэта Лукашэнка. Я чуў, за яго больш за мільён подпісаў. Дзе ён толькі іх набраў? Наступны Мілінкевіч — за яго, здаецца, 190 тысяч, не-не, нават болей. А ў астатніх 150—170 тысяч подпісаў”.

(Сталы спадар: ) “На сёньняшні дзень Лукашэнка застаўся і яшчэ нехта адзін, прозьвішча я не скажу. Двое, атрымліваецца. Чаго нам цікавіцца, усё ясна і так, хто будзе прэзыдэнтам — які сэнс час свой марнаваць?”

(Малады спадар: ) “Лукашэнка набраў мільён дзевяцьсот тысяч подпісаў, і ўсяго чатыры чалавекі маюць больш за сто тысяч”.

(Спадар: ) “Дзесьці ў газэце бачыў, хто колькі подпісаў сабраў, “Камсамолка” пісала. Ёсьць такое выслоўе: народ выбірае такога правіцеля, на якой стадыі разьвіцьця знаходзіцца ён сам. Таму мы і выбіраем аднаго з прэтэндэнтаў, зыходзячы з таго, на якой стадыі разьвіцьця мы ёсьць”.

(Сталы спадар: ) “Па-мойму, пяць прэтэндэнтаў засталіся… Не, чатыры. Я ўвогуле чалавек ляяльны, але тое, што ў нас чыніцца, гэта незаконна. Мне, напрыклад, шкада, што я жыву ў эпоху Лукашэнкі. Мне будзе сорамна сказаць сваім унукам, калі яны мяне спытаюць: чаму так усё адбылося? Гавораць, што ў нас усё добра, але чаму тады Лукашэнка гэтак трымаецца за сваю ўладу? Трэба рухацца наперад, трэба асьвяжаць уладу, патрэбна новая кроў. Але ў нас робіцца чорт ведама што”.

(Сталы спадар: ) “Па-мойму, засталіся чатыры чалавекі, аднойчы ў навінах бачыў. Я ўвогуле працую, таму рэдка гляджу тэлевізар. Які ў нас кандыдат? Адзін — усім вядомы, астатніх не відаць, мы ня ведаем нікога больш”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што цяпер засталося пяцёра. Ці ўвогуле чацьвёра, як я чула ўчора? Але неўзабаве можа нікога не застацца, апроч самога Лукашэнкі. Мы падпісваліся за Мілінкевіча, ён наш гарадзенскі, мы яго ведаем канкрэтна, што ён ва ўнівэрсытэце выкладаў. Паспрабуем: а раптам?!”

(Малады спадар: ) “Напэўна, засталіся самыя вартыя. Я ведаю пра былога рэктара БДУ, да нас прыходзілі, мы за яго падпісаліся, таму што трэба даць шанец іншым, каб яны таксама балятаваліся”.

(Дзяўчына: ) “Я ведаю, за каго сама свой голас аддавала, падпісалася, гэта Мілінкевіч. А хто ўвогуле пакуль прайшоў па подпісах, я ня чула”.

(Малады спадар: ) “Прачытаць пра гэтых людзей нідзе няма магчымасьці, я ня ведаю іншых прэтэндэнтаў на месца прэзыдэнта, апроч аднаго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG